Беларус працаваў на будоўлі і ў дастаўцы, а потым вывучыў Java і з'ехаў у Канаду (дапамог TikTok)
За свае 27 гадоў гарадзенец Алег Шылюк паспеў пабываць будаўніком, кур’ерам «e-дастаўкі» і нават адслужыць у войску. У нейкі момант ён зразумеў, што працаваць на будоўлі ў Гданьску або падымаць 15 кіло кавуноў на 9 паверх без ліфта ў Мінску — не зусім тое, чаго ён хоча ад жыцця. Хлопец самастойна вывучыў Java, стаў Backend-распрацоўшчыкам і нядаўна рэлакейтнуўся ў Канаду. Як яму гэта ўдалося — у матэрыяле dev.by.
«Прыйшлося абуць боты і ўзяць у рукі кельму»
Паводле адукацыі Алег — будаўнік. Кажа, гэты выбар за яго зрабілі бацькі, якія верылі, што «Гарадзенскі палітэх — найлепшае месца, куды можна пайсці пасля дзевяці класаў». Ужо на другім курсе Алег зразумеў, што будаўніцтва яму не вельмі і падабаецца. Але «было ўжо позна». Да таго ж у каледжы плацілі «неблагую стыпендыю» — дзесьці ў раёне 300 тысяч старымі.
Пасля вучобы — два гады размеркавання ў мясцовай будаўнічай фірме. Першыя паўгода быў майстрам, але потым справы ў кампаніі пайшлі не надта, і Алегу прыйшлося «абуць боты і ўзяць у рукі кельму». Працаваў на аддзелцы — не пад адкрытым небам, але прыемнага, кажа, было мала.
— Калі зімой у мінус 15 пераапранаешся ў неабаграваным памяшканні на кардонцы, адчуванні як падчас прымеркі на рынку, — жартуе Алег. — Яшчэ не адпрацаваў год, а ўжо канчаткова зразумеў, будоўля — не маё. Бруд, пыл, холад пастаянны.
Паступіў на завочку ў Берасцейскі тэхнічны ўніверсітэт, хутчэй з інерцыі, чым на жаданне. Забралі ў войска (тады якраз быў перыяд, калі адмянілі адтэрміноўкі для завочнікаў). Калі вярнуўся, будаўнічай фірмы, дзе працаваў, ужо не існавала. На час аднавіўся ва ўніверсітэт, але чым плаціць за адукацыю — не разумеў. У выніку забраў дакументы.
— Гэта яшчэ і было пасля дэнамінацыі 2016 года, калі «адрэзалі» нулі, — згадвае Алег. — У войску я не адчуваў росту цэн — там купіць булачку ў буфеце за 80 капеек было верхам мараў. А тут вярнуўся ў рэальнае жыццё, і зусім жорстка стала. Таму вырашыў паехаць на заробкі ў Польшчу.
Але, вядома, усё пайшло не па плане. Па-першае, кажа Алег, у фірме па працаўладкаванні ў Польшчы «ўсё трымалася на слове гонару, ніякіх абавязкаў». Па-другое, ён працаваў у цэнтры Гданьска, а жыў у 30 кіламетрах ад рысы горада. Каб паспець на працу да сямі, даводзілася прачынацца ноччу і гадзіну ехаць на машыне, каб потым працаваць на зімовым марскім ветры. У такім тэмпе Алег вытрымаў тры месяцы, а потым вярнуўся дадому. «Яшчэ і з апошнім заробкам падманулі — даслалі на картку ў тры разы менш. «Тыповыя прыгоды гастарбайтараў у іншай краіне», — падсумоўвае хлопец.
Днём і да ночы — кавуны і мука, раніцай — JavaRush
У Польшчы ўдалося назапасіць крыху грошай. На будоўлю больш не хацелася. Што далей?
Разам з дзяўчынай Алег паехаў у Мінск і ўладкаваўся ў «е-дастаўку». Да гэтага ўяўляў сабе кур’ера як чалавека з кардонкай піцы ў руках, але аказалася, што ты нясеш 15 кіло кавуноў і 20 літраў вады на 9 паверх, бо ў доме не працуе ліфт. «Нашто столькі кавуноў? Я не ведаю! Гэта самае вялікае пытанне ўсіх кур’ераў „е-дастаўкі“ — навошта людзям столькі кавуноў, цукру, мукі і наогул усіх цяжкіх прадуктаў», — эмацыйна кажа ён.
— Думка прапрацаваць усё жыццё ў дастаўцы не радавала. Былі людзі, якія ў «е-дастаўцы» ад самага запуску. 10 гадоў яны носяць гэтыя сумкі з вадой і мукой. Кар’ернага росту ўнутры практычна няма, атрымаць працу ў офісе — як выйграць джэк-пот, бо на 300 кур’ераў умоўна два офісныя месцы (як і на любой нізкааплатнай фізічна цяжкай працы).
У гэты час адразу двое знаёмых Алега «ўвайшлі ў айці» (стрыечны брат і сябар, які да таго служыў паставым у міліцыі). Алег вырашыў таксама паспрабаваць і стаў гугліць ІТ-курсы.
— На вяршыні топу тады была ПВТ-шная IT-Academy. Мяне падкупіла, што яны былі афіцыйнымі партнёрамі EPAM, — кажа Алег.
Навучанне падзялялася на дзве ступені: асновы computer science і праграмаванне на Java. «Асновы» тады каштавалі 210 рублёў і займалі два тыдні. Думаў, дадуць уводзіны ў прафесію, а нам расказвалі, з чаго складаецца камп’ютар. На другую ступень трэба было чакаць два месяцы, пакуль набярэцца група. Я чакаў і працягваў працаваць у другую змену з трох гадзін дня і да поўначы. Кантракт з «е-дастаўкай» вось-вось заканчваўся і я вырашыў, што абавязкова павінны знайсці новую працу.
Так я прыйшоў да JavaRush — платнага набору задач па Java. У асноўным практыка, тэорыю трэба гугліць самастойна. Я купіў падпіску за 30 баксаў на месяц і стаў вучыцца раніцамі. Штодня практычна без выходных і свят, гадзін па 4-5 — проста вырашаў задачкі, адную за адной.
Але мне падабаўся працэс. Калі ты бачыш, што да канца блока засталося ўсяго 10 задачак, то атрымліваеш матывацыю вырашыць іх сёння і пачаць заўтра з новага блока.
«Я нічога не знайшоў і мяне нікуды не ўзялі. Выратаваў LinkedIn»
Адсутнасць профільнага дыплома не бянтэжыла: «Я проста паверыў нейкім ноўнэймам з інтэрнэту, якія казалі, што «насамрэч гэтыя паперкі нічога не значаць», — кажа Алег. Прайшоўшы за тры месяцы прыкладна палову ўзроўняў у JavaRush, ён вырашыў, што пара пачынаць пошукі працы. Вызначаныя ім самім тэрміны падціскалі.
— Я стаў адпраўляць рэзюмэ на пазіцыі стажораў і «трэйні». Але я нічога не знайшоў і мяне нікуды не ўзялі, — кажа Алег. — Свой дэдлайн я празяваў. Пайшоў другі год кантракта ў «е-дастаўцы». Сыходзіць у нікуды не хацелася, таму прыйшлося і далей насіць кавуны.
Калі я крыху збавіў тэмп, то зразумеў, што трэба развіць hard-скілы і англійскую. Так што запісаўся да рэпетытара па англійскай — знайшоў на Italki ўсяго за 4 долары на гадзіну. Пайшоў вывучаць фрэймворкі, бібліятэкі, Git умоўны. То-бок усё, што трэба на пазіцыю джуніяр-распрацоўшчыка — акрамя самой мовы Java (на той момант я лічыў, што ў мяне дастаткова ведаў).
Летам 2019-га ён пахадзіў па сумоўях у Мінску, пачырванеў. Як і любы чалавек, на сваім першым сумоўі «нагарадзіў нейкага глупства і паехаў сумаваць дадому».
— Выратаваў LinkedIn. Нейкі ноўнэйм з інтэрнэту расказаў: «Табе патрэбны LinkedIn, каб стаць крутым праграмістам». Я пачаў масфолавіць людзей — у асноўным з беларускай айцішкі.
Сабраў за лета 3,5К кантактаў і ў нейкі момант (пасля таго, як прайшоў спірачаны відэакурс Udemy па Spring-у) вырашыў: пара аднаўляць актыўную падачу рэзюмэ. Напісаў пост у LinkedIn — і ён неяк нерэальна завірусіўся, набраў 10К праглядаў. Людзі каментавалі, давалі парады, дзяліліся кантактамі. І аднойчы мне напісаў рэкруцёр і прапанаваў прыйсці на сумоўе. Гэта было маё апошняе сумоўе ў якасці беспрацоўнага.
З «е-дастаўкі» Алега адпусцілі не адразу — сказалі, «або адпрацоўвай да канца кантракта, або мы цябе звальняем паводле артыкула». Алег так і зрабіў — перастаў выходзіць на працу.
— Апошні запіс у маёй працоўнай — што я звольнены за прагулы. Усё, цяпер у ЖЭК не возьмуць дзверы маляваць. Можа, і дзякуй богу.
«Прыходзяць да мяне ў каментары і кажуць «дзякуй, чувак»
Падчас першай хвалі каранавіруса Алег завёў цікток-акаўнт, дзе стаў посціць парады па праграмаванні, агляды анлайн-школ і гэтак далей. Гэта была ідэя яго дзяўчыны. Спачатку Алег супраціўляўся — баяўся камеры і каментатараў, думаў, яго абвінавацяць у неспрактыкаванасці. Але наважыўся.
— Спачатку тлумачыў выключна тэхнічныя моманты па Java. Відэа набіралі па дзве тысячы праглядаў, і я вельмі радаваўся, бо — ого, дзве тысячы! Здымаў на старажытны Xiaomi і мікрафон ад правадных навушнікаў. Гляджу цяпер свае першыя відэа — і кроў з вачэй. Наогул не парыўся наконт карцінкі. Цяпер таксама не асабліва паруся, але мікрафон-пяцелечку ўсё ж набыў.
@devcoach #технознания #программирование #код ♬ оригинальный звук — devcoach
Цяпер відэа Алега збіраюць ад 20 да 400 тысяч праглядаў. Але, паводле яго слоў, такая папулярнасць не асабліва дапамагла ў развіцці кар’еры.
— Затое бачу кучу іншых бенефітаў. Шмат людзей, з якімі я маю зносіны падчас жывых эфіраў, кажуць «дзякуй, толькі ты змог мне растлумачыць вось гэта і вось гэта». Вельмі радуе, калі пішуць, што «атрымаў офер», «запрасілі на сумоўе». Прычым я не раблю навучальны кантэнт, а расказваю агульныя рэчы — як уладкаваная сфера, як працуюць праграмісты, якія ёсць спецыяльнасці і мовы. Але людзі зацікаўліваюцца гэтым айцішным светам і пачынаюць самі штосьці рабіць. Прыходзяць да мяне ў каментары і кажуць «дзякуй, чувак» — гэта вельмі-вельмі прыемна. У выніку я сам стаў тым ноўнэймам з інтэрнэту, якога слухаюць людзі.
Алег яшчэ вядзе свой YouTube і тэлеграм-канал з парадамі для пачаткоўцаў.
Чаканне візы даўжынёй у восем месяцаў
Алег пераехаў у Тбілісі. І аднойчы налучыў у ціктоку на відэа Дзіны Казакевіч. Гэта дзяўчына, якая працуе з Грузіі на амерыканскі стартап і ў сваім акаўнце ў TikTok дзеліцца лайфхакамі па пошуку аддаленай працы.
Алег з тае пары задумаўся пра пошук працы ў заходняй кампаніі. Кажа, паглядзеў ролік з прыёмамі пошуку схаваных вакансій, сабраў пул з 10-15 прапаноў і адправіў туды сваё рэзюмэ. «Але ўсё выйшла з-пад кантролю, і ў выніку я пераехаў у Канаду», — смяецца Алег.
@dinakazakevich Ищи вакансии, как про! #remoteeverafter #удаленка #лайфхак #работавайти #вакансии #учусьвтикток #careeradvice #удаленнаяработа #поискработы#работавсша ♬ BARELY BREATHING — Grant Averill
Сярод іншых Алегу напісалі наконт remote вакансіі з EIS — кампаніі, якая працуе са страхавымі кампаніямі.
— Спачатку са мной звязаўся рэкруцёр. Я гэта называю «сазвон на дурылку», бо мэта — пераканацца ў маёй адэкватнасці. Але ўжо на гэтым этапе мяне спыталі, ці не буду я супраць пераезду: «У нас ёсць на выбар ЗША, Канада або Ірландыя, выбірайце». Пачакайце-пачакайце, якое выбірайце, я з вамі толькі першае сумоўе праходжу, а вы мне такія асабістыя пытанні задаяце! Але ў выніку абраў Канаду. ЗША мяне ніколі не прыцягвалі, а пра Ірландыю я падумаў, што гэта, хутчэй, месца для спакойнага жыцця на пенсіі.
Праз дзень я стэлефанаваўся з тэхнічным спецыялістам. Мне вельмі пашанцавала — ён аказаўся з мінскага офіса, і ўсё інтэрв’ю праходзіла на рускай. Мы з ім хутка знайшлі агульную мову, абмяркоўвалі розныя каляайцішныя тэмы. Вельмі прыемнае выйшла сумоўе.
@devcoach #программирование #айти #разработчик ♬ original sound — devcoach
Алегу даслалі офер. Фірма спецыяльна наняла міграцыйнага адваката з Канады, каб усё аформіць.
Пару месяцаў заняў збор усіх дакументаў. Пасля таго, як усе паперы былі сабраныя, а біяметрыя здадзеная, вельмі доўга чакалі візу. Увесь працэс заняў восем месяцаў.
У Канаду Алег пераехаў разам з дзяўчынай — паводле мясцовых законаў яны лічацца афіцыйнай парай, «грамадзянскімі мужам і жонкай». Цяпер беларус жыве ў Таронта — «па мерках Мінска, як у раёне Аўтазаводскай, на метро ўсяго 15 хвілін да даўнтаўна».
— Рэлакацыйны пакет вельмі добры — мне цалкам пакрылі ўсе выдаткі на саму візу, паслугі адваката, здачу біяметрыі, — кажа Алег. — Кампенсавалі медкамісію ў Грузіі (па 250 долараў на чалавека), аплацілі квіткі на самалёт на дваіх і перавозку нашай коткі. Заплацілі нават за таксі ў Тбілісі і Таронта. Плюс першы месяц мы жылі ў знятай кампаніяй кватэры. Потым пераехалі ў трохпакаёўку за 1800 долараў. Тут кватэры здаюцца наогул пустыя, таму нам выдзелілі бюджэт на куплю мэблі, посуду, пасцельнай бялізны і іншага, што трэба для жыцця. Я за гэта вельмі ўдзячны.
Пытаемся, ці праўда, што ў Канадзе зарплаты ніжэйшыя, чым у ЗША, а падаткі такія ж.
— Гледзячы кім працуеш, — адказвае Алег. — Калі паехаць у Таронта будаўніком, будзе туга. Многія сюды прыязджаюць на заробкі, здымаюць двушку на 15 чалавек, працуюць 24/7, і праз тры месяцы з’язджаюць дадому з грашыма.
Калі казаць пра айцішнікаў, тут цалкам можна жыць. Ты як праграміст зможаш у адзіночку здымаць кватэру, харчавацца чым хочаш і хадзіць у бар-рэстаран раз на тыдзень. Так, у ЗША заробкі вышэйшыя — але там і жыць нашмат даражэй, чым у Канадзе. У Каліфорніі ты за дзве тысячы дакладна не здымеш кватэру.
У новай кампаніі ў Алега яшчэ ідзе працэс анбордзінга:
— Два месяцы прайшло, з боку кліента яшчэ ідзе бэкграўнд-чэк — ці былі ў цябе судзімасці, нявыплачаныя даўгі. Прычым правяраюць не толькі ў Канадзе, але і ў Беларусі! Я пакуль на нізкім старце. Пазнаёміўся з платформай, даведаўся, як працуе кампанія, як выбудаваныя працэсы. Застаўся завяршальны этап, і я гатовы ныраць у працу. Спадзяюся, усё будзе добра.
Читать на dev.by