Apple паказала новыя iPhone 15 і Apple Watch
На традыцыйнай восеньскай прэзентацыі кампанія паказала новую лінейку смартфонаў iPhone 15, а таксама смарт-гадзіннік Apple Watch Series 9 і Watch Ultra 2.
Apple Watch Series 9
На пачатку прэзентацыі паказалі новую мадэль смарт-гадзінніка Apple Watch Series 9. У прыладзе выкарыстоўваюць працэсар S9, які ў сярэднім на 50% хутчэйшы за папярэднюю мадэль. Таксама павялічылася яркасць экрана — да 2000 ніт, што ў два разы больш, ніж у Series 8.
Гаджат атрымаў падтрымку спецыяльнага жэсту — падвойнага тапа. Ён дазваляе выконваць розныя каманды рухам пальцаў: з яго дапамогай можна прымаць званкі або адключаць будзільнік. Час аўтаномнай працы гаджата — каля 18 гадзін.
Спікер з гонарам заявіў, што Series 9 стане першым прадуктам кампаніі, які не пакідае вугляроднага следу на ўсіх этапах вытворчасці. Смарт-гадзіннік выйдзе ў некалькіх колерах, уключаючы ружовае золата. Спецыяльныя раменьчыкі для лінейкі распрацавалі Nike і Hermes.
Apple Watch Ultra 2
Apple лічыць, што другая мадэль падыдзе тым, «каму патрэбны самы вялікі дысплэй і максімальна доўгі час аўтаномнай працы». Гадзіннік можа працаваць аўтаномна да 36 гадзін без падзарадкі і 72 гадзіны ў рэжыме нізкага энергаспажывання. Корпус Ultra 2 на 95% складаецца з перапрацаванага тытану.
Новая архітэктура дысплэя мае яркасць 3000 ніт — самы вялікі паказчык сярод усіх гадзіннікаў Apple. Дзякуючы гэтаму можна бачыць выяву з экрана пры самым яркім сонечным святле. У гадзінніку ёсць датчык вонкавай асветленасці для аўтаматычнага пераключэння. Apple Watch SE каштуе $249, Watch Series 9 — $399, Watch Ultra 2 — $799. Продажы пачнуцца 22 верасня.
iPhone 15
Як і прадказвалі, у базавай мадэлі смартфона з’явіўся Dynamic Island, які раней быў толькі ў Pro-мадэляў. Яркасць дысплэя павялічылася ў два разы — да 2000 ніт. Дыяганаль iPhone 15 складае 6,1 цалі, iPhone Plus — 6,7 цалі. Смартфон выйшаў у шасці колерах: чорны, блакітны, ружовы, салатавы, жоўты, ружовы.
Задняя паверхня смартфона стала матавай, кампанія выкарыстала спецыяльную тэхналогію. Ёмістасць акумулятара павялічылася, але падчас прэзентацыі не растлумачылі наколькі. Чакана паказалі раздымы USB-C, якімі абсталявалі ўсе мадэлі новай серыі, а таксама аксэсуары, напрыклад, AirPods Pro 2.
iPhone 15 атрымаў дзве камеры, асноўная — 48 Mp, як і ў iPhone 14 Pro. Працэсар застаўся той жа — A16 Bionic. Палепшыўся рэжым партрэтнай здымкі за кошт машыннага навучання, лепшага размывання і захавання большай колькасці дэталяў. Базавая мадэль iPhone 15 каштуе $799, iPhone 15 Plus каштуе $899.
iPhone 15 Pro
Асобнай тэмай стаў выгляд мадэляў: корпус iPhone 15 Pro і iPhone 15 Pro Max зроблены з тытану, які, па словах спікераў, ужываюць у марсаходах. У Pro-мадэлі новы працэсар — A17 Pro. Новы 6-ядзерны графічны працэсар назвалі «найбуйнейшым рэдызайнам у гісторыі графічных працэсараў Apple».
Замест кнопкі пераключальніка рэжыму гукаў з’явілася спецыяльная кнопка Action Button, якую можна кастамізаваць — прызначыць розныя дзеянні, напрыклад, запіс экрана, як паказалі ў прэзентацыі.
Навінка — палепшаная прадукцыйнасць у гульнях. Прылады падтрымліваюць апаратную трасіроўку прамянёў і тэхналогію маштабавання выявы MetaIFX.
У смартфонаў 3 камеры, асноўная з разрознасцю 48 Mp і павялічаным сэнсарам. Хуткасць новага раздыму USB-C з хуткасцю да 10 Гбіт/с у 20 разоў хутчэйшая за стандарт USB 2. Гаджат выйдзе ў чатырох колерах: чорны тытан, белы тытан, сіні тытан і «натуральны тытан».
iPhone 15 Pro c 128 Гб памяці каштуе $999, Pro Max з аб’ёмам памяці 256 Гб — $1199. Па праграме Trade-in абяцаюць зніжку да $1000. Перадзаказ даступны ад 15 верасня, у продаж прылады паступяць 22 верасня.
Читать на dev.by