Прыняты закон пра канфіскацыю маёмасці за «недружалюбныя дзеянні»
6 студзеня на Нацыянальным прававым партале быў апублікаваны закон «Пра канфіскацыю маёмасці». Ён дазваляе адбіраць маёмасць у замежных (або «тых, што знаходзяцца пад кантролем замежных») фізічных і юрыдычных асоб, якія здзейснілі (або падштурхнулі да здзяйснення) недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь.
Вось як апісваюцца тыя, каго можа закрануць закон (максімальна абстрактна):
- «афіляваныя асобы — юрыдычныя і (або) фізічныя асобы, якія прама і (або) ускосна (праз іншых юрыдычных і (або) фізічных асоб) прызначылі рашэнне аб здзяйсненні недружалюбных дзеянняў або аказалі ўплыў на прыняцце такога рашэння замежнымі дзяржавамі, што здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні, а таксама юрыдычныя і (або) фізічныя асобы, якія залежаць ад рашэнняў асоб з такіх дзяржаў і ўключаныя ў пералік, вызначаны Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь»;
- «асобы з замежных дзяржаў, якія здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні, — замежныя асобы, звязаныя з замежнымі дзяржавамі, уключанымі ў пералік замежных дзяржаў, якія здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да беларускіх юрыдычных і (або) фізічных асоб <…> і асобы, якія знаходзяцца пад кантролем названых замежных асоб, незалежна ад месца іх рэгістрацыі або месца пераважнага вядзення імі гаспадарчай дзейнасці».
У законе не тлумачыцца, што такое «недружалюбныя дзеянні» і хто такія «асобы, якія знаходзяцца пад кантролем замежных асоб».
Закон прыняты «з улікам неабходнасці неадкладнага і эфектыўнага рэагавання на існыя пагрозы нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь» і «з матываў грамадскай неабходнасці».
Як будуць канфіскаваць?
Рашэнне пра неабходнасць канфіскацыі прымае ўрад. Пасля гэтага Дзяржаўны камітэт па маёмасці мае звярнуцца ў Эканамічны суд горада Мінска з заявай.
Суд на працягу месяца мае разгледзець такую заяву. Яго рашэнне можна будзе абскардзіць у «вызначаным законам парадку».
Пасля станоўчага рашэння суда канфіскаваная маёмасць пераходзіць ва ўласнасць дзяржавы.
Калі пачнуць канфіскаваць?
Закон набывае моц праз 10 дзён пасля афіцыйнага апублікавання. Але ўраду далі паўгода, каб прыняць меры па яго рэалізацыі.
Незалежныя медыя заўважаюць, што закон быў прыняты непублічна. Палата прадстаўнікоў і Савет рэспублікі прынялі яго яшчэ 21 снежня. Пры гэтым прэс-службы ніжняй і верхняй палаты парламента, як і дзяржСМІ, пра яго не паведамлялі.
Не згадвала пра яго і прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі, якая старанна анансуе падпісанне ім будзь-якіх указаў або законапраектаў.
Законапраект таксама не быў апублікаваны ў спецыяльнай базе на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, куды рана ці позна трапляюць усе праекты законаў.
Читать на dev.by