Продажы хорар-гульні пра падлодку падскочылі на фоне трагедыі «Тытана». Аўтар не рады
Трагедыя батыскафа «Тытан» прывяла да нечаканага ўсплёску цікавасці да відэагульні з падобным сцэнаром.
У Iron Lung геймер — адзіны сябра экіпажа невялікай падлодкі, якая вандруе па іншапланетным акіянічным дне. Індзі-хорар стварае гнятлівую атмасферу клаўстрафобіі. Паводле слоў аўтара гульні Дэвіда Шыманскі, ён стараўся прыдумаць сцэнар з падводнай лодкай, «які быў бы настолькі кашмарны, наколькі магчыма».
Карыстальнікі адразу заўважылі паралелі паміж Iron Lung і сітуацыяй з батыскафам: немагчымасць выбрацца з судна, кіраванне «Тытанам» з дапамогай геймпада Logitech. Увага да гульні і змрочныя жарты Iron Lung прыцягнулі новых пакупнікоў: пасля 18 чэрвеня, калі знікла сувязь з «Тытанам», продажы гульні ў Steam прыкметна выраслі.
Аўтар гульні Дэвід Шыманскі не ўхваліў такога ажыятажу. «Да чаго ж гэта няправільна. Я дакладна бачу чорны гумар ва ўсёй гэтай гісторыі, але… Я зрабіў Iron Lung максімальна кашмарнай, і жудасна ўсведамляць, што ў падобнай сітуацыі апынуліся рэальныя людзі. Нават калі гэта адбылося праз іх уласныя дрэнныя рашэнні», — заявіў стваральнік гульні.
Гульня Iron Lung выйшла ў сакавіку 2022 года, пасля рэлізу індзі-хорар перажыў два рэзкія скачкі папулярнасці. Першы здарыўся ў сакавіку 2023 года, калі анансавалі экранізацыю гульні, другі адбыўся ў сувязі з крушэннем «Тытана» — апарата, на якім знаходзіліся пяць чалавек. Батыскаф накіроўваўся да патанулага «Тытаніка», але неўзабаве з ім страцілі сувязь. Пазней знайшлі абломкі апарата.
Читать на dev.by