«У садку 23 лютага імітавалі баявыя дзеянні». Айцішнікі пра «дзіцячую» прапаганду

Спыталіся ў айцішнікаў, ці шмат прапаганды ў школах і як ёй супрацьстаяць. Адгукнуліся бацькі не толькі школьнікаў, але і дашкольнікаў.

92 каментарыя

«У актавай зале ваенрук даносіць «пра шкоду інтэрнэту»

— Мая дачка-сямікласніца. У яе ў гімназіі ёсць усе модныя сёння навіны — і лінейкі (і нават класныя гадзіны) з гімнам: «усім устаць!», і патрыятычныя конкурсы: «ад нашага класа абавязкова хтосьці мусіць удзельнічаць». 

Час ад часу ўсіх гімназістаў збіраюць у актавай зале, дзе ваенрук даносіць ім «пра шкоду інтэрнэту» і «як важна радзіму абараняць» — і ўсё ў такім родзе. Дачка, вядома, не ў захапленні — апошнім разам праз гэта знік урок англійскай, яе ўлюбёны. Але што рабіць?

Яшчэ ў гімназіі за ўдзел ва «ўра»-конкурсах і мерапрыемствах налічваюць балы — клас, які набраў максімум балаў на працягу навучальнага года, будзе прызнаны найлепшым. Хто заўгодна з вучняў можа пазбавіць свой клас гэтых самых балаў, напрыклад, калі не надзене ў школу камізэльку з шаўронам — і трапіцца на вочы завучу. 

Аднакласнікі дачкі называюць гэта «мінус пяць ачкоў Грыфіндору» і жартуюць, што «ў канцы пераможа Слізэрын». 

Як дзеці супрацьстаяць прапагандзе — ну вось, напрыклад, у першай чвэрці настаўніца загадала аднаму з хлопчыкаў уключыць на класнай гадзіне гімн. Ён і ўключыў — гэта быў гімн Украіны. У другой чвэрці дзяцей з класа агітавалі ўступаць у піянеры. Адзін хлопчык запісаўся, астатнія — не. «Вы найгоршыя з усіх», — злосна сказала іх класная, але дачка кажа, што ў іншых класах у паралелі карціна амаль такая ж.

«З любой нагоды — лінейка з праслухоўваннем гімна»

— Я — старшакласніца, вучуся ў 11-м класе гімназіі, так што знаю ўсю «кухню» знутры, на жаль, — магу сказаць, што справы ідуць не вельмі. 

Сёлета ў нас памяняўся дырэктар, — з гэтага ўсё і пачалося. З любой нагоды — лінейка з абавязковым праслухоўваннем гімна цалкам і вынясеннем сцяга; у калідорах на тэлевізарах — трансляцыя нейкіх прэзентацый са сцягамі. Палітыкі ў сценах установы адукацыі стала вельмі шмат. Апагеем стаўся конкурс на найлепшае выкананне гімна з абавязковым удзелам для ўсіх класаў.

Патрыятычных клубаў у нас ніколі не было, на шчасце, — відавочна, у адміністрацыі яшчэ не дайшлі рукі. Выдыхаю з палёгкай, калі разумею, што такога ўжо не заспею.

Мне вельмі пашанцавала з аднакласнікамі, яны — адэкватныя людзі. Вядома, усё, што адбываецца ў нас у школе, іх, як і мяне, не задавальняе. Аднак не вазьму на сябе адказнасць казаць за ўсіх — хіба што за большасць. 

Не прыгадаю, каб хтосьці з дзяцей мяняў свае погляды пад уплывам школьнай прапаганды, — такі метад не працуе. Усіх толькі раздражняе тое, што нам спрабуюць навязаць.

Што ж наконт нашага супрацьстаяння, то ніхто не спявае гімна на лінейцы. Гэта, мабыць, і ўсё…

Многіх запалохалі характарыстыкай, якую падпісвае дырэктар. Усіх заклікаюць «не псаваць адносін» і «спакойна давучыцца» пазасталы час без скандалаў. Маё асабістае супрацьстаянне — адмова ад удзелу ў конкурсе на выкананне гімна, а яшчэ я стараюся не фатаграфавацца на фоне сцягоў і не наведваць мерапрыемстваў, хоць неяк з гэтым звязаных.

«Ідуць гутаркі: «У 10-м класе вучыцца хочаш? А ў БРСМ уступіш?»

Сын вучыцца ў 9-м класе гімназіі. Як раз цяпер у іх ідуць «гутаркі» з дырэктарам — хто працягне навучанне ў гімназіі на працягу наступных двух гадоў. Прыкладна так: «У 10-м класе вучыцца хочаш? А ў БРСМ уступіш?»

Я патлумачыў свайму сыну, што абяцаць ажаніцца і ажаніцца — у ісце розныя рэчы, а Шцірліц ніколі не хадзіў па калідорах райхсканцылярыі з крыкам: «За родину, за Сталина!» Але рашэнне прымаць будзе ён сам. Калі ж адміністрацыя гімназіі будзе дзейнічаць па прынцыпе «спачатку грошы — потым крэслы», то хутчэй за ўсё сын сыдзе ў агульнаадукацыйную школу па прапісцы. Але паўтаруся: гэта будзе яго рашэнне. Я ж сам калісьці быў вымушаны ўступіць у камсамол, каб паступаць у ВНУ.

Аднакласнікі паміж сабой гэтага не абмяркоўваюць — толькі блізкія з блізкімі. Бацькі, як і я, робяць выгляд, што праблемы не існуе.

Цэніш remote? Паглядзі на прыдатныя вакансіі ў ІТ-кампаніях

«У дзяцей нават быў рэквізіт — насілкі, фуражкі, форма»

Маё дзіця яшчэ толькі ў дзіцячым садку, але нават там раніцамі дзеці выконваюць гімн у актавай зале. Я даведалася пра гэта выпадкова, калі прывяла дзіця крыху пазней за звычайнае — а яго група якраз вярталася з актавай залы. Бацькам выхавальнікі пра гэта не казалі — магчыма, ёсць штосьці яшчэ, пра што нам таксама не расказвалі. Ведаю, што і ў іншых садках таксама выконваюць гімн: сяброўка даведалася пра гэта, калі дзіця пачало дома спяваць яго падчас гульні, — ім выхавальнікі таксама не казалі. 

23 лютага ў садку былі спаборніцтвы, якія імітуюць баявыя дзеянні: у дзяцей нават быў рэквізіт — насілкі, фуражкі, форма. 

Наогул маё дзіця асабліва пра садок не расказвае. Але, ведаючы, што малыя вельмі наіўныя і даверлівыя, што яны вучацца ў дарослых, якія іх атачаюць, ты, вядома, размаўляеш з ім — даеш альтэрнатыўны пункт гледжання, што вайна гэта не акей. Спадзяюся і іншыя бацькі цікавяцца жыццём сваіх дзяцей і тлумачаць ім такія складаныя тэмы.

«Транслююць усё, што вымушаныя, але вельмі гуманна»

Нам пашанцавала: дачка вучыцца ў 10-м класе, у яе ў ліцэі ўсё ціха і мірна, акцэнт — на асноўныя прадметы па спецыяльнасці. Зразумела, што настаўнікі транслююць усё, што яны вымушаныя трансляваць, але вельмі гуманна. Пра тое, каб дзеці гэтаму актыўна супрацьстаялі, я ад дачкі не чула.

«Не ўступіш у піянеры — не дадуць інтэрната ва ўніверы»

У мяне сын школьнік, пакуль толькi ў пятым класе, але ён бачыць, што адбываецца навокал. Прапаганду лiюць у вушы на трох уроках: АБЖ, на класнай i на iнфармацыйнай гадзiне — расказваюць пра генацыд рускага (!) народа немцамі, пра стабільнасць і росквіт у краіне.

Як кажа мой школьнік, з класа 3-4 чалавекi «ўсё разумеюць», наколькі ў такiм узросце яны могуць разумець. Астатнія — ці то дзеці міліцыянтаў, ці то настаўнікаў і падобнае (з адпаведнай настроенасцю ад бацькоў). Многiм усё адно. Ну, вядома, у такім узросце крытычнае мысленне яшчэ не сфармаванае.

Як школьнiкi супрацьстаяць прапагандзе — абмяркоўваюць паміж сабою i з бацькамi, ставяцца несур’ёзна, не актыўнічаюць ва ўсіх гэтых ура-патрыятычных мерапрыемствах, не ўступаюць у піянеры. Карацей, так жа, як і мы свайго часу.

Санкцый ад настаўнiкаў або адмiнiстрацыi пакуль не было, хаця ціск, запужванне і ўпрошванні ёсць. Напрыклад: «Не ўступіш у піянеры — не дадуць інтэрната ва ўніверы». Або: «Ну здайце на газету грошы, вы ж разумееце, мне гэта не трэба, але адміністрацыя потым з мяне гэтыя грошы возьме».


Вы дачыталі гэты матэрыял да канца. Калі вы тут апынуліся, значыць, хутчэй за ўсё, вас штосьці зачапіла. Выдаткуйце яшчэ 30 секунд, калі ласка.  

Беларускае ІТ нельга ўявіць без dev.by.

Мы ўжо амаль 15 гадоў робім важныя і сумленныя матэрыялы, дапамагаем кожнаму з вас дзяліцца прафесійным досведам і думкамі, робім беларускую версію. Мы радаваліся поспехам індустрыі разам, звярталі ўвагу на несправядлівасць, даем слова кожнаму.

Сёння рэдакцыя dev.by — каманда аддаленых беларусаў з 10 чалавек. Яшчэ ў нас ёсць менеджмент, бэкофіс і, вядома, тэхнічныя спецыялісты. У нас 600+ тысяч чытачоў штомесяц і дзясяткі тысяч у тэлеграм-каналах і сацыяльных сетках. Мы выпускаем 300+ навін і вялікіх тэкстаў, накшталт таго, што вы толькі што чыталі. Усе беларускія медыя цытуюць dev.by.

Ва ўсіх цёмныя часы. І мы ідзем праз ідэальны шторм разам з кам’юніці. Нашыя рэкламныя даходы, якія былі крыніцай фінансавання рэдакцыі, скараціліся ў некалькі разоў.

Пры гэтым мы ўпэўненыя, што тым больш важна працягваць заставацца месцам сустрэчы беларускай ІТ-супольнасці — усіх, хто застаецца і з’язджае.

Вы можаце нам дапамагчы. Пры канцы мінулага года мы запусцілі падпісную кампанію — пачалі збіраць данаты ад чытачоў. Мы хочам у 2023 сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў. Цяпер іх 170.

Дапамагчы нам можна праз Patreon. Цяпер сярэдні чэк — каля 10$, але мы радыя любой суме. Штомесячныя плацяжы робяць нашыя планы больш прадказальнымі, але вы самі глядзіце, як вам зручна :) 

У Беларусі Patreon заблакаваны. Мы будзем дадаваць іншыя спосабы.

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.

З 30 прыватных школ да працы, падобна, вярнуліся 3. Як маюцца дзеці з астатніх
Па тэме
З 30 прыватных школ да працы, падобна, вярнуліся 3. Як маюцца дзеці з астатніх

Читать на dev.by