«Прашу праверыць». Што ў злітай базе даносаў пра/ад айцішнікаў?

Гэмблінг, базы даных, крыптаплатформа, падтрымка апазіцыі і інш.

26 каментарыяў

Медыя абмяркоўваюць апублікаваную ў інтэрнэце базу даных, у якой нібыта сабраныя звароты беларусаў (і не толькі) у КДБ за 9 гадоў.

Жудаснае «40 тысяч даносаў» калегі ўжо паспелі абвергнуць: большая частка зваротаў — спам, многія заяўнікі запытваюць інфармацыю пра рэпрэсаваных у 30-х гадах, іншыя спрабуюць высветліць лёс палітвязняў-сваякоў. Але ёсць і ўласна паклёпы — верагодна, некалькі тысяч. Паглядзелі тыя, што тычацца ІТ. 

Знайшлі два лісты, звязаныя з буйным аўтсорсерам. У адным выпадку скардзяцца на кампанію (маўляў, непасрэдна ўдзельнічала «ў спробе дзяржаўнага перавароту» і заахвочвала падобныя настроі супрацоўнікаў, вось вам аргументы і імёны), у іншым супрацоўнік кампаніі (або чалавек, які піша з карпаратыўнага імэйла) звяртае ўвагу на тое, што на дзяржрэсурсе апублікаваны спіс вайсковых частак з указаннем колькасці складу.

Дзве ІТ-кампаніі ў двух розных паклёпах абвінавачваюць у таемным гэмблінгу. Адная, маўляў, звязаная з вядомым сайтам па зборы ставак і, хутчэй за ўсё, наймае людзей для запуску цэнтра падтрымкі гэтага сэрвісу.

Іншая не толькі арганізуе нелегальны гэмблінг, але і «падтрымлівае апазіцыйныя сілы», вось вам прозвішча дырэктара. Аўтар першага ліста называецца грамадзянінам Індыі, другога — жыхаром Германіі. 

Адзін ліст абвінавачвае рэгіянальны ліцэй у цэлым (ён «УВЕСЬ супраць нашай краіны») і аднакласніка-айцішніка ў прыватнасці, які нібыта спансаваў апазіцыю праз сваю кампанію. На свой былы клас аўтар таксама злы (аказваецца, выпуск яго «пракляў»).

Ёсць лісты з прапановай ІТ-дапамогі. Так, чалавек, які «з трывогай назірае за сітуацыяй, што склалася ў краіне», і хацеў бы дапамагчы органам, падкрэслівае, што ў яго ёсць вышэйшая адукацыя ў сферы інфармацыйных тэхналогій і досвед працы ў ІТ-падраздзяленнях розных кампаній.

А вось жыхар Чарнагорыі даведаўся з прэсы пра ідэю стварыць нацыянальную плацежную сістэму і прапаноўвае замест яе распрацаваць прыстойную крыптаплатформу.  Яе можна будзе размясціць у Еўропе, убудаваўшы спачатку еўрапейскі бізнэс, а потым і бізнэс РБ. Галоўнае — зрабіць гэта легітымна і непублічна, пакінуўшы кантрольны пакет у дзяржавы. Тады краіна здабудзе годны інструмент уплыву!

Знайшліся ў базе і два лісты з указаннем матэрыялаў на dev.by. У адным выпадку неабыякавы грамадзянін інфармуе пра публічны зварот фаўндара кампаніі да сілавікоў. У іншым (раптам!) ананім скардзіцца на кампанію, якая адным днём звольніла супрацоўнікаў без выплаты зп, і для сцісласці дае спасылку на нашую публікацыю: маўляў, у артыкуле ўсё праўда, калі ласка, разбярыцеся, не дайце дырэктару-замежніку збегчы.

Вось жа не такога эфекту мы чакалі ад сваёй працы. Суцяшаемся толькі тым, што кейсаў з несправядлівымі звальненнямі ў нас было шмат, а зварот у органы «па слядах публікацыі» — толькі адзін.


Читать на dev.by