Прасілі сэлфі на фоне вакзала. Як сілавікі шукаюць айцішнікаў за мяжой
Сілавікі спрабуюць даведацца, куды з’ехалі беларусы пасля 2020 года — і нават патрабуюць, каб ім дасылалі фота, на якім бачнае месца знаходжання чалавека. Канал Dzik Pic расказвае некалькі такіх гісторый.
— Мне тэлефанавалі, прасілі даслаць мой адрас пражывання (на мне вісіць «крыміналка» ў Беларусі), — дзеліцца адзін з чытачоў тэлеграм-канала.
Я ім адказаў, бо яны замучылі маіх сваякоў: пастаянна ім названьвалі, пыталіся, ці вярнуўся я, ці яшчэ не; прыходзілі да іх дадому. Так што даў ім левы адрас, каб адчапіліся.
Міліцыянт мне сам прызнаўся праз тэлефон, што там схема наступная. Вы ім кажаце, што, умоўна, знаходзіцеся ў Польшчы. І яны адразу ж шлюць на вас ліст Польшчы на выдачу. Польшча іх пасылае або зусім ігнаруе запыт. Але яны яшчэ просяць фота вашага пашпарта, каб паглядзець, ці былі вы ў постсавецкіх краінах, і таксама туды пасылаюць запыт на выдачу. Так што адказваць не рэкамендую.
Яшчэ адная гісторыя:
— У 2022-м сеў я на паўтара года за каментар у тэлеграме. Вызваліўся, з’ехаў. Але так як я ўсё яшчэ значуся на прафілактычным уліку, то па беларускіх законах маю адзначацца ў інспекцыі (калі не працуеш, то раз на тыдзень, калі працуеш, то раз на месяц, плюс яшчэ абавязаны наведваць усякую дзічыну тыпу лекцый пра экстрэмізм).
Са мной ужо пасля ад’езду звязаліся па прывязаным да беларускага нумару вайберу, што, маўляў, турбуюць з міліцыі, і дзе я. Адказаў, што з’ехаў з краіны, па прапісцы не жыву, і што рэальнага адрасу ім не дам. Але інспектарка сказала, што ўсё роўна раз на месяц мы маем размаўляць, і я маю скінуць фота, дзе жыву.
Зразумела, я гэтага не зрабіў. Але яны працягваюць прыходзіць у маю беларускую кватэру па начах і тэрарызаваць кватарантаў, якія там цяпер жывуць. Наогул, лічыцца, што судзімасць маюць пагасіць на працягу года (гэта катэгорыя ўсіх крымінальных артыкулаў, дзе максімальнае пакаранне да двух гадоў). Але ў інспекцыі чамусьці лічаць, што два гады ад моманту вызвалення.
А вось гісторыя «ўхіліста»:
— Я студэнт-«ухіліст» у Польшчы. З’ехаў восенню мінулага года без магчымасці вярнуцца.
Калі мне споўнілася 18, маёй маці сталі тэлефанаваць з ваенкамата. Таксама ёй тэлефанаваў і вартаваў яе пад домам участковы. Апошняй падзеяй у гэтай справе была просьба ўчастковага, каб маці перадала ім фатаграфію мяне (сэлфі) з вакзалам горада, у якім я знаходжуся, і сацсеткі. Напрыклад, Telegram, Viber, WhatsApp.
Усё гэта нібыта для закрыцця справы. Маўляў, не могуць пачаць яе, таму што позву мне выдалі за 12 дзён да 16-годдзя (хадзілі арганізавана ўсёй паралеллю хлопчыкаў са школай).
Читать на dev.by