У Польшчы правяраюць ІТ-кампаніі праз скандал PBH. Відаць, пераехала больш айцішнікаў, чым налічылі памежнікі
Польскае агенцтва інвестыцый і гандлю (PAIH) некалькі тыдняў праводзіць унутраны аўдыт ІТ-кампаній, якія прыцягвалі супрацоўнікаў па праграме Poland.Business Harbour, піша канал Dzik Pic са спасылкай на Rzeczpospolita.
PAIH кажа, што папрасіла 50 кампаній, якія перавезлі больш за ўсё спецыялістаў, падрыхтаваць справаздачу, — і ўжо атрымала даныя ад 30-ці.
З іх вынікае, што 13,6 тыс. чалавек атрымалі візу PBH па «ścieżce biznesowej» (бізнэс-трэк, менш папулярны варыянт атрымання такой візы). З іх 9,5 тыс. пераехалі ў Польшчу і 8,4 тыс. падалі заяву на атрыманне ДНЖ. Без уліку сямейнікаў, якія ацэньваюцца ў 40% ад колькасці работнікаў.
Агенцтва яшчэ чакае інфармацыю ад астатніх 20 кампаній.
Відавочна, нават папярэдняя інфармацыя супярэчыць звесткам польскіх памежнікаў. Памежная служба сцвярджае, што ад 2020 года ў Польшчу ўехала ўсяго каля 15 тысяч замежнікаў з візамі PBH усіх нацыянальнасцяў, падкрэслівае Rzeczpospolitа. Пры гэтым, паводле інфармацыі МЗС, Польшча выдала 93 046 віз толькі грамадзянам Беларусі.
Польскія ІТ-кампаніі хочуць вярнуць праграму PBH. Асацыяцыя распрацоўшчыкаў софту (SoDA) прывяла статыстыку па ZUS, дзе з кожным годам павялічваецца доля замежнікаў, якія працуюць у сферы ІТ. Калі пры канцы 2021 года іх было 28,3 тысячы (у тым ліку 4,5 тысячы беларусаў), то пры канцы 2023-га — ужо 55 тысяч. Найбольшую долю тады склалі беларусы (18,1 тыс.), за імі ідуць украінцы (17,3 тыс.) і індыйцы (2800).
Чым занятая камісія па візавым скандале
Пры канцы студзеня МЗС Польшчы прыпыніла праграму Poland.Business Harbour. На думку міністэрства, візы па праграме «Poland. Business Harbour» часта выкарыстоўваліся «для мэт, несумяшчальных з яе прызначэннем». Улады лічаць, што ў рамках РВН «абсалютна бескантрольна былі ўвезеныя ад 50 да 90 тысяч замежнікаў».
Спецыяльна створаная камісія па расследаванні візавага скандалу збіраецца да красавіка расследаваць «злоўжыванні, халатнасць і хібы» пры легалізацыі знаходжання замежнікаў у Польшчы, і нават вылічыць нелегалаў.
Камісія ўжо дапытала былога намесніка міністра замежных спраў Польшчы Пятра Ваўжыка і яго калегу Эдгара Кобаса. Акрамя таго, камісія выслухала паказанні польскіх консулаў у Мумбаі і амбасадара ў Нью-Дэлі пра выхадцаў з Афрыкі і Азіі, якія прыехалі па працоўных польскіх візах і выкарыстоўвалі гэтую візу для далейшага транзіту ў Еўропу).
Камісія будзе расследаваць «злоўжыванні, халатнасць і хібы пры легалізацыі знаходжання замежнікаў на тэрыторыі Польшчы» ў перыяд ад 12 лістапада 2019 года да 20 лістапада 2023 года.
Читать на dev.by