Праверце, а раптам вы ўжо дармаед. Кароткі FAQ
Экспрэс-гайд для тых, хто на мяжы.
«Дармаедскія» правілы абнаўляюцца ці не кожны месяц, і з кожным разам для беларусаў застаецца ўсё менш прасторы і часу для жыцця, не закранутага «дармаедскім» статусам.
Ад 1 красавіка спісы незанятых у эканоміцы складаюцца не раз на квартал, а штомесяц. Крыху раней набылі моц змены, стыгматызуючыя грамадзян, якія выехалі за мяжу. Вырашылі нагадаць вам асноўныя маячкі з улікам апошніх апдэйтаў.
Дысклэймер. Слова «дармаед» ніжэй мы ў думках бяром у двукоссе.
Вы пенсіянер? Студэнт-вочнік у Беларусі/ЕАЭС? Афіцыйны беспрацоўны?
Калі так — віншуем, вы — НЕ дармаед.
Вы маеце жытло?
Калі не — віншуем, статус дармаеда вам не пагражае. Хай галава баліць ва ўладальніка.
Вы маеце жытло/машынамесца і вы яго афіцыйна здаяце?
Вы плаціце падаходны падатак, значыць вы НЕ дармаед.
Вы працаўладкаваныя ў Беларусі, працуеце па ППД або як ІП?
Пакуль у казну ідуць падаткі, вы НЕ дармаед.
Вы працаўладкаваныя па-за межамі Беларусі?
Гледзячы дзе. Калі ў іншых краінах ЕАЭС (Расія, Казахстан, Кыргызстан, Арменія), вы выратаваныя. Дашліце даведку з працы і/або працоўную дамову (можна па імэйле) у «дармаедскую» камісію, і на год (калі толькі кантракт не заканчваецца раней) вы вольныя ад кляйма і падвышанай камуналкі.
У вас дамова ГПХ (падраду) у ЕАЭС і вы шляце ў камісію акты выкананых работ?
Для вас дрэнная навіна: акты больш не спатрэбяцца, колькі б грошай вы ні зарабілі ў «дружалюбных» краінах, вы ўсё роўна дармаед. Ад 1 лютага пасуе толькі працоўная дамова/кантракт. Прычым дасылаць дакументы ў камісію трэба не раз на год, а раз на квартал.
Вы сумленна працуеце па дамове ГПХ у Беларусі, але аплату атрымліваеце не штомесяц?
Складанае пытанне. Паспрабуйце паразумецца з «дармаедскай» камісіяй.
Вы працуеце па-за межамі ЕАЭС,
плаціце падаткі ў «недружалюбных» краінах і ў вас больш ніякіх «апраўданняў» перад роднай дзяржавай? Вам не пашанцавала, вы — дармаед. Падумайце, можа, усё ж такі здаць кватэру, пакуль гэта залічваецца за індульгенцыю?
У вас дзіця, маладзейшае за 7 гадоў / трое+ непаўналетніх дзяцей / дзіця-інвалід
і на гэтай падставе вы НЕ дармаед? Будзьце ўважлівыя пры выездзе за мяжу: як толькі ваша адсутнасць перавысіць 30 дзён за квартал, вас прызнаюць дармаедам. Выключэнне: вы выехалі на лячэнне.
Вы даўно за мяжой, але не значыліся дармаедам дзякуючы дзецям?
Цяпер будзеце.
У вас дамок у вёсцы (патрэбная рэгістрацыя), вы карміліся са свайго агарода
і на гэтай падставе не лічыліся дармаедам? Глядзі абзац вышэй: 30-дзённая адсутнасць у краіне, і вы — у статусе.
Выехалі з Беларусі праз Расію ў разліку на тое, што вас «не палічаць»?
Цяпер могуць палічыць. Прынамсі, МУС планавала яшчэ ад 1 лютага збіраць у расійскіх калег інфармацыю пра грамадзян РБ, якія выехалі/заехалі з/на тэрыторыі/ю РФ. Пра тых, хто стаіць у Расіі на міграцыйным уліку — таксама.
Вяжаце кручком і думаеце, што вас выратуе статус рамесніка
з падаткам 6,5 BYN на месяц? Хутчэй за ўсё, вас з гэтага саслоўя ўжо выключылі (пакінулі толькі тых, хто змог даказаць выканкаму, што займаецца спрадвечна нацыянальным рамяством) і прапанавалі перайсці на ППД.
Дык якія варыянты застаюцца ў тых, хто з’ехаў за мяжу і якія не жадае прадаваць нерухомасць? Іх няшмат:
— здача жытла/машынамесца;
— праца па працоўнай дамове/кантракце ў краінах ЕАЭС;
— праца з выплатай у Беларусі ППД;
Wanted. Калі мы не ўлічылі нейкіх варыянтаў/магчымасцяў/рызык, дапоўніце нас, напісаўшы ў бот @devby_insight_bot — гэта ананімна. Пішыце таксама свае гісторыі пра тое, як вы пазбавіліся статусу дармаеда ці, наадварот, не змаглі гэтага зрабіць насуперак намаганням.
Читать на dev.by