«Правяралі Telegram, Instagram, фота». Як абшукваюць людзей на мяжы РБ
20 сакавіка рэгіянальныя медыя пісалі пра ўзмоцненыя праверкі на мяжы Беларусі і Польшчы. У пункце пропуску «Казловічы» (выкарыстоўваецца для грузавых аўтамабіляў) сілавікі дапытвалі кіроўцаў і правяралі іх тэлефоны.
Чытачы dev.by кажуць пра праверкі і ў іншых пунктах пропуску — не толькі на польскай мяжы.
Кіроўцы расказалі гарадзенскім медыя, што 20 сакавіка ў пункце пропуску «Казловічы» памежнікі і супрацоўнікі КДБ «старанна правяралі аўтамабілі, чыталі тэлефоны, выварочвалі кішэні».
10 лютага Польшча закрыла памежны пераход «Баброўнікі — Бераставіца». Цяпер грузавікі могуць трапіць наўпрост у Польшчу толькі праз пункт «Казловічы» ў Берасцейскай вобласці, а легкавыя аўтамабілі — праз пункт «Берасце-Цярэспаль».
Выданне Most паведамляла, што 19 сакавіка выезды з Горадні ахоўвалі вайскоўцы з аўтаматамі і правяралі аўтамабілі. Дзяржаўныя СМІ заявілі, што ў гэты дзень у Горадні «падчас аказання ўзброенага супраціву спецпадраздзяленню КДБ быў ліквідаваны замежны грамадзянін».
Чытач dev.by расказаў, што ўжо 19 сакавіка беларускія сілавікі дапытвалі і абшуквалі тых, хто перасякаў мяжу з Латвіяй:
— Аўтобус ехаў маршрутам «Віцебск-Рыга». На беларускім баку папрасілі адчыніць валізкі, а пасля пашпартнага кантролю прыкладна 10 пасажыраў выклікалі ў пакой для асабістага дагляду. Там прасілі разблакаваць тэлефон. Тэлефоны перадавалі сілавіку (яго форма, камуфляваная, адрознівалася ад формы памежнікаў), ён правяраў Telegram, Instagram і фатаграфіі. Паводле маіх назіранняў, на допыт выклікалі людзей маладых і сярэдніх гадоў. Двух хлопцаў 22-25 гадоў і дзяўчыну да 20 гадоў дапытвалі асабліва доўга. Асабіста мяне не дапытвалі. Ніхто затрыманы не быў.
Іншы чытач расказаў пра праверкі на памежным пункце «Берасце-Цярэспаль» 20 сакавіка:
— Усталі ў чаргу ў 09:15 паводле беларускага часу. Заехалі ў Польшчу ў 18:30. На беларускім баку некалькі ветлівых мужчын у цывільным (моцны целасклад, чэпкі позірк) аглядалі ўсе рэчы, задавалі пытанні пра мэты паездкі, працу, але тэлефонаў у нас не правяралі. Польскія памежнікі прасканавалі адбіткі пальцаў.
Калі вы сутыкнуліся з незвычайнымі праверкамі пры выездзе з Беларусі, напішыце нам у тэлеграм-бот — @devby_insight_bot. Гэта ананімна.
Вы выдаткавалі на гэты матэрыял дзве хвіліны. Выдаткуйце яшчэ 15 секунд, калі ласка.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў.
Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 170 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі. У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў.
Дапамагчы нам можна праз Patreon. Цяпер сярэдні чэк — каля 10$, але мы радыя любой суме.
У Беларусі Patreon заблакаваны. Мы будзем дадаваць іншыя спосабы.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by