Пуцін запатрабаваў «душыць» заходнія сэрвісы, што не да канца сышлі з Расіі

Расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін заклікаў «душыць» заходнія сэрвісы, якія абвясцілі пра сыход, але на самой справе засталіся на мясцовым рынку. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі дзелавых колаў. Цытаты прыводзяць РБК і vc.ru.

7 каментарыяў

Адзін з удзельнікаў сустрэчы прапанаваў «трошачкі» абмежаваць дзейнасць кампаній, якія «не да канца сышлі», напрыклад Zoom і Microsoft.

«Трэба іх душыць. Цалкам згодны. Кажу без усякага сарому, бо яны нас спрабуюць душыць, трэба адказваць ім узаемнасцю. Вось і ўсё», — перакананы Пуцін.

Паводле яго слоў, з Расіі «ніхто нікога не выганяў, нікому не перашкаджалі», кампаніям «надавалі максімальна спрыяльныя ўмовы для працы». «А яны спрабуюць нас душыць — трэба адказваць ім узаемнасцю, дзейнічаць люстрана», — паўтарыў ён.

Пуцін таксама запатрабаваў пазбавіць расіян, што карыстаюцца заходнімі праграмамі і сэрвісамі, ад «шкодных звычак». Так прэзідэнт адрэагаваў на заўвагу пра тое, што буйныя кампаніі пераходзяць на сэрвісы «Яндэкса» і VK, а ў звычайных карыстальнікаў ёсць «звычкі».

«Я не жартую, сур’ёзна», — падкрэсліў Пуцін.

Што да замежных кампаній, ён таксама адзначыў, што яны «у многім пад прымусам» пакінулі расійскі рынак, але гэтым «падставілі сваіх расійскіх партнёраў». Пуцін дадаў, што дзяржава «абавязкова» працягне падтрымліваць мясцовы бізнес. Напрыклад, стаіць стратэгічная задача «у разы» павялічыць выкарыстанне расійскага ПЗ на «асноўных напрамках» ва ўсіх сектарах эканомікі. Таксама ён заявіў, што замежныя маркетплэйсы патрабуюць «павышанай увагі», бо праз іх можна «завозіць што заўгодна, у любой колькасці».

Як тлумачыць РБК, у Расіі дзейнічае так званы «закон аб прызямленні», які абавязвае замежныя ІТ-кампаніі з сутачнай аўдыторыяй больш за 500 тысяч адкрываць філіял у краіне. За парушэнне пагражаюць забарона на рэкламу, прыём плацяжоў ад расійскіх фізічных і юрыдычных асоб і іншыя абмежаванні аж да блакіроўкі. Усе патрабаванні выканалі Apple, AliExpress, уладальнікі Likeme і Viber. Часткова «прызямліліся» Google, TikTok, Zoom і іншыя. Некаторыя, напрыклад Telegram, Discord і Wikimedia, усё праігнаравалі.

Яшчэ вясной 2022 года ў Расіі забаранілі Meta, прызнаную там экстрэмісцкай арганізацыяй. Facebook і Instagram былі заблакаваныя, цяпер улады не выключаюць блакіроўку WhatsApp. У красавіку 2024 года Раскамнагляд упершыню пачаў блакіраваць доступ да замежных рэсурсаў, што «не прызямліліся». У кастрычніку быў заблакіраваны Discord нібыта за невыдаленне супрацьпраўнага кантэнту і неаплату штрафу. Да гэтага летам пачалося «запаволенне» YouTube. У Раскамнаглядзе спачатку тлумачылі збоі праблемамі на баку Google (што яна адмаўляла), а пазней заявілі, што пытанне пра аднаўленне працы YouTube будзе разглядацца, калі відэахостынг разблакіруе расійскі кантэнт, як таго патрабуе Раскамнагляд.

Расійскі суд адклаў справу «Лесты»
Па тэме
Расійскі суд адклаў справу «Лесты»
За тры гады вайны выручка найбуйнейшых расійскіх ІТ-кампаній падвоілася. «Леста» таксама ў топе
Па тэме
За тры гады вайны выручка найбуйнейшых расійскіх ІТ-кампаній падвоілася. «Леста» таксама ў топе
Расійскі бізнес актыўна заваблівае студэнтаў-айцішнікаў у Беларусі
Па тэме
Расійскі бізнес актыўна заваблівае студэнтаў-айцішнікаў у Беларусі

Читать на dev.by