ПВТ правёў экскурсію для палітыкаў з «Альтэрнатывы для Германіі». Яна падтрымлівае Расію
У пачатку красавіка беларускі Парк высокіх тэхналогій наведала дэлегацыя Ландтага Баварыі на чале з членам камітэта па навуцы і мастацтве Ульрыхам Зінгерам. Пра гэта ПВТ паведаміў на сваім сайце.
Адзначаецца, што дэпутаты зямельнага парламента азнаёміліся з гісторыяй беларускай ІТ-галіны, унёскам Парку ў эканоміку краіны і найбольш вядомымі ў свеце лічбавымі рашэннямі, распрацаванымі ў Беларусі. Госці падкрэслілі аб’ядноўваючую ролю новых тэхналогій і пацвердзілі зацікаўленасць у развіцці супрацоўніцтва з Беларуссю.
Гэта адзін з вельмі нешматлікіх візітаў еўрапейскіх прадстаўнікоў у Парк за апошнія некалькі гадоў. У сакавіку сюды прыязджалі намеснік кіраўніка амбасады Германіі ў Беларусі Отта Граф і часовы павераны ў справах Малдовы ў Беларусі Мікалай Мыйня. Дэлегацыя з Сербіі на чале з міністрам інфармацыі і тэлекамунікацый Дэянам Рытычам заглядала ў ПВТ у жніўні 2024 года, а да гэтага ажно ў лютым 2020-га — нямецкая парламенцкая дэлегацыя на чале з членам камітэта Бундэстага па эканамічных пытаннях і энергетыцы Маркам Хаўптманам.
Што да Зінгера, дык ён з’яўляецца членам правапапулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Германіі». Яна вядомая тым, што выступае за збліжэнне з Расіяй і супраць паставак узбраення Украіне. Зінгер у сакавіку 2024 года быў назіральнікам на прэзідэнцкіх выбарах у Расіі, дзе заявіў, што мае «добрыя сувязі» з краінай і лецішча «у прыгарадзе Масквы». Пры гэтым развязаную Расіяй вайну супраць Украіны ён называе менавіта «вайной», а не «спецыяльнай ваеннай аперацыяй».
Читать на dev.by