Python больш не самы папулярны на GitHub. Яго змяніў вельмі малады язык

У гэтым жніўні найбольш запатрабаванай мовай праграмавання на GitHub стаў TypeScript. Ён апярэдзіў JavaScript і Python, які ўзначальвае рэйтынг самых папулярных моў праграмавання TIOBE і ў мінулым годзе выйшаў у лідары на платформе.

6 каментарыяў

Паводле свежай справаздачы Octoverse, TypeScript дадаў адразу дзве пазіцыі і пакінуў ззаду дзве іншыя згаданыя мовы.

За год колькасць распрацоўшчыкаў, якія выкарыстоўваюць TypeScript на GitHub (які належыць Microsoft) павялічылася на 66%, або на 1+ млн чалавек. Аўдыторыя Python таксама вырасла, але на 850 тысяч, або на 48%, у параўнанні са жніўнем 2024-га. JavaScript дадаў 427 тысяч карыстальнікаў на GitHub — плюс 25% год да году.

Аўтары справаздачы адзначаюць, што рост папулярнасці TypeScript сведчыць пра пераход распрацоўшчыкаў да строга тыпізаваных моў. Гэта асабліва важна ў эпоху ШІ-асістэнтаў для кодынгу, таму што тыпізацыя дапамагае ШІ пісаць больш надзейны код, які прасцей правяраць на памылкі і карэктна аўтадапаўняць. Яшчэ адна прычына поспеху ў тым, што амаль усе буйныя фронтэнд-фрэймворкі па змаўчанні цяпер ствараюць праекты з TypeScript. Python застаецца галоўнай мовай для ШІ і аналізу дадзеных, але яго ком’юніці меншае, чым у суме ў JavaScript і TypeScript.

TypeScript даволі малады — ён быў створаны Microsoft у 2012 годзе як надбудова над JavaScript. Кампанія актыўна прасоўвае яго, але за межамі GitHub ён не вельмі шырока распаўсюджаны, а ў TIOBE займае толькі 35 месца (і 0,31% рынку).

Па стане на канец кастрычніка GitHub налічваў 630 млн праектаў (+121 млн за год). Прыватныя рэпазіторыі з’яўляліся актыўней адкрытых — яны выраслі на 33% і на 20% за год адпаведна. Але па колькасці іх у некалькі разоў менш, чым опенсорсных — 58 млн супраць 395 млн.

Агульная колькасць распрацоўшчыкаў на GitHub дасягнула 180 млн. Больш за ўсё распрацоўшчыкаў базуецца ў ЗША (28 млн), Індыі (21,9 млн), Кітаі (10,7 млн), Бразіліі (6,89 млн) і Вялікабрытаніі (4,8 млн).

Самы папулярны навык для ІТ-кар’еры — не ШІ і нават не Python
Па тэме
Самы папулярны навык для ІТ-кар’еры — не ШІ і нават не Python

Читать на dev.by