«Нас не заменяць, а выціснуць». Беларускія айцішнікі пра досвед працы з праграмістамі з Індыі
Пагутарылі з айцішнікамі, якія мелі досвед працы са спецыялістамі і камандамі з Індыі. Ці праўда, што праграмісты-індыйцы дыхаюць у спіну і неўзабаве многіх заменяць?
Мы спрабавалі сысці ад суб’ектыўнасці — але гэта выявілася складанай задачай. Чытачы вельмі эмацыйна адрэагавалі на гэтую тэму. Мабыць, яна баліць шмат каму.
Беларускія кампаніі супрацоўнічаюць з індыйскімі (адзін з чытачоў расказваў пра такі праект у Itransition, напрыклад). Але далёка не ўсе з іх афіцыйна адкрываюць офісы ў Індыі. Такія ёсць, напрыклад, у EPAM — у яе пяць падраздзяленняў у гэтай краіне.
EPAM разглядае Індыю як адную з перспектыўных лакацый для развіцця кампаніі. Тут знаходзіцца трэцяя па колькасці каманда пасля Украіны і Польшчы. За 2022 год штат індыйскага офіса вырас на 35%. У найбліжэйшыя некалькі гадоў EPAM, паводле слоў кіраўніка кампаніі Аркадзя Добкіна, плануе павялічыць каманду ў Індыі ў два разы.
«Добры спецыяліст з Індыі каштуе столькі ж, колькі і распрацоўшчык з Беларусі»
Уладзімір (імёны герояў змененыя) працаваў з індыйцамі ў дзвюх кампаніях, у тым ліку сумовіў і наймаў іх. Ён агаворваецца, што гэта «было не ягонае рашэнне».
- Праца з індыйцамі — «боль» перш за ўсё праз акцэнт. За доўгую кар’еру я сустракаў толькі пару чалавек, якія размаўлялі зразумела.
- Індыйцы вельмі ветлівыя і тактоўныя, ды і ў цэлым у іх вельмі добрыя софт скілы — выдатна прадаюць сябе.
- Хітраць па-дзікаму. Калі я ўдзельнічаў у найманні, вельмі часта лавіў кандыдатаў на чытынгу — часам нават бачыў розныя твары на розных этапах сумоўяў. Чуў пра кейсы, калі выпадкова высвятлялася, што за адным «тварам» хавалася цэлая каманда распрацоўшчыкаў.
- Што тычыцца інжынерных скілоў, то мая статыстыка ўзаемадзеяння з імі жорсткая — якасць іх кода, на жаль, кульгае.
Якія высновы зрабіў я: праца з індыйцамі патрабуе мікраменеджменту і нагляду.
Цікавыя факты з маёй практыкі: калі ў кампанію прыходзіць менеджар-індыец, ён пачынае цягнуць за сабой усю радню і сяброў — назіраў такое неаднаразова.
А яшчэ я бачыў канцэптуальна індыйскія кампаніі і каманды, якія наймалі пару белых, каб у вачах кастамераў выглядаць прэзентабельней — як кітайскія клубы, якія даюць бясплатны ўваход і алкаголь еўрапейцам, каб падняць свой імідж у вачах мясцовых.
Цяпер кажуць, што распрацоўшчыкі з Індыі заменяць еўрапейцаў — маўляў, іх жа процьма і гэта танная працоўная сіла. Але не, гэта няправільны вывад.
Добры спецыяліст з Індыі каштуе столькі ж, колькі і распрацоўшчык з Беларусі, Украіны або Польшчы. Патэнцыйна, гэта можа быць нават і клёвы праграміст з досведам працы ў ЗША, які вярнуўся дадому ў Індыю. Ён будзе аддалена атрымліваць еўрапейскую зарплату і вельмі мала выдаткоўваць — так як жыццё там недарагое.
А танныя — гэта як правіла людзі з адпаведнымі скіламі, чакаць ад іх якасці і праактыўнасці не варта (за рэдкім выключэннем).
З маёй званіцы (ад многіх калег чуў такое ж) сітуацыя бачыцца так: «А-а-а, крызіс, спецыялісты з СНД дарагія», — вырашаюць кампаніі –> і ідуць да танных індыйцаў –> прасаджваюць бюджэт і атрымліваюць дрэнны прадукт –> вяртаюцца да спецыялістаў з СНД і Еўропы, каб прывесці ўсё ў парадак (і ўспамінаюць індыйцаў «добрым словам»).
Добрыя спяцы каштуюць грошай і з імі камфортна працаваць. Але іх не так шмат. А дзе важны аб’ём — там якасць такая сабе.
«Вучыцеся ў індыйцаў паказваць менеджменту, як вы пакутавалі, пакуль рабілі гэтую складаную таску»
Канстанцін як QA-інжынер працаваў з індыйцамі ў некалькіх аўтсорс-кампаніях з беларускімі каранямі.
— У нашага заказчыка было некалькі вендараў — і адзін у Індыі. Але былі таксама і індыйцы on-site, — тлумачыць распрацоўшчык.
Якія асаблівасці працы з імі?
Мова. У мяне пацверджаны B2 English, і я больш за 10 гадоў спажываю кантэнт на англійскай, да таго ж працую з самым розным аўтсорсам і менеджментам з розных краін.
Натуральна, у мяне высокая «наслуханасць» самых розных акцэнтаў — у асноўнай масе паўднёвых. Але нават мне часта цяжка зразумець, што ў прынцыпе чарговы грамадзянін (-ка) Індыі спрабуе сказаць. Тым, у каго досвед меншы, яшчэ складаней.
Культурныя і працоўныя адрозненні. Я сутыкаўся з некалькімі праблемамі:
- у індыйцаў выразная субардынацыя. Калі табе трэба, каб хтосьці зрабіў — проста дапамог або выканаў сваю задачу, — але таварыш проста твой калега, шанец вырашыць пытанне непасрэдна невялікі (калі няма таскі, якую чалавек мае выканаць). Прасцей схадзіць да лінейнага менеджара і вырашыць праз яго — не скардзіцца, а проста такім чынам камунікаваць.
- ініцыятыва не як у Кітаі, але ў цэлым, няма патрабавання — няма кода. Няма патрабавання — няма тэст кейса.
Індыйцы робяць, што напісана, — літаральна да коскі, пытанняў не задаюць. Я ўвесь час сутыкаўся з тым, што начальнік у іх «заўсёды мае рацыю». Удакладняць задачу можна, але змяняць, паляпшаць, сумнявацца ў правільнасці пастаноўкі або выканання задачы — не. Так бывае не заўсёды і не ўсюды, але ўсё ж сустракаецца вельмі часта.
- Задача — паказаць працу. Не рабіць працу, а паказаць, як складана, незразумела, як гэтай працы шмат.
Я часта кажу калегам: вучыцеся ў індыйцаў паказваць менеджменту як вы «пакутавалі, пакуль рабілі гэтую складаную таску на адзін сторыпойнт». Ніхто акрамя іх так не ўмее.
Мне неяк калега са Злучаных Штатаў — руская эмігрантка — расказвала, як праходзіць «нашае» і «іхняе» сумоўе ў кампанію з ЗША: калі «наш» хоць трохі сумняваецца ў чымсьці, ён кажа: «Не ведаю», — і маўчыць. А індыец «ведае ўсё, усё ўмее, 20 гадоў досведу» пры ўзросце 30. А калі высвятляецца, што чагосьці ён усё ж не ведае, — абяцае вывучыць за 3 дні. Ну і, вядома, яго бяруць.
- Шматкроць сутыкаўся, з тым, што калегі прасілі «дапамагчы» з задачай, — а калі даваў ім інструменты, упадалі ў ступар. Бо дапамагчы — гэта зрабіць за іх або на званку ўсе кнопкі націснуць.
- Аматары размаўляць і стэлефаноўвацца па любым чыху. А вось перапісвацца і адказваць своечасова — не.
- Агульны ўзровень бездапаможнасці. Так як самастойнасць невысокая, пастаянна патрабуецца кантроль, сазвоны, адказы ў чатах/лістах. І колькі не дапамагай, усё роўна прадукцыйнасць будзе невысокай, а твая ўпадзе — бо ты не працуеш, а няспынна дапамагаеш.
А не дапамагаць часта няможна, бо прадукт жа агульны, і заказчык, хутчэй, беларусаў выганіць (што ўвесь час і адбываецца ад моманту пачатку крызісу — то-бок ад часоў кавіду), чым індыйцаў.
Падсумую: працаваць з індыйцамі няпроста. Таму я вельмі хвалююся, калі дадаюць «трошкі індыйцаў» на праект, бо гэта адразу азначае, што скоўп вырасце, а рабіць яго будуць не новаспечаныя дапамагатары.
Статыстыка. Я магу прывесці лічбы — балазе ў мяне як у QA яны ёсць: не вельмі руплівы беларус/украінец мог выканаць на адным з праектаў, дзе я працаваў, 50-100 тэст-кейсаў у 2 тыдні цыклу рэгрэсіі. Руплівы — да 150. Найлепшы індыец — добра, калі 50 выконваў, дык яшчэ выбіраў тыя, што лягчэйшыя. А ў сярэднім калегі з Індыі выконвалі да 30-35 тэст-кейсаў. Прычым менеджары ў заказчыка спакойна глядзелі на гэтыя лічбы — іх усё задавальняла.
Адная з маіх улюбёных гісторый — як індыец анбордзіўся як кантрактар у велізарную амерыканскую каманду. Я і пара беларусаў працавалі на іх праз пасярэдніка.
4 дні запар ён казаў на дэйлі, што «знаёміцца з codebase у Git». У пятніцу на дэйлі раптам заявіў, што ў яго няма доступу да Git, і спытаў, дзе яго ўзяць. Скрам-майстар — таксама індыец, які, аднак, жыве ў Амерыцы — з каменным тварам адправіў яго да тэхліда. І такое вельмі часта.
Я больш за 8 гадоў працаваў з індыйцамі. Тых, хто рабіў гэта хоць бы паўпрадуктыўна, магу пералічыць па пальцах рукі. Прычым гэта ніяк не звязана з інтэлектам або кваліфікацыяй. У асноўнай масе ўсе людзі разумныя (і нават вельмі разумныя) і кваліфікаваныя. Але яны не разумеюць, навошта працаваць больш, калі больш не заплацяць.
Магчыма, тысячы гадоў цяжкага жыцця і каставая сістэма паўплывалі на іх такім чынам. А ў нас — «дзеці 90-х» і СНД-рэалій: табе неабходна бегчы хутчэй за ўсіх навокал, каб выжыць.
Ці змогуць індыйскія распрацоўшчыкі нас замяніць — я сам б’юся над гэтым пытаннем.
Мне асабіста незразумела, як траіх бэкэнд-інжынераў, якія трымаюць усе асноўныя сэрвісы на плаву ў кліента, замяніць на 6, 9 або хоць 20 індыйцаў. Бо яны будуць рабіць усё павольна, нярэдка дрэнна, расказваць, як яны пакутуюць, і па факце, калі гэта велізарны і складаны энтэрпрайз з мільёнам вермішэлі, — яшчэ і пакладуць яго рана ці позна.
Няўжо топ-менеджмент так моцна эканоміць на заробках і такія нізкія рызыкі, калі замяняе дасведчаных распрацоўшчыкаў з ведамі дамена на «танную працоўную сілу»?!
Адзін топ не так даўно сказаў мне: «Еўропа — гэта дорага. Нават Румынія/Балгарыя — дорага. Польшча/Літва — забудзьцеся». Калі звярнуцца да лічбаў, то наш сеньёр атрымлівае мінімум 4 тысячы долараў/еўра брута (але можа і 5, і 6 тысяч). Сярэдніх індыйцаў можна пяць дакладна наняць. Вось і прымаюць такія рашэнні.
Мне здаецца, у буйным аўтсорсе дамінаванне Паўднёвай Амерыкі, Індыі і іншых азіяцкіх рэгіёнаў будзе толькі нарастаць. Асабліва ў бягучы перыяд бесперапыннага крызісу.
Прадуктовыя і невялікія бізнэсы будуць і далей шанаваць якасць і хуткасць вышэй за цану. Ці хопіць на ўсіх такой працы? Пытанне. Але я ад 2020 года перажыў ужо 3 скарачэнні і змяніў 4 кампаніі, не па сваім жаданні. І сітуацыя практычна не паляпшаецца. І так плюс-мінус ва ўсіх. Беларусы цяпер вельмі дарагія.
Калі мы працавалі за 500-1000, усіх усё задавальняла, але цяпер за такія грошы нават у бягучых рэаліях у Беларусі няшмат хто хоча працаваць.
І так, і ў нас ёсць «левыя» людзі ў індустрыі — стомленыя, гультаяватыя/нематываваныя. Але іх меншасць. Я ж часцей бачу, што за 2-4 гадзіны працы сярэдні беларус робіць столькі ж працы, колькі індыец.
«У цэлым індыйцы — адкрытыя людзі з пачуццём гумару»
Арсень смяецца, што працаваць з камандай індыйцаў — гэта «штосьці па шкале ад кашмар да нармалёва».
— У цэлым, гэта мала каму хочацца рабіць, таму што гэтым камандам характэрна:
- вузкае мысленне, адсутнасць крытычнага і сістэмнага погляду;
- праблемы з самакрытыкай — эфект Данінг-Кругера як ёсць;
- жаданне дасягнуць выніку «любой цаной» — зыходзячы з наяўных кампетэнцый, без хваляванняў з нагоды выбару тэхналогій і пакут праз канчатковую якасць прадукту;
- пры гэтым самі каманды надмерна раздзьмутыя, і, вядома ж, навыкі і адказнасць у іх цалкам размазаныя.
У Арсеня быў досвед, калі яго запрасілі «тушыць пажар» на праект буйнога нямецкага заказчыка.
— Праект рабіла каманда індыйцаў. Там быў поўны хаос. Напрыклад, заказчык піша: «У нас узнікла тэрміновая праблема», — і далей дае апісанне і просіць разабрацца. Праз тыдзень прыходзіць адказ ад распрацоўшчыкаў: «Мы ўважліва вывучылі гэтае пытанне і заўважылі праблему», — затым яны слова ў слова паўтараюць апісанне заказчыка… і на гэтым усё!
У выніку абодва бакі бачылі ўва мне «збавіцеля». За год працы па кантракце ўдалося вырашыць частку важных праблем, наладзіць камунікацыю і нават навучыць «пераемніка» — індыйца. Досвед добры, але паўтараць не хочацца.
Арсень кажа, што «міфы пра індыйцаў, на жаль, не міфы, а летапісы, напісаныя нашымі нервовымі клеткамі і сівымі валасамі».
— Колькі было сітуацый: выпусцілі прод або рэпазіторый, код не вытрымлівае ніякай крытыкі, — а менеджмент да апошняга не прызнае праблемы. А калі ты спрабуеш разабрацца, цябе падключаюць да званка на некалькі дзясяткаў чалавек — і размова ператвараецца ў балаган.
Арсень адзначае, што яму «пашанцавала таксама папрацаваць і з вельмі талковымі ўраджэнцамі Індыі, у асноўным гэта ліды або менеджары, якія ўжо з’ехалі з роднай краіны».
— Таксама са станоўчага можна заўважыць, што ў цэлым індыйцы — адкрытыя, таварыскія людзі з пачуццём гумару.
Арсень упэўнены, распрацоўшчыкі з Індыі праграмістаў з іншых краін не заменяць, а «выціснуць»:
- іх вельмі шмат, яны таннейшыя і знаюць англійскую;
- яны не грэбуюць хлуснёй пра свой досвед, абяцанкамі чаго заўгодна, толькі каб атрымаць працу або падпісаць кантракт;
- і як толькі яны трапляюць у кампанію, яны цягнуць туды сваіх.
— Так што нам будзе нялёгка ў ІТ-свеце, бо на рынку не толькі Індыя, але таксама Паўднёвая Амерыка і нават Афрыка з цалкам канкурэнтаздольнымі камандамі. А мы, нават маючы лепшыя кампетэнцыі, саступаем у іншых катэгорыях. Асабліва пасля 2022 года.
Читать на dev.by