Рада дырэктараў Nvidia рыхтуецца звольніць Хўанга праз дзве інтрыжкі
Рада дырэктараў Nvidia можа адправіць у адстаўку генеральнага дырэктара і сузаснавальніка Джэнсэна Хўанга пасля таго, як стала вядома пра дзве ягоныя пазашлюбныя сувязі: адна з іх — з жанчынай, якую падазраюць у працы на кітайскую выведку, а другая — з топ-менеджарам самой кампаніі.
Рада дырэктараў Nvidia можа адправіць у адстаўку генеральнага дырэктара і сузаснавальніка Джэнсэна Хўанга пасля таго, як стала вядома пра дзве ягоныя пазашлюбныя сувязі: адна з іх — з жанчынай, якую падазраюць у працы на кітайскую выведку, а другая — з топ-менеджарам самой кампаніі.
Паводле крыніц Wall Street Journal, рада дырэктараў павінна была сабрацца ў сераду, 11 чэрвеня, каб вырашыць далейшы лёс кіраўніка. Ягоны сыход закрые цэлую эпоху, за якую ён стаў фігурай геапалітычнага маштабу, а ягона кампанія — цэнтральным звяном ШІ-буму.
Хўанг рэгулярна сустракаўся з высокапастаўленымі чыноўнікамі ЗША і Кітая, а падчас візітаў на Тайвань — ягоную радзіму і сусветны вытворчы цэнтр паўправадніковай індустрыі — яго пастаянна акружалі натоўпы захопленых прыхільнікаў.
У нядзелю Хўанг у лісце да супрацоўнікаў прызнаўся, што здраджваў жонцы, і папрасіў прабачэння за тое, што падарваў давер сваёй сям'і і калектыву. Гаворка ішла пра раман з Элiс Хўанг — топ-менеджарам сінгапурскай кампаніі ў апрацоўцы дадзеных Megaspeed, якая з’яўлялася буйным кліентам Nvidia. На думку амерыканскіх спецслужбаў, Элiс Хўанг працуе на выведку Кітая.
Акрамя таго, паводле крыніцы WSJ, у кіраўніка Nvidia быў раман з Кімберлі Паўэл, якая ўзначальвае медычны бізнес Nvidia. Пра гэтую другую сувязь таксама паведамляла газета New York Times. Сама Паўэл на запыты пра каментары не адказала.
На постмаркеце ў сераду акцыі Nvidia ўпалі прыкладна на 8%. Хўанг з’яўляецца найбуйнейшым акцыянерам Nvidia — яму належыць каля 3,6% акцый кампаніі, дзякуючы чаму ён увайшоў у лік багацейшых людзей планеты.
Хўанг раней заяўляў, што не верыць у фармальнае планаванне пераемнасці, і лічыў, што лідары павінны бесперапынна перадаваць веды і інфармацыю па меры іх з’яўлення. Пакуль незразумела, хто менавіта можа заняць ягонае месца.
Упершыню пра дзелавыя сувязі Джэнсэна Хўанга і Элiс Хўанг New York Times пісала ў кастрычніку 2025 года. Megaspeed была адной з некалькіх кампаній, якія выкарыстоўвалі чыпы Nvidia для стварэння ШІ-дата-цэнтраў у Паўднёва-Усходняй Азіі, і падазравалася ў перапраўцы часткі гэтай прадукцыі ў Кітай. З канца 2024 года кампанія знаходзілася пад расследаваннем Міністэрства гандлю ЗША. Цяпер, як піша WSJ, Міністэрства юстыцыі ЗША вядзе адразу некалькі расследаванняў, звязаных з Элiс Хўанг.
У канцы кастрычніка ў іншай публікацыі The New York Times прыводзіліся дадзеныя пра трывогу амерыканскіх спецслужбаў, якія лічылі Элiс агентам кітайскай выведкі і адзначалі ейныя блізкія адносіны з Хўангам. Прадстаўнік Nvidia тады заявіў, што ў гэтых адносінах не было нічога «незвычайнага або нечаканага».
Дональд Трамп стаў на абарону кіраўніка Nvidia. Заявіў, што, паводле самога Хўанга, той не ведаў пра падазрэнні ў шпіянажы ў адрас Элiс, і назваў кіраўніка Nvidia «выдатным хлопцам» і «годным чалавекам».
Амерыканскі прэзідэнт раней адобрыў пастаўкі чыпаў Nvidia ў Кітай, нягледзячы на асцярогі за нацбяспеку, і пераняў многія палітычныя пазіцыі кіраўніка чыпмейкера — цяпер гэтыя крокі знаходзяцца пад пільнай увагай заканадаўцаў ды іншых афіцыйных асобаў. Харызма Хўанга і ягоныя аргументы пра тое, што бум ШІ стымулюе эканоміку, зрабілі ўражанне на Трампа і зрабілі кіраўніка Nvidia частым госцем у Белым доме.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.