Распрацоўшчык з Беларусі атрымаў офер ад польскай Google, але стаў беспрацоўным. Не далі візы

Візавы скандал у Польшчы, у якім крайнімі чамусьці сталі беларускія айцішнікі, рэзка павялічыў колькасць адмоў беларусам у нацыянальных візах. Нават тым, каму, здавалася, меліся быць рады. Вось адзін са свежых кейсаў.

55 каментарыяў

Офер ад Google

Распрацоўшчык Фёдар у свае 23 паспеў скончыць БДУ, тры гады прапрацаваць у Яндэксе і атрымаць офер ад польскага офіса Google. Але да працоўнага месца ён так і не дабраўся. Сваю гісторыю ён расказаў dev.by, каб «падсвятліць праблему» і перасцерагчы калег, якія чакаюць офер з-за мяжы. 

— У жніўні мне прыйшла захапляльная прапанова далучыцца да каманды Google Poland у Варшаве, — кажа Фёдар. — Праца — агонь, мой досвед выдатна пасуе, да таго ж у Польшчы жыве мая дзяўчына і некалькі сяброў. Таму я з гатоўнасцю прыняў офер, адмовіўшыся ад іншых прапаноў і перапыніўшы астатнія сумоўі. Заставалася атрымаць візу.

З оферам на руках і зарэзерваванай датай падачы на візу распрацоўшчык у верасні звольніўся з Яндэкса. Візавую заяву ён падаў пры канцы кастрычніка ў ВЦ Брэста і праз два дні атрымаў адмову па так званым п. 10. То-бок у консула паўсталі «абгрунтаваныя сумневы» наконт дакладнасці заяўленай мэты знаходжання.

— Гэта было дзіўна, — кажа Фёдар. — Я ніколі не выкарыстоўваў віз не па прызначэнні і не наведваў Польшчы. Яшчэ дзіўнейшым было тое, што консульства не звязвалася ні з працадаўцам, ні са мной і не прасіла ніякіх дадатковых дакументаў або тлумачэнняў.

У лістападзе распрацоўшчык падаў апеляцыю на адмову, прыклаўшы дадатковыя дакументы, у тым ліку ліст ад Google аб тым, што кампанія ўсё яшчэ яго чакае, і ліст консулу з выкладаннем асабістых прычын (+ дакументы), якія лішні раз даказвалі, што ён мае намер працаваць у Польшчы.

Пазней Фёдар даведаўся, што гэта тыповая для беларусаў праблема. Цяпер ён мяркуе, што консульствы даюць адмовы беларусам рандамна проста для статыстыкі, каб выканаць нейкі спушчаны зверху план.

— Атрымліваючы адмовы з мутнай аргументацыяй, заяўнікі вымушаныя падаваць аднолькавыя пакеты дакументаў у ВЦ розных гарадоў зноў і зноў, пакуль не атрымаюць візы, — апісвае ён сітуацыю, не хаваючы прыкрасці. — За кожную падачу трэба заплаціць 100-200 еўра пасярэдніку і неакрэслена доўга чакаць запісу.

Нават калі гэта адказ на «візавы скандал», у першую чаргу ад яго пакутуюць сумленныя заяўнікі з рэальнымі намерамі працаваць у Польшчы.

Спіс дакументаў, якія Фёдар падаваў у консульства ў кастрычніку:

— Умова, а працэ (працоўны кантракт);

— Асвядчэнне (дазвол на працу для замежнікаў);

— Страхоўка;

— CV;

— Запрашэнне ад працадаўцы;

— Даведка з банка (не ўзялі);

— Выпіска з KRS (польскі судовы рэестр — не ўзялі).

Дадатковыя дакументы ў лістападзе:

— Квіткі на аўтобус, аплачаная рэзервацыя гатэля;

— Хадайніцтва ад працадаўцы;

— Новая ўмова, а працэ;

— Выпіска з KRS;

— Копія працоўнай;

— Выпіска з банка;

— Заява на імя консула.

Чым жа скончылася гісторыя?

А яна яшчэ не скончылася. Google праяўляе дзівосы цярпення: на тры тыдні адтэрмінавала для пачаткоўца пачатак працы (але ў новы дэдлайн Фёдар таксама не ўпісваецца) і цяпер чакае плана дзеянняў ад візавага кансультанта кампаніі Deloitte, якая суправаджае міграцыю супрацоўнікаў. 

— Без яснага таймлайну і пры вялікай канкурэнцыі, магчыма, працадаўцу давядзецца адклікаць офер, — кажа Фёдар. — Такія сітуацыі ўжо здараліся з людзьмі з РФ у 2022-м. Але спадзяюся, што Google усё ж зможа атрымаць ад польскага МЗС афіцыйнае тлумачэнне іх візавай палітыкі. Або, магчыма, мне дазволяць працаваць аддалена з іншай краіны ЕС, пакуль сітуацыя не вырашыцца.

Працадаўцы не ў захапленні ад таго, што трэба неакрэслена доўга чакаць запісу на падачу, да таго ж з туманнай перспектывай — ці дадуць, ці не дадуць. Гэта адсейвае людзей, якія рэальна хочуць працаваць, пакідаючы тых, хто гатовы да перамогі атрымліваць фэйкавыя запрашэнні.

Чаму яшчэ гэта праблема

— Бо Польшча цяпер хаб для кампаній FAANG у Еўропе, за выключэннем хіба што Meta, — кажа Фёдар. — У іншых краінах ЕС вакансій той жа Google мала, і там высокая канкурэнцыя. Пры гэтым кампаніі захоўваюць статыстыку адмоў па візах і тэрміне іх выдачы, і цімліды ўлічваюць яе пры выкаце оферу. Вядома, суперспецыяліста гатовыя чакаць і год, але пры іншых роўных беларусам цяжка канкураваць праз візы.

То-бок беларусам закрываюць галоўную дарогу ў FAANG. 

Распрацоўшчык сцвярджае, што асабіста сутыкнуўся з адмовай на пачатковым этапе сумоўя ад кампаніі Snowflake праз тэрмін выдачы візы.

— Мне прызначылі сустрэчу з цімлідом, мы пагутарылі пра досвед і задачы, нам усё спадабалася, — расказаў Фёдар. — Потым ён спытаў пра візу і калі я змагу прыступіць да працы. Я шчыра адказаў, што цяпер візу трэба рабіць мінімум 1-2 месяцы праз час на запіс. Цімлід сказаў: «Зразумела», — і неўзабаве скончыў гутарку. На пошту прыйшла адмова без тлумачэння прычын.

Якую навуку здабыў распрацоўшчык

— Я не вывучыў сітуацыі з візамі перад тым, як прыняць офер. Дарэчы, усе іншыя мае оферы таксама былі з Польшчы. Цяпер я б арыентаваўся хутчэй на іншую краіну або меў бы запасны варыянт.

І яшчэ парада: прымаючы офер у Польшчы, будзьце асцярожныя — не звальняйцеся з бягучай працы, пакуль не атрымаеце візы.

Айцішнік стаў «пагрозай бяспецы» ў Літве. Праз працу на БелАЭС па размеркаванні
Па тэме
Айцішнік стаў «пагрозай бяспецы» ў Літве. Праз працу на БелАЭС па размеркаванні

Читать на dev.by