Распрацоўшчык World Of Warcraft сышоў з Activision Blizzard праз несправядлівую сістэму ацэньвання
Адзін з вядучых распрацоўшчыкаў World Of Warcraft Браян Бірмінгем быў звольнены праз крытыку сістэмы рэйтынгу супрацоўнікаў.
Паводле слоў распрацоўшчыка, ад 2021 годзе ў студыі дзейнічае табліца ранжыравання, у якой менеджары ставяць адзнакі сваім падначаленым. Каля 5% супрацоўнікаў атрымліваюць спецыяльны статус «у стадыі развіцця», які пазбаўляе працаўнікоў часткі бонусаў і перспектывы павышэння ў найбліжэйшай будучыні. «Такая палітыка заахвочвае канкурэнцыю паміж супрацоўнікамі, сабатаж чужой працы, жаданне далучыцца да каманд з нізкімі паказчыкамі, каб быць там найлепшым, і ў выніку падрывае давер і знішчае творчы патэнцыял», — заявіў Бірмінгем у лісце калегам.
На працягу двух гадоў яму з іншымі менеджарамі ў камандзе World Of Warcraft удавалася абыходзіць квоту па нізкіх адзнаках супрацоўнікаў, аднак яго вымусілі надаць працаўніку статус «у стадыі развіцця». Начальнікам аддзелаў забаранілі надаваць такі статус самім сабе замест падначаленых. Кіраўніцтва студыі тлумачыла, што такім чынам матывуе найбольш слабых працаўнікоў. Прадстаўнік кампаніі растлумачыў, што працэс ацэньвання ўключае гутаркі з некалькімі менеджарамі, якія могуць паўплываць на статус працаўніка.
Бірмінгем быў супраць такога падыходу і вырашыў звольніцца. «Калі гэтую палітыку скасуюць, то, магчыма, маю Blizzard яшчэ можна выратаваць і я з радасцю працягну там працаваць. Калі не скасуюць, то Blizzard Entertainment, у якой я хачу працаваць, больш не існуе, і мне давядзецца шукаць іншае месца працы», — напісаў ён. Аднак да таго, як распрацоўшчык адправіў ліст калегам, яго паклікалі ў аддзел кадраў і звольнілі. Аддзел прасіў Бірмінгема не расказваць пра сістэму ацэньвання, каб кіраўнікі студыі не «зрабілі яшчэ горш», але той адмовіўся маўчаць.
Читать на dev.by