Распрацоўшчыкі назвалі 3 самыя папулярныя ШІ-інструменты для кодынгу
Аналітыкі кампаніі Jellyfish, якая дапамагае кліентам кіраваць камандамі распрацоўшчыкаў, спыталі у іх, якімі ШІ-інструментамі для праграмавання яны карыстаюцца больш за ўсё. Апытанне праходзіла ў маі, у ім удзельнічала 645 спецыялістаў на розных інжынерных пазіцыях, уключаючы менеджараў, з кампаній розных памераў — ад маленькіх на 10 чалавек да вялізных на больш чым 500 распрацоўшчыкаў.
ШІ у той ці іншай форме ў працы выкарыстоўваюць 90% каманд інжынераў — год таму было 61%. Амаль траціна афіцыйна падтрымліваюць і шырока ўкараняюць ШІ-інструменты, а яшчэ 39% актыўна эксперыментуюць з імі. Толькі 3% рэспандэнтаў не выкарыстоўваюць ШІ і не плануюць пачынаць. 48% апытаных ужываюць два ці больш ШІ-інструментаў для кодынгу — гэта значыць разглядаюць розныя рашэнні і не абмяжоўваюць сябе нейкай адной платформай.
Самым распаўсюджаным аказаўся GitHub Copilot ад Microsoft — яго выкарыстоўваюць 42% апытаных інжынераў. Gemini Code Assist ад Google апынуўся на другім месцы, а Amazon Q (раней CodeWhisperer) і Cursor падзялілі трэцяе месца. Аўтары даследавання наўмысна выключылі са спіса варыянтаў генератыўныя інструменты агульнага прызначэння накшталт ChatGPT і пакінулі толькі прыстасаваныя пад кодынг.
62% інжынераў удалося прынамсі на 25% павысіць хуткасць і прадуктыўнасць працы дзякуючы такім інструментам, а 8% — падвоіць прадукцыйнасць. Тых, хто лічыць, што ШІ іх запавольвае, знайшлося менш за 1%.
81% рэспандэнтаў мяркуюць, што на працягу 5 гадоў мінімум чвэрць сённяшняй працы інжынераў аўтаматызуе ШІ.
Читать на dev.by