«Пакуль была праца, не адчувала сябе эмігранткай». Кім лічаць сябе тыя, хто з'ехаў — нядаўна і даўно
У праекце «Тамтэйшыя» даследуем самаідэнтыфікацыю беларусаў у эміграцыі. Ці ператварыліся яны ў замежнікаў і як падтрымліваюць сувязь з радзімай.
Мы сабралі 1026 анкет беларусаў, якія жывуць за мяжой, і намалявалі ўсярэднены партрэт нашага героя. Цяпер прыгледзімся да яго самаадчування і звычак.
Самаідэнтыфікацыя — тонкая матэрыя, часта не паддаецца рацыяналізацыі, таму на пытанне «Хто вы зараз?» мы прапанавалі выбраць некалькі варыянтаў.
Высветлілася, што ўжо траціна паспела адчуць сябе жыхарамі ці грамадзянамі новай краіны, але ўсё ж больш паловы працягваюць лічыць сябе беларусамі ў эміграцыі.
Іншае крыло — тыя, хто дыстанцуецца ад нацыянальнай прыналежнасці, пашыраючы самавызначэнне («грамадзянін свету», «проста чалавек») ці, наадварот, звужаючы яго («частка маёй сям'і»).
Праўда, адны не супрацьпастаўлены іншым. Многія «беларусы ў эміграцыі» адчуваюць сябе адначасова «жыхарамі новай краіны», а «жыхары новай краіны» — «грамадзянамі свету» ці «часткай маёй сям'і».
Тым не менш ёсць выразная ўзроставая заканамернасць: чым маладзейшае пакаленне, тым больш у ім псіхалагічная прывязка да Беларусі. Так, у групе 18-25 гадоў «беларусамі ў эміграцыі» адчуваюць сябе 63,5% чалавек, у групе 26 — 35 гадоў — 59%, у групе 36-45 гадоў — 56,5%, у групе 46-55 гадоў — 45%.
Цікава, што ў адваротны бок гэта сувязь не працуе.
Так, «жыхароў новай краіны» таксама больш за ўсё сярод самых маладых (28,5%). У групе 26 — 35 гадоў колькасць «інжыхароў» крыху падае (24,4%), у больш старэйшых групах зноў расце да 26-27% (адрозненне ў іх ужо нязначнае). Магчыма, юным прасцей адчуць сябе «сваімі» ў іншай краіне з-за эластычнасці псіхікі, а частка старэйшых адчувае сябе такімі з-за даўнасці пераезду.
Зрэшты, гэта тлумачэнне таксама дае збой, калі аналізаваць сувязь паміж часам пераезду і самаадчуваннем.
Так, больш за ўсё «беларусаў у эміграцыі» сярод тых, хто жыве за мяжой 10+ гадоў — амаль 68%. А менш за ўсё — сярод навічкоў, якія пераехалі каля года таму. Сталая настальгія vs паспешлівая асіміляцыя? У самай шматлікай групе мігрантаў (тых, хто пераехаў 2-4 гады таму) вынік на ўзроўні сярэдняга — 57% «беларусаў у эміграцыі».
«Жыхарамі новай краіны» часцей за іншых называюць сябе мігранты, якія пераехалі некалькі гадоў таму, а радзей за ўсё тыя, хто жыве за мяжой больш за 10 гадоў. Зразумела: у большасці «старажылаў» ёсць пашпарт гэтай краіны, таму яны (84%) смела называюць сябе «грамадзянамі новай краіны». У самай шматлікай групе мігрантаў, апошняй пяцігодкі, «грамадзян новай краіны» пакуль толькі 4%.
Захаванне самабытнасці суседнічае з заканамерным працэсам інтэграцыі. Папрасілі ацаніць гэты працэс і даведаліся, што большасць ставіцца да яго нейтральна ці пазітыўна, меншасць спрабуе супраціўляцца.
Пытанне дапускала выбар некалькіх варыянтаў адказу, таму вынік зноў прадэманстраваў, што частка мігрантаў не бачыць супярэчнасці паміж «заставацца беларусам» і «апалячвацца». Амаль 20% тых, хто прызнаў сваю плаўную, натуральную інтэграцыю, адначасова падкрэслілі, што лічаць важным заставацца беларусамі, хай і інтэграванымі ў новае грамадства.
А вось адказы тых, чые адчуванні і абставіны не ўкладаліся ў прапанаваны шаблон і хто захацеў іх канкрэтызаваць.
- «У Грузіі не планую інтэгравацца, але і сказаць, што абараняю беларускасць, не магу. Проста чалавек з грамадзянствам РБ».
- «ВНЖ Чарнагорыі па працаўладкаванні не дае якіх-небудзь перспектыў па натуралізацыі, а фактычная занятасць звязана з кампаніяй за межамі Чарнагорыі. У побытавых пытаннях хапае рускай з крывой чарнагорскай, у сур’ёзным вывучэнні мовы не бачу сэнсу. Адпаведна без мовы немагчыма „ачарнагорыцца“ — толькі прыняць мясцовы рытм жыцця».
- «Усё складана».
- «Пачынаю быць беларусам».
- «Не анямечваюся і не збіраюся, бо жыву ў Берліне — глабальным горадзе, дзе ўсё можна зрабіць па-англійску».
- «Не, бо мала камунікую з грамадзянамі краіны, у якой пражываю, і у цэлым узаемадзейнічаю з замежнымі інстытутамі і грамадствам».
- «Ніколі не лічыў сябе прапітаным культурай Беларусі, так і цяпер няма яўнага апалячвання. Проста я такі, які ёсць».
- «Часткова супраціўляюся, але атачэнне „засмоктвае“».
- «Пакуль не страціла працу, не адчувала сябе эмігранткай. Цяпер займаюся цяжкай фізічнай працай за грошы. Адчуваю сябе чалавекам, які губляе ўсе ідэнтычнасці. Не магу пачаць вучыць польскую мову, бо усё яшчэ лічу англійскую мовай сваёй прафесіі».
- «Гранічна пазбягаю літвафікацыі».
- «Расчараваўся ў суайчынніках, перастаў знаходзіць з імі кропкі судакранання ў тым ліку з-за палітычных разыходжанняў. Стасуюся з расіянамі, чытаю расійскія СМІ, жыву расійскім парадкам дня».
- «Толькі праз разуменне чужой культуры, праз яе прыняцце можна застацца носьбітам сваёй».
- «Разглядаю бягучую лакацыю як часовую, таму не вельмі інтэгруюся, але рабіў бы гэта актыўней у лакацыі, якая можа стаць новым домам».
- «Адчуваю, што ніколі не стану часткай іншага (неславянскага) свету».
- «Я застаюся беларусам у гасцях».
Читать на dev.by