Як за раніцу «ўвялі» і «скасавалі» рэжым контртэрарыстычнай аперацыі ў Беларусі
Уначы з’явілася інтэрв’ю з кіраўніком МЗС Беларусі Уладзімірам Макеем, у якім ён заявіў, што «ў краіне ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі». Словы Макея прыйшлося абвяргаць Лукашэнку і КДБ.
Што адбылося
- 10 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што колькі дзён таму даручыў КДБ зрабіць «неабходныя захады контртэрарыстычнага характару».
- 14 кастрычніка ў газеце «Известия» выйшла інтэрв’ю з Уладзімірам Макеем. У ім ён заявіў: «Кіраўнік нашай краіны правёў шэраг нарад з сілавымі структурамі, уведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі».
- Затым Макей паскардзіўся, што яго словы вырвалі з кантэксту: «Так, вядома, я бачыў, як выхапілі гэтую фразу і вакол яе за ноч раскруцілі канспіралагічныя тэорыі. Не трэба падымаць ніякай панікі, ёсць даручэнне прэзідэнта, якое было агучанае ў тым ліку публічна, зрабіць захады контртэрарыстычнага характару. Якраз пра гэта і вядзецца гаворка. Якраз пра гэта на тыдні неаднаразова казаў і старшыня КДБ, і іншыя нашыя службовыя асобы».
- У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што ў Беларусі ўведзены іншы рэжым: «У сувязі з абвастрэннем уведзены рэжым такой падвышанай тэрарыстычнай небяспекі [па перыметры межаў]. Таму мы пачалі працэдуры з разгортваннем саюзнай групоўкі войскаў, аснову якой складае армія Беларусі».
- Нарэшце ў КДБ пацвердзілі, што ў Беларусі не ўводзіўся рэжым контртэрарыстычнай аперацыі: «На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь контртэрарыстычная аперацыя не праводзілася і ў цяперашні час не праводзіцца. Інфармацыя, якая распаўсюджваецца ў інтэрнэце, носіць недакладны характар. У цяперашні час у рэспубліцы робяцца планавыя навучальныя захады ў мэтах падтрымання высокага ўзроўню гатоўнасці суб’ектаў барацьбы з тэрарызмам да выканання задач па прызначэнні. Прыкладам таму з’яўляюцца тактыка-спецыяльныя вучэнні МУС, якія завяршыліся 12 кастрычніка ў Ельску Гомельскай вобласці, якія праходзілі ў цесным узаемадзеянні з прадстаўнікамі сілавога блока і органаў мясцовай улады».
Згодна з законам «Аб барацьбе з тэрарызмам», контртэрарыстычная аперацыя (КТА) — спецыяльныя захады па спыненні акту тэрарызму, мінімізацыі яго наступстваў, спыненні дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі, незаконнага ўзброенага фарміравання, якія робяцца ў мэтах абароны інтарэсаў дзяржавы, забеспячэння бяспекі грамадзян і арганізацый, абясшкоджвання тэрарыстаў.
У законе няма такога азначэння, як «рэжым контртэрарыстычнай аперацыі», ёсць панятак «зона правядзення контртэрарыстычнай аперацыі», гаворка вядзецца пра асобныя ўчасткі мясцовасці.
У часе правядзення контртэрарыстычнай аперацыі на гэтых асобных участках мясцовасці сілавыя структуры атрымліваюць пашыраныя паўнамоцтвы: абмяжоўваць і забараняць рух транспарту і людзей у зоне КТА, затрымліваць і даглядаць грамадзян, выкарыстоўваць транспарт і сувязь грамадзян і арганізацый, уваходзіць у любы час сутак у жытло або іншыя законныя ўладанні грамадзян (у тым ліку і з ужываннем сілы) і г. д.
Читать на dev.by