У ПВТ увайшла кампанія, якая абслугоўвае ВПК Расіі. Паглядзелі на новых рэзідэнтаў
У чэрвені ПВТ паведаміў аб другім сёлета наборы рэзідэнтаў. Пачаткоўцамі Парка сталі 43 кампаніі.
Даведаліся, чым займаюцца новыя рэзідэнты.
За першую палову 2024 года ПВТ па выніках двух набораў прыняў больш новых рэзідэнтаў (87), чым за ўвесь мінулы год (64).
Але і сыходзіць з ПВТ таксама шмат кампаній. Да першага ў гэтым годзе набору ў спісе ПВТ лічыліся 1018 рэзідэнтаў (паводле даных на афіцыйным сайце Парка). Цяпер там лічацца 1020 рэзідэнтаў. Калі гэтыя даныя актуальныя, атрымліваецца, са спісу рэзідэнтаў сёлета выключылі амаль 90 кампаній.
Апошні набор рэзідэнтаў
У апошнім наборы рэзідэнтаў — распрацоўшчыкі софту, гульняў і праграм, распрацоўшчыкі сайтаў, рашэнняў для прамысловых кампаній, фінтэх (майнінг, крыптаплатформы), медтэх. Гэты набор мала чым адрозніваецца ад апошніх набораў.
Больш за палову кампаній з новага набору (25) было зарэгістравана ў 2023–2024 гадах, з іх 12 — сёлета.
Самы «малады» рэзідэнт — распрацоўшчык софту «Рэсці Сэрвіс». Кампанія была зарэгістраваная толькі ў маі гэтага года, а ў чэрвені 2024 ужо ўвайшла ў ПВТ.
Зрэшты, сярод новых рэзідэнтаў ёсць і старажылы беларускага ІТ — «Фірма АРС». Кампанія была зарэгістраваная яшчэ ў красавіку 1993 года. У рамках ПВТ плануе распрацоўваць софт для прамысловасці.
Усе рэзідэнты апошняга набору ПВТ
- «Аці Праф Груп» (дата рэгістрацыі — сакавік 2012): паслугі па аўтаматызацыі бізнэс-працэсаў на базе праграмных прадуктаў «1С».
- «АЛАВІР» (дата рэгістрацыі — верасень 2013): распрацоўшчык уласнай EdTech-платформы, а таксама AI-платформы па генерацыі медыякантэнту.
- «Альтэрпэй» (дата рэгістрацыі — жнівень 2023): фінтэх, аператар крыптаплатформы.
- «АпфарСофт» (дата рэгістрацыі — красавік 2023): распрацоўка софту і кансалтынг у напрамках Python, DevOps, Mobile Development.
- «БітМайнБай» (дата рэгістрацыі — люты 2022): майнінг.
- «ВФБ груп-Софт» (дата рэгістрацыі — лістапад 2023).
- «Грынтрэйд Груп» (дата рэгістрацыі — чэрвень 2020).
- «ДАРАСОФТ» (дата рэгістрацыі — люты 2010): распрацоўка ўласных праграмных прадуктаў на платформе «1С: Прадпрыемства 8».
- «Дэвсайнс» (дата рэгістрацыі — чэрвень 2023): вытворца праграмна-апаратнага комплексу для спорту і медыцыны.
- «Дэнвіпрайм» (дата рэгістрацыі — студзень 2024): прадуктовая кампанія, распрацоўшчык мабільнай праграмы для фітнэс-практыкаванняў.
- «Дзіджытал Мастэрс Інк» (дата рэгістрацыі — сакавік 2024): распрацоўка софту для аўтаматызацыі бізнэс-працэсаў.
- «ЗайкаСофт» (дата рэгістрацыі — чэрвень 2023): распрацоўка софту.
- «ІАК Тэкноладжыс» (дата рэгістрацыі — сакавік 2024).
- «Ікс-Лабс Інк» (дата рэгістрацыі — жнівень 2023): стварэнне архітэктурных рашэнняў з выкарыстаннем уласных алгарытмаў штучнага інтэлекту.
- «КаларІТ дзіджытал» (дата рэгістрацыі — снежань 2023): распрацоўка мабільных прадуктаў.
- «Кэтлоджык» (дата рэгістрацыі — люты 2024): распрацоўшчык софту, уласнай платформы для комплекснага кіравання персаналам, а таксама мабільных праграм.
- «ЛАНІТ-ТЭХНАЛОГІІ МН» (дата рэгістрацыі — снежань 2023): цэнтр распрацоўкі расійскай групы «ЛАНІТ». Кампанія зоймецца распрацоўкай інфармацыйных сістэм «пад ключ», вэб-праграм, сховішчаў даных і партальных рашэнняў.
- «ЛЕГАТ БАЙ» (дата рэгістрацыі — студзень 2017): Распрацоўшчык софту ў сферы аўтаматызацыі бізнэс-працэсаў, распрацоўшчык анлайн-сістэмы праверкі беларускіх і замежных кампаній.
- «ЛУГЕР Інжынірынг» (дата рэгістрацыі — ліпень 2023): вытворца прадукцыі медыцынскага прызначэння. Таксама зоймецца даследаваннямі і распрацоўкамі ў сферы кардыяхірургіі, траўматалогіі, артапедыі і нейрахірургіі.
- «Максбітсалюшэн» (дата рэгістрацыі — сакавік 2019): стварае праекты ў сферы iGaming.
- «Мералайн» (дата рэгістрацыі — жнівень 2023): распрацоўка мабільных праграм.
- «МІТРЫДА» (дата рэгістрацыі — кастрычнік 2017): кансалтынг у галіне інфармацыйных тэхналогій, праектаванне і мантаж слабаточных сетак і сістэм, распрацоўка і ўкараненне інфармацыйных сістэм на тэхналагічнай платформе «1С: Прадпрыемства 8».
- «Новыя лічбавыя інвестыцыі» (дата рэгістрацыі — красавік 2024).
- «Пошукавыя рашэнні» (дата рэгістрацыі — ліпень 2018).
- «РэалСофт Груп» (дата рэгістрацыі — люты 2024): распрацоўка софту.
- «Рэсінк» (дата рэгістрацыі — сакавік 2024).
- «Рэсці Сэрвіс» (дата рэгістрацыі — май 2024): распрацоўка софту.
- «Рыэлтынг» (дата рэгістрацыі — красавік 2020): міжнародная платофрма па пошуку ўгод куплі/продажу нерухомасці.
- «РЭДЗІС БАЙ» (дата рэгістрацыі — верасень 2017): дапамагае кампаніям на беларускім і замежных рынках укараняць тэхналагічныя воблачныя рашэнні па аўтаматызацыі бізнэс-працэсаў і маркетынгу.
- «САКОЦІС» (дата рэгістрацыі — студзень 2010).
- «СОФТХАБ» (дата рэгістрацыі — студзень 2024): прадуктовая кампанія, займаецца распрацоўкай праграмнага забеспячэння ў дамене iGaming. Распрацоўвае B2B рашэнні, якія дазваляюць кліентам запусціць асабістае анлайн казіно і/або букмекерскую кантору.
- «Файнекс» (дата рэгістрацыі — верасень 2022): інвестыцыйная анлайн-платформа, аказвае паслугі па стварэнні і размяшчэнні токенаў, арганізацыі ICO і ўкладання ўгод (аперацый) куплі-продажу і абмену лічбавых знакаў на другасным рынку.
- «Фінрокет» (дата рэгістрацыі — чэрвень 2023): спецыялізуецца на інтэграцыі сэрвісаў па фінансавым уліку, кантролі за персаналам і прадуктаў 1С.
- «Фірма АРС» (дата рэгістрацыі — красавік 1993): плануе распрацоўваць праграмнае забеспячэнне для прамысловасці.
- «ФудСтор» (дата рэгістрацыі — сакавік 2020): распрацоўвае сайты і мабільныя праграмы для службаў дастаўкі ежы.
- «Хелстэк» (дата рэгістрацыі — сакавік 2024).
- «ХітГруп» (дата рэгістрацыі — верасень 2012): распрацоўка і прасоўванне сайтаў.
- «Холібай» (дата рэгістрацыі — люты 2024).
- «Цэнтр кіравання інфармацыйнымі рэсурсамі «ЦВР-Кастрычніцкі» (дата рэгістрацыі — кастрычнік 2018): распрацоўка і абслугоўванне сайтаў.
- «Лічба брокер» (дата рэгістрацыі — красавік 2023): юрыдычная асоба расійскай інвестыцыйнай кампаніі.
- «Чылтраф» (дата рэгістрацыі — студзень 2023): распрацоўка і развіццё праграмных прадуктаў для запуску і кіравання рэкламнымі кампаніямі на мабільных прыладах iOS і Android.
- «Шэп Пар-Бі Пі Эм» (дата рэгістрацыі — люты 2024).
- «ЭКСАХАУС» (дата рэгістрацыі — студзень 2014): распрацоўшчык сістэмы кіравання базамі даных Postgre.
Пра некаторых рэзідэнтаў ПВТ раскажам падрабязней.
«Лічба брокер»
Кампанія з расійскімі каранямі, была створаная ў красавіку 2023 года. Асноўным заснавальнікам з’яўляецца расійская інвестыцыйная кампанія «Лічба брокер» са 100% доляй.
За мінулы і гэты гады расійская кампанія, паводле звестак фінансавай справаздачнасці, уклала ў статутны фонд сваёй беларускай кампаніі больш за 0,5 мільёна долараў.
Да лютага 2023 года «Лічба брокер» належала амерыканскаму Freedom Holding, заснаванаму расійскім мільярдэрам Цімурам Турловым (ягонае багацце ацэньваецца ў $3,1 млрд).
У чэрвені 2022 года Freedom Holding абвясціла аб сыходзе з РФ. У лютым 2023 года кампанія закрыла ўгоду па продажы свайго расійскага бізнэсу намесніка дырэктара інвесткампаніі «Фрыдам Фінанс» (цяпер — «Лічба брокер») Максіму Павалішыну. Сума ўгоды склала 140 мільёнаў долараў.
Гэта не першая юрыдычная асоба расійскай «Лічбы брокер» у беларускай юрысдыкцыі. У лютым 2023 года яна стала заснавальнікам кампаніі «АйЦіЭс ДэФай» у рамках стратэгіі па міжнародным развіцці, якая прадугледжвае стварэнне партнёрскіх адносін у дружалюбных юрысдыкцыях.
У жніўні мінулага года «Лічба брокер» запусціла ў Беларусі крыптаплатформу ITS DeFi. Яе аператарам стала «АйЦіЭс ДэФай». Раней расійскія медыя паведамлялі, што ўдзельнічаць у праекце па развіцці ў Беларусі крыптаплатфомы планавала расійская СПБ Біржа.
Восенню 2023 года «Айціэс Дэфай» была перайменавана ў «АймЭкс Глобал». Крыптабіржа, якой кіруе беларуская кампанія, цяпер называецца ІМЕХ. На платформе даступныя, у прыватнасці, купля і продаж крыптавалют BTC, ETH, TON, токенаў IMEX (унутраны токен, кошт якога адпавядае кошту стэйблкойна USDT (Tether).
Паводле даных фінансавай справаздачнасці, за мінулы і гэты гады «Лічба брокер» інвеставала ў статутны фонд «АймЭкс Глобал» больш за 1,7 мільёна долараў. Цяпер расійская кампанія валодае 85% беларускай дачкі.
«ЛАНІТ-ТЭХНАЛОГІІ МН»
Яшчэ адная кампанія з расійскімі каранямі — цэнтр распрацоўкі расійскай групы «Ланіт».
«Ланіт» з’яўляецца адным з найбуйнейшых ІТ-холдынгаў у Расіі. Ён займаецца распрацоўкай софту, дыстрыбуцыяй прадуктаў і рашэнняў для тэлекамаў, пастаўкамі лічбавай тэхнікі, кансалтынгам і сістэмнай інтэграцыяй. У прыватнасці, у групу «Ланіт» уваходзіць расійская кампанія Artezio, якая працуе на беларускім рынку.
Уласнікам «Ланіта» з’яўляецца расійскі бізнэсовец Філіп Генс. Яго багацце некалькі гадоў таму ацэньвалася ў 950 мільёнаў долараў.
Увесну гэтага года ТАА «Ланіт» завяршыла працэдуру рэарганізацыі, стаўшы акцыянерным таварыствам. Эксперты лічаць, што гаворка можа ісці як аб падрыхтоўцы да IPO, так і аб памяншэнні санкцыйных рызык для кампаніі.
На пачатку мая гэтага года Мінфін ЗША ўключыў у санкцыйны спіс шэраг буйных расійскіх лічбавых кампаній і інтэгратараў, у тым ліку карпарацыю «Ланіт». Кампанія патрапіла пад санкцыі праз дзейнасць у «сектары расійскай эканомікі, які падтрымлівае вайскова-прамысловы сектар Расіі».
Читать на dev.by