«Рэзюмэ не прайшло скрынінгу з заказчыкам з Чэхіі». +2 выпадкі дыскрымінацыі беларусаў
Айцішнікі расказалі яшчэ дзве гісторыі пра тое, як працадаўцы адмовілі ім праз беларускае паходжанне.
На гэтым тыдні мы пісалі, як айцішніку, які даўно не жыве ў Беларусі, невядомая еўрапейская кампанія адмовіла ці то праз пашпарт РБ, ці то ўвогуле праз беларускае паходжанне. Пасля гэтага чытачы даслалі яшчэ два кейсы.
Кейс 1. «Напісаў, што жыву ў Варшаве. Адказу не паступіла»
Я таксама сутыкнуўся з дыскрымінацыяй пры пошуку працы ў Польшчы праз тое, што я з РБ. Атрымаў вось такі адказ ад кампаніі. Мабыць, украінскі аўтсорс.
Напісаў, што жыву ў Варшаве і хацеў бы прайсці сумоўе. Адказу не паступіла.
Больш з дыскрымінацыяй сутыкацца мне не даводзілася, але гэты адзіны выпадак добра запомніўся. Не вельмі прыемна, калі чалавек па імені Ірына адмаўляе па нацыянальнай прыкмеце.
А працу я знайшоў, і адносна хутка, за два месяцы.
Кейс 2. «Маё рэзюмэ не прайшло скрынінгу з заказчыкам з Чэхіі»
Я працую ў Польшчы. У верасні мінулага года шукаў працу ў сувязі са скарачэннем. Дамовіўся аб сустрэчы з польскай рэкруцёркай. Пагутарылі з ёй (на англійскай), абмеркавалі дэталі, выйшла ўсё класна: рэзюмэ акей, заказчыку патрэбная каманда з пяці Android-распрацоўшчыкаў, і я, магчыма, падыходжу нават на пазіцыю ліда.
Рэкруцёрка сказала, што зацвердзіць [маю кандыдатуру] у заказчыка і адразу ж пяройдзем на наступны этап. Заказчык з Чэхіі, B2B кантракт. Першыя два тыдні трэба праходзіць анбордзінг у чэшскім офісе, [потым аддалена].
Але наступнага дня яна вярнулася з навіной, што маё рэзюмэ не прайшло скрынінгу з заказчыкам.
Ніякіх тлумачэнняў ад рэкруцёркі больш не было: проста не прайшоў скрынінгу. З легалізацыяй у мяне ўсё як мае быць, ніякай падтрымкі ў гэтым пытанні ад кампаніі не патрабавалася. Затое ў рэзюмэ я пазначыў, што валодаю рускай і беларускай мовамі.
Карацей, я не сумняваюся, што прычына ў тым, што я з Беларусі. Рэзюмэ ў мяне добрае, 6+ гадоў досведу, а там было адкрыта аж 5 пазіцый, цэлая каманда.
Вядома, крыўдна было. Былі і іншыя варыянты, але не з такім добрым заробкам. Зрэшты, працу я тады знайшоў хутка, літаральна за два тыдні. У адным з найбуйнейшых сусветных аўтсорсараў з офісамі ў Польшчы.
Читать на dev.by