Расійскія кампаніі актыўна судзяцца з пастаўшчыкамі софту, якія пайшлі
У Расіі за 11 месяцаў 2023 года па справах, звязаных з ліцэнзійнымі і змяшанымі дамовамі на праграмнае забеспячэнне, было вынесена 1162 тысячы судовыя акты, што амаль на 20% больш, ніж за аналагічны перыяд годам раней (981 акт). Пра гэта піша Cnews са спасылкай на «Камерсанта». Даследаванне выкананае кансалтынгавай кампаніяй у галіне судовай экспертызы і ІТ-права RTM Group.
Спрэчкі датычацца невыканання або неналежнага выканання забавязанняў па ліцэнзійных дамовах на софт і яго тэхнічнай падтрымкі. Самыя буйныя прэтэнзіі пазоўнікі выстаўляюць да расійскіх юрыдычных асоб замежных вендараў, якія спынілі дзейнасць у краіне і перасталі выконваць забавязанні па ўкладзеных дамовах: Oracle, HPE, Dell, Cisco, Microsoft ды іншых.
Часцяком расійскія заказчыкі набывалі інфраструктурнае абсталяванне і софт з сертыфікатамі на тэхпадтрымку ў заходніх вендараў мінімум на год, але часцей за ўсё дамова была на тры або пяць гадоў. Былі і пашыраныя кантракты, па якіх заказчыкі маглі атрымаць «больш аператыўную рэакцыю» пастаўшчыка, што каштавала дадатковых грошай.
Microsoft (ТАА «Майкрасофт рус») цяпер выступае адказчыкам па 15 пазовах на 200 млн RUB ($2,21 млн). Структура HP (ТАА «Х’юлет Пакард Энтерпрайз») завінавацілася расійскім кампаніям 255,7 млн RUB ($2,82 млн), да яе выстаўлена 8 судовых прэтэнзій.
Паводле звестак «Ведамасцяў», да верасня расійскія дыстрыб’ютары і інтэгратары ўжо спагналі з замежных ІТ-вендараў, якія пайшлі з краіны, больш за 4,7 млрд RUB ($52 млн). Самым буйным з задаволеных пазоваў стаў пазоў дыстрыб’ютара камп’ютарнай ды іншай тэхнікі OCS Distribution да расійскай «дачкі» HP на 1,44 млрд RUB.
Эксперты лічаць, што колькасць судовых спрэчак з замежнымі вендарамі ў краіне налета можа вырасці яшчэ на 30%. Гэта можа прывесці да павелічэння колькасці банкрутных працэсаў. Пазовы аб спагнанні даўгоў у парадку субсідыярнай адказнасці могуць атрымаць і гендырэктары расійскіх даччыных кампаній.
Читать на dev.by