Расійскі бізнес актыўна заваблівае студэнтаў-айцішнікаў у Беларусі

Кампаніі з расійскім капіталам вельмі зацікаўлены не толькі ў дасведчаных беларускіх ІТ-спецыялістах, але і ў айцішніках-пачаткоўцах. Расійскія кампаніі актыўна супрацоўнічаюць з беларускімі ВНУ — прыклады сабраў Office Life.

8 каментарыяў

Нядаўна расійская кампанія «Киберпротект» адкрыла офіс у Мінску і стала рэзідэнтам ПВТ. Таксама яна падпісала пагадненне аб партнёрстве з БДТУ, у межах якога будзе рэалізоўваць сумесныя даследчыя, навучальныя, інфармацыйныя і іншыя праекты. Увогуле, кампанія мае намер супрацоўнічаць з рознымі адукацыйнымі ўстановамі, а іх студэнты і выпускнікі ў перспектыве змогуць праходзіць у ёй стажыроўку.

Кампанія «Т-Технологии», якая займаецца распрацоўкай прадуктаў для расійскага Т-Банка (былы Tinkoff), нядаўна арандавала ў цэнтры Мінска офіс на 10 тысяч кв. м. «[У Беларусі] мы ўжо даўно збіраем і вырошчваем мясцовае ІТ-камьюніці: праводзім мерапрыемствы і фестывалі, на якія прыходзяць тысячы айцішнікаў, актыўна супрацоўнічаем з мясцовымі ВНУ, абменьваемся ведамі і развіваем ІТ-індустрыю ў краіне», — заяўлялі ў Т-Банку.

У 2023 годзе цэнтр распрацоўкі ў Мінску адкрыў расійскі распрацоўшчык ІТ-абсталявання Yadro. У 2024 годзе кампанія ўвайшла ў ПВТ і сумесна з БДУІР стварыла лабараторыю на базе факультэта камп’ютарных сістэм і сетак кафедры інфарматыкі. Яе ключавая задача — падрыхтоўка спецыялістаў па праектаванні сістэм на крышталі і вывучэнні лічбавай схематэхнікі. У 2023/24 навучальным годзе стажыроўку прайшлі 22 студэнты, шэсць з іх пачалі працаваць у мінскім офісе Yadro.

Сёлета Yadro арганізуе новы курс па тэлекамунікацыях на базе кафедры электронных вылічальных сродкаў БДУІР. Трохгадовая праграма навучання будзе спалучаць тэорыю з практыкай, уключаючы выкананне праектаў і ўдзел у студэнцкіх канферэнцыях. Фармат — штотыднёвыя лекцыі і індывідуальная праца са студэнтамі.

Банк БелВЭБ — «дачка» расійскай дзяржкарпарацыі «ВЭБ.РФ» — з 2019 года супрацоўнічаў у межах мемарандума з БДУІР. У банку адзначаюць, што за гэты час больш за 50 яго супрацоўнікаў прайшлі курсы павышэння кваліфікацыі на базе БДУІР, каля 30 студэнтаў прайшлі ў банку практыку, а 12 выпускнікоў уладкаваліся ў штат.

Цяпер БелВЭБ заключыў з БДУІР дамову аб узаемадзеянні на 2025–2035 гады. Дамова дае магчымасць размеркаваць у банк маладых людзей, якія атрымалі адукацыю па запатрабаваных ІТ-накірунках, такіх як інфармацыйная бяспека, сістэмы і сеткі інфакамунікацый, электронная эканоміка.

Шэраг расійскіх кампаній таксама прасоўваюць сярод беларускіх студэнтаў і джуноў бясплатныя анлайн-інтэнсівы. Гэта, напрыклад, ІТ-холдынг Т1. На навучанне ў «Адкрытыя школы Т1» ужо залічаны 44 беларусы. Палова з іх рэкамендавана да найму, але фактычна працаўладкаваны пакуль толькі двое. Увогуле расійскі холдынг хоча за гэты год павялічыць колькасць супрацоўнікаў у Беларусі амаль у 1,5 раза да 517 чалавек.

Эксперты кажуць, што кааперацыя ўніверсітэтаў з бізнесам распаўсюджаная і ўзаемавыгадная. Кампаніі атрымліваюць доступ да таннай працоўнай сілы і «свежай крыві», а ВНУ адаптуюць свае адукацыйныя праграмы да актуальных задач эканомікі і патрабаванняў рынку.

Паступіць у ВНУ без іспытаў цяпер можна праз дзіцячы тэхнапарк
Па тэме
Паступіць у ВНУ без іспытаў цяпер можна праз дзіцячы тэхнапарк
У Беларусь зайшла яшчэ адна расійская ІБ-кампанія — яны ўжо кантралююць больш за палову рынку
Па тэме
У Беларусь зайшла яшчэ адна расійская ІБ-кампанія — яны ўжо кантралююць больш за палову рынку
Расійская кампанія адкрыла ІТ-хаб у Мінску
Па тэме
Расійская кампанія адкрыла ІТ-хаб у Мінску

Читать на dev.by