Расійскім ІТ-кампаніям раздалі льготныя крэдыты пад 3%. Але грошай няма — стаўку паднялі да 18,5%
У Расіі банкі пачалі пераключаць ІТ-кампаніі і вытворцаў электронікі, якія атрымлівалі льготныя крэдыты па праграме Мінлічбы, са ставак у 3-5% на рынкавыя 18-18,5% праз адсутнасць дзяржфінансавання. Пра гэта расказалі крыніцы «Камерсанта» на рынку.
Шэраг прадпрыемстваў атрымаў падобныя паведамленні ад Збербанка і ВТБ. Банкі спасылаюцца на тое, што Мінлічбы яшчэ ў кастрычніку адмовілася кампенсаваць выпадаючыя даходы. З праблемай сутыкнуліся каля 150 ІТ-кампаній.
Расійскія ІТ-кампаніі могуць атрымліваць ільготныя крэдыты на рэалізацыю «скразных лічбавых тэхналогій» (распрацоўку, дапрацоўку або ўкараненне софту) у рамках пастановы № 1598, прынятай у снежні 2019 года. Паводле яе Мінлічбы абавязваецца выдаваць банкам, якія ўдзельнічаюць у праграме, субсідыі для пакрыцця выпадаючай стаўкі. Мінімальная сума крэдыту складае 5 млн RUB, максімальная — 5 млрд RUB.
У Саюзе падтрымкі і развіцця тэхналагічных кампаній, куды ўваходзіць больш за 100 малых і сярэдніх ІТ-кампаній, заклікаюць да правядзення дадатковых перамоў Мінлічбы з кіраўніцтвам банкаў для ўрэгулявання сітуацыі.
«Нашая задача — не даць дыскрэдытаваць меры падтрымкі ІТ-галіны», — заяўляў на CNews Forum у лістападзе 2022 года кіраўнік расійскага Мінлічбы Максут Шадаеў.
У Мінлічбы настойваюць, што праграма льготнага крэдытавання ў рамках пастановы № 1598 працягвае дзейнічаць, і дадаюць, што пасля павышэння ключавой стаўкі ЦБ правялі ацэнку неабходнага дадатковага фінансавання па праграме і знайшлі гэтыя сродкі. Там запэўніваюць, што першая частка сродкаў ужо даведзеная да банкаў, другая паступіць да канца года, а налета ліміты па льготных крэдытах вырастуць на 50%. У цэлым падтрымку па праграме атрымалі 164 праекты на 82,3 млрд RUB ($900 млн).
Читать на dev.by