Расія пакінула замежнікаў амаль без сувязі, беларусаў таксама
У пачатку кастрычніка расійскія мабільныя аператары ўвялі так званы «перыяд ахаладжэння» для ўладальнікаў замежных сім-карт. Меркавалася, што пры ўездзе ў краіну яны 24 гадзіны не змогуць карыстацца інтэрнэтам. Але да сярэдзіны месяца высветлілася, што сістэма не працуе — большасці аператараў не ўдаецца зняць блакіроўку, а разам з мабільным інтэрнэтам паламаліся смс-кі, піша «Медуза».
Упершыню аб увядзенні згаданага перыяду для барацьбы з дронамі расійскае Мінлічбы згадала ў пачатку жніўня. У ведамстве не ўдакладнілі, калі ён запрацуе, але 6 кастрычніка некалькі беларускіх аператараў сувязі папярэдзілі аб абмежаваннях для абанентаў, якія знаходзяцца ў роўмінгу на тэрыторыі Расіі. Распавялі падрабязнасці і раздалі рэкамендацыі.
У той жа дзень некалькі Telegram-каналаў пацвердзілі праблемы з мабільным інтэрнэтам з замежных сім-карт, але адзначылі, што звычайная мабільная сувязь і смс-паведамленні працягваюць працаваць. Яны ўдакладнілі, што «перыяд ахаладжэння» запрацаваў тыднем раней, але толькі ў рэгіёнах, блізкіх да мяжы з Украінай.
The Insider пісаў, што блакіроўка мабільнага інтэрнэту можа ўключацца нават пры перасячэнні межаў паміж рэгіёнамі Расіі. Таксама яна зноў уключаецца, калі прылада была неактыўна больш за 3 дні або перападключаецца да сеткі іншага аператара, што ў роўмінгу бывае часта.
Некалькі дзён таму «Коммерсант» напісаў, што расійскія аператары не справіліся з увядзеннем новых абмежаванняў. Крыніца выдання пацвердзіла, што праблемы з доступам да мабільнага інтэрнэту ёсць нават пасля «перыяду ахаладжэння» і што смс-паведамленні замежнікам не прыходзяць.
З вялікай чацвёркі расійскіх аператараў — T2, МТС, «Мегафон» і «Білайн» — выставіць таймер на 24 гадзіны змог толькі T2, але і ў яго праблемы з дастаўкай смс. Суразмоўца выдання сказаў, што «у іншых аператараў не было тэхнічнай магчымасці абмежаваць перыяд аднымі суткамі», таму абмежаванне на перадачу дадзеных і смс дзейнічала ўвесь час знаходжання ўладальніка замежнай карты ў Расіі. Ён выказаў меркаванне, што сістэму наладзяць не раней чым праз 3-4 тыдні.
Ні расійскія аператары, ні Мінлічбы ніякіх заяў пакуль не зрабілі. Апошняе нават не пацвердзіла, што «перыяд ахаладжэння» для замежных сім-карт увогуле пачаў дзейнічаць.
Каб выкарыстоўваць мабільны інтэрнэт у Расіі, замежнікам трэба завесці мясцовую сім-карту. Для гэтага трэба стварыць пацверджаны акаўнт на «Госуслугах», зрабіць натарыяльна завераны пераклад пашпарта, аформіць СНІЛС (індывідуальны нумар чалавека ў сістэме абавязковага пенсійнага страхавання), здаць біяметрыю і зарэгістраваць яе праз любы банк. Квэст займае да некалькіх дзён, і толькі пасля яго праходжання мабільныя аператары могуць заключыць дагавор на прадастаўленне паслуг сувязі. Яны ўжо папрасілі спрасціць правілы.
«Медуза» адзначае, што нават гэта не гарантуе доступ у інтэрнэт, таму што з пачатку лета ў розных рэгіёнах краіны рэгулярна адключаюць мабільны інтэрнэт для барацьбы з украінскімі беспілотнікамі. У такія перыяды працуюць толькі рэсурсы з так званых «белых спісаў».
Беларускія медыя паведамляюць, што праблемы з мабільным інтэрнэтам у Расіі тычацца і нашых суайчыннікаў. Беларусы пішуць, што інтэрнэт не з’яўляецца нават праз некалькі дзён і што даводзіцца задавальняцца званкамі. Гэта тычыцца ўсіх беларускіх аператараў. Як варыянт людзі прапануюць купіць сім-карту расійскага МТС на Ozon і актываваць праз асабісты кабінет беларускага МТС.
Читать на dev.by