Рынак офісаў у Мінску чэзне. Ратуюць ІТ-кампаніі з Расіі
Паглядзелі, што адбываецца на рынку офіснай нерухомасці Мінска пасля масавага сыходу беларускіх і замежных кампаній.
Новыя офісы
За мінулы год у Мінску ўвялі ў эксплуатацыю ўсяго 26,3 тыс. кв. метраў арэнднапрыдатных офісных плошчаў, пра гэта dev.by паведамілі аналітыкі ў сферы камерцыйнай нерухомасці.
Гэта на траціну менш, чым у 2022 годзе.
Агульны аб’ём рынку офіснай нерухомасці вырас усяго на 1% і перавышае мільён кв. метраў.
Доля ІТ-кампаній на рынку офісаў
У 2020 годзе ў Мінску ІТ-кампаніі займалі больш за 430 тысяч кв. метраў офісных плошчаў, на пачатку 2021 года — 408 тысяч кв. метраў.
У 2023–2024 гадах гэты паказчык упаў да 200-220 тысяч кв. метраў. Гэта крыху больш за 20% усяго рынку офіснай нерухомасці. Хоць яшчэ ў 2021 годзе доля складала каля 40%.
Паводле ацэнак экспертаў, ІТ-кампаніі ў мінулым годзе скарачалі офісныя плошчы і/або канцэнтравалі супрацоўнікаў у адной лакацыі. Угод па арэндзе новых плошчаў было няшмат, сумарна кампаніі маглі зняць не больш за 3-5 тыс. кв. метраў офісаў.
Уплыў расійскіх ІТ-кампаній на рынак
Паводле словах аналітыкаў, расійскія ІТ-кампаніі станоўча ўплываюць на рынак офіснай нерухомасці. У тым ліку дзякуючы ім рынак пачаў аднаўляцца ў другой палове 2023 года.
Летась прадстаўніцтва ў Беларусі адкрыў расійскі холдынг VK. Офіс плошчай 400 кв. метраў кампанія арандавала ў скандальна вядомым бізнэс-цэнтры на вуліцы Смалячкова. У VK заявілі, што кампанія збіраецца павялічваць штат распрацоўшчыкаў.
Расійская група Tinkoff арандавала 10 000 кв. метраў на праспекце Незалежнасці, 32А. Паводле інфармацыі dev.by, афармленне ўгоды пачалося яшчэ ў другой палове 2023 года, працэс завяршыўся толькі ў красавіку бягучага года.
Угода Tinkoff склала амаль 1% ёмістасці рынку і можа стаць найбуйнейшай на рынку арэнды офісных плошчаў у 2024 годзе, мяркуюць эксперты.
Зрэшты, пакуль расійскія ІТ-кампаніі не з’яўляюцца найбуйнейшымі. арандатарамі на рынку офіснай нерухомасці, на іх прыпадае каля 0, 5% арэндных плошчаў.
Прагнозы на 2024 год
Хутчэй за ўсё, беларускія ІТ застануцца пры сваіх плошчах, чакаюць эксперты.
Магчыма, на рынак выйдзе яшчэ хто-небудзь з буйных расійскіх гульцоў, але пакуль такія патэнцыйныя ўгоды не анансаваліся.
А што са стаўкамі?
Ад лета 2023 года стаўкі пачалі плаўна павялічвацца і пры канцы года склалі 5-15 еўра за кв. метр на месяц.
У некаторых аб’ектах офіснай нерухомасці значна знізілася вакантнасць. Прапанова малафарматных плошчаў фактычна знікла. І дэвелаперы ў 2024 годзе працягнулі павышаць стаўкі. У першым квартале стаўкі для офісных плошчаў класа В1 склалі 7,5-16,0 еўра за кв.метр, класа В2 — 6,0-12,5 еўра за кв. метр. Найбліжэйшымі месяцамі стаўкі, верагодна, працягнуць расці.
Читать на dev.by