З 1 верасня беларусы будуць уязджаць у Латвію па новых правілах

У першы дзень восені Латвія запускае новую працэдуру перасячэння мяжы для грамадзян некаторых трэціх краін, у тым ліку Беларусі. Ім спатрэбіцца загадзя падаць звесткі пра сябе і чакаць дазволу (ці адмовы) на ўезд. Механізм тэхнічна абапіраецца на электронную сістэму, а юрыдычна — на правілы Кабінета міністраў. Выданне LSM+ удакладніла ў мясцовым МУС, як будзе працаваць новая сістэма.

Пакінуць каментарый

Папраўкі ў Закон аб іміграцыі латвійскі Сейм унёс 3 красавіка. Мэта — умацаваць нацбяспеку і ахову межаў. Абнаўленні тычацца тых, хто хоча ў краіну не па латвійскай візе або ВНЖ, а па іншым дакуменце (напрыклад, візе іншай краіны Шэнгенскай зоны).

Падаць інфармацыю трэба будзе на сайце eta.gov.lv у выглядзе адказаў на размешчаныя там пытанні. На працягу 48 гадзін пасля гэтага жадаючы ўехаць у краіну атрымае паведамленне на пазначаны ім адрас электроннай пошты.

Па стане на раніцу 22 жніўня сістэма была недаступная: адкрывалася пустая старонка з гербам Латвіі, паведамленнем «Не знойдзена». Але МУС запэўніў, што да 1 верасня сайт запрацуе.

Інфармацыя, якую трэба будзе падаваць:

  • мэта паездкі (уезду);
  • планаваны тэрмін і месца знаходжання;
  • маршрут паездкі;
  • кантакты;
  • выбарныя пасады, якія займае чалавек або яго сваякі;
  • удзел у выбарах у якасці кандыдата;
  • былы або дзеючы статус дзяржаўнага або муніцыпальнага служачага;
  • служба ва ўзброеных сілах, памежнай і спецслужбе, мытні або ў органах унутраных спраў, юстыцыі або замежных спраў (у тым ліку дыпламатычнай службе).

Што тычыцца тэрмінаў, зараз усталяваны толькі мінімальны. То бок падаць дадзеныя можна будзе і раней, чым за 48 гадзін да меркаванага ўезду. Наколькі раней, у МУС не ўдакладнілі, але папярэдзілі, што інфармацыя павінна быць праўдзівай. За непадачу патрабаваных звестак альбо падачу няпоўных або несапраўдных прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.

Калі планы змяніліся да паездкі, то не пазней чым за ўсё тыя ж 48 гадзін трэба ўдакладніць раней пададзеныя звесткі — то бок падаць новыя, якія адпавядаюць фактычным абставінам.

Падаваць інфармацыю можна толькі асабіста — іншая асоба, напрыклад, родзіч замежніка, які жыве ў ЕС, зрабіць гэта не можа.

Таксама выданне спытала, ці лічыцца пададзеная інфармацыя «дэкларатыўнай» або латвійскія ўстановы будуць правяраць яе сапраўднасць. У адказе ведамства гаворыцца, што сутнасць паправак — абавязаць замежнікаў загадзя падаць пра сябе звесткі, якія ўстановы дзяржбяспекі і праваахоўнікі змогуць выкарыстоўваць для выяўлення і прадухілення рызык для бяспекі дзяржавы і грамадства. Калі выявяцца такія рызыкі, кампетэнтныя дзяржустановы змогуць абмежаваць уезд канкрэтнай асобы ў Латвію.

Таксама былі прыведзены некалькі прыкладаў:

  • грамадзянін Беларусі з польскім ВНЖ плануе ўехаць і перасекчы Латвію «чыстым» транзітам. У яго няма ні знаёмых/сваякоў, ні адраса, ні нумара тэлефона ў Латвіі.
  • грамадзянін Беларусі з грэчаскай візай плануе ўехаць і «па дарозе» правесці ў Латвіі некалькі дзён. У яго няма ні знаёмых/сваякоў, ні адраса, ні нумара тэлефона ў Латвіі.

У такіх выпадках беларус павінен будзе запоўніць анкету eta.gov.lv, прадаставіўшы тыя звесткі, якія ў яго ёсць, уключаючы кантакты для сувязі, і чакаць рашэння. Яго адправяць на пазначаны ў анкеце емэйл роўна праз 48 гадзін пасля ўнясення інфармацыі ў сістэму. Звесткі пра знаёмых і сваякоў у Латвіі не патрэбныя.

Папраўкі распаўсюджваюцца на ўсіх замежнікаў, якія не з’яўляюцца грамадзянамі ЕС, краін НАТА, Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, Еўрапейскай эканамічнай зоны, Швейцарыі або Бразіліі — пры ўмове, што ў іх няма латвійскай візы або ВНЖ і незалежна ад таго, ці будзе Латвія транзітнай краінай або мэтай паездкі.

Беларусаў абавязалі паведамляць пра працу ў дзяржустановах і службу ў арміі пры ўездзе ў Латвію
Па тэме
Беларусаў абавязалі паведамляць пра працу ў дзяржустановах і службу ў арміі пры ўездзе ў Латвію
Латвія ўводзіць плату за электронную рэгістрацыю пры ўездзе з Беларусі
Па тэме
Латвія ўводзіць плату за электронную рэгістрацыю пры ўездзе з Беларусі

Читать на dev.by