Беларуску не пусцілі на борт Ryanair з праязным дакументам. Але яна змагла дамагчыся кампенсацыі
Канал для айцішнікаў у Польшчы апублікаваў гісторыю чытачкі, якая сутыкнулася ў праблемамі ў часе паездкі на Кіпр з праязным дакументам.
— Я збіралася паляцець у чэрвені на Кіпр да сваёй сястры, якая працуе юрысткай. У мяне праязны дакумент, бо ў майго беларускага пашпарта скончыўся тэрмін прыдатнасці. Мы першапачаткова ведалі, што могуць узнікнуць праблемы, аднак вырашылі рызыкнуць.
Папярэдне я ўсё ж набрала кіпрыёцкую амбасаду ў Варшаве, каб спытаць: ці можна мне перасякаць мяжу з праязным дакументам? Мне адказалі: «На жаль, гэтае пытанне вельмі часта паступае да нас ад грамадзян Беларусі, але мы праўда не ведаем, ці пусцяць вас, бо мы неаднаразова пісалі кіпрыётам, каб яны нам гэта патлумачылі».
«Хех, кіпрыёты», — падумала я і ўсё роўна купіла квіток. З багажом ён абышоўся мне ў 70 еўра. Зваротнага квітка на ўсялякі выпадак не брала.
Надышоў дзень вылету. Я пайшла да стойкі рэгістрацыі, папярэдне ўдакладніўшы ў работнікаў Ryanair, ці ўсё акей з маімі дакументамі. Яны адказалі, што праблем быць не павінна. Я выдыхнула і пайшла далей.
Паспяхова прайшла security check, мытню і села чакаць самалёт ля гейта.
Бліжэй да пасадкі я пачула, што супрацоўнікі Ryanair па гучнагаварыцелю запрашаюць мяне да стойкі.
Яны сказалі, што я не магу перасякаць мяжу з праязным дакументам і ДНЖ, але ёсць два варыянты:
- праязны дакумент і ў ім віза;
- пашпарт Беларусі і ДНЖ.
Мы спрабавалі спрачацца, але яны былі непахісныя і не пусцілі мяне ў самалёт.
Пасля гэтага мая сястра склала ім вялікі ліст, у якім мы падрабязна апісалі, што адбылося.
Чытачка паказала вытрымкі з гэтага ліста. У ім спасылаюцца на інфармацыю аб паездках для замежных наведвальнікаў на сайце кіпрскай амбасады. А менавіта, што «асобы, якія маюць дазвол на жыхарства, выдадзены адной з дзяржаў-сяброў Шэнгенскага пагаднення, не маюць патрэбы ў кароткатэрміновай візе для ўезду на Кіпр на тэрмін знаходжання, які не перавышае 90 дзён на працягу любога 180-дзённага перыяду» (у беларускі ёсць польскі ДНЖ). А таксама на тлумачэнне польскага МУС, што праязны дакумент замежніка пацвярджае асобу і дазваляе перасякаць мяжу.
Акрамя таго, адзначаецца ў лісце, у Дырэктыве ЕС аб стандартах кваліфікацыі грамадзян трэціх краін або асоб без грамадзянства ў якасці бенефіцыяраў міжнароднай абароны прама гаворыцца, што праязны дакумент замежніка прызначаны для паездак па-за межы краіны.
Пры канцы аўтарка папрасіла даць пісьмовае тлумачэнне прычын, з якіх беларусцы з праязным дакументам замежніка не дазволілі ўехаць у Рэспубліку Кіпр, уключаючы спасылкі на адпаведныя прававыя акты. А таксама правесці поўнае пакрыццё сродкаў.
Што было далей?
— Мне давялося доўга чакаць адказу, таму я раю перыядычна іх пінгаваць, — працягвае чытачка. — Але ў выніку яны мне адказалі, што выплацяць кампенсацыю ў памеры 400 еўра і кошт квітка ў поўным памеры. Грошы абяцалі перавесці цягам 5-7 дзён.
Я паўторна спытала, ці магу я ў будучыні лётаць на Кіпр. Мне падалося, яны не хочуць гэтага казаць, бо гэта парушэнне маіх правоў і прызнанне памылкі. Але вось што мне адказалі: «Паколькі мы атрымалі інфармацыю ад нашага іміграцыйнага аддзела, вы маглі падарожнічаць з гэтымі дакументамі. Акрамя таго, рэкамендуем вам звязацца з амбасадай і спытаць іх».
Збіраюся зноў паляцець на Кіпр у верасні. Думаю яшчэ дамагчыся афіцыйнага ліста з дазволам на праходжанне з праязным дакументам.
Читать на dev.by