Беларусы зрабілі сэрвіс для бяспечнай рэгістрацыі на мерапрыемствы

Беларускія распрацоўшчыкі атрымалі перамогу ў конкурсе сацыяльных праектаў — і за прызавыя 5000 еўра (плюс 20 000 сваіх) зрабілі бясплатны інструмент для бяспечнай рэгістрацыі на мерапрыемствы.

7 каментарыяў

Прадукт быў распрацаваны ў рамках праекта ImagineY пры частковай фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза. Распрацоўшчыкі з Comdev group запітчылі ідэю — і ў выніку забралі прыз. 

Ідэя была ў тым, што сучасныя карыстальнікі пастаянна рэгіструюцца на розныя анлайн- і афлайн-івэнты, пакідаюць свае кантактныя даныя і іншую адчувальную інфармацыю — але не ведаюць, хто мае доступ да гэтых даных і як яны захоўваюцца.

Беларуская каманда прапанавала сваё рашэнне — вэб-сэрвіс, які забяспечваў бы надзейную абарону асабістых даных усіх удзельнікаў. 

ROY.PASS рэалізавалі за паўгода. Прадукт працуе так: збірае інфармацыю, неабходную для рэгістрацыі на анлайн-мерапрыемстве, шыфруе яе асіметрычным шыфраваннем — і адпраўляе адзін з ключоў шыфравання ў выглядзе QR-кода непасрэдна ўдзельніку мерапрыемства. Другі ж ключ знаходзіцца ў адміністратара і выкарыстоўваецца для верыфікацыі ўдзельнікаў на ўваходзе. 

Аўтары кажуць, што зрабілі нават «звыш задуманага» — дадалі праграмкі для адміністратара, каб апрувіць заяўкі на ўдзел ад карыстальнікаў з тэлефона і сканаваць квіткі на ўваходзе. 

Паводле слоў распрацоўшчыкаў, ROY.PASS — вельмі просты сэрвіс з інтуітыўна зразумелым інтэрфейсам. Працэс рэгістрацыі з ім займае ўсяго некалькі хвілін. Плюс прадукт інтэграваны з тэлеграмам і платформай ROY.TEAM (распрацаваная для дапамогі кам’юніці-менеджарам у кіраванні і маштабаванні супольнасцяў — заўв. рэд.).

Асноўныя перавагі ROY.PASS, паводле слоў распрацоўшчыкаў сэрвісу:

  • шыфраванне даных: асабістая інфармацыя ўдзельнікаў надзейна зашыфраваная і не захоўваецца ў адкрытым выглядзе;
  • хуткая і зручная рэгістрацыя. Удзельнікі атрымліваюць QR-код, які можна лёгка і хутка праверыць, адсканаваўшы на ўваходзе.
  • адсутнасць спісаў і анкет: даныя ўдзельнікаў захоўваюцца ў зашыфраваным выглядзе, а ключ захоўваецца асобна, на прыладзе кожнага ўдзельніка, што выключае любую магчымасць уцечкі інфармацыі.
  • выключэнне выпадковых людзей: доступ да мерапрыемства атрымліваюць толькі зарэгістраваныя ўдзельнікі.

Распрацоўшчыкі з Comdev group даўно працуюць як каманда — робяць лічбавыя інструменты і навучальныя курсы для кам’юніці-менеджараў. Адкрылі юрыдычную асобу ў Літве.


Читать на dev.by