Прымусілі працаваць бясплатна. Супольнасць папулярных афлайн‑картаў Organic Maps папярэдзіла фаўндараў
На канфлікт сузаснавальнікаў опэнсорс-праекта Organic Maps адрэагавала супольнасць кантрыб’ютараў. Яны просяць фаўндараў падзяліцца сваім бачаннем будучыні і папярэджваюць, што некаторыя ўдзельнікі ўжо пачалі рыхтаваць форк.
На канфлікт сузаснавальнікаў опэнсорс-праекта Organic Maps адрэагавала супольнасць кантрыб’ютараў. Яны просяць фаўндараў падзяліцца сваім бачаннем будучыні і папярэджваюць, што некаторыя ўдзельнікі ўжо пачалі рыхтаваць форк.
Гісторыя з часовай блакіроўкай на GitHub рэпазіторыя Organic Maps раскрыла канфлікт сузаснавальнікаў — беларусаў Віктара Гавакі і Аляксандра Барсука з аднаго боку і расіяніна Рамана Цісіка з другога. Як выявілася, Цісік пазбавіў Барсука і Гаваку статусу ўладальнікаў рэпазіторыя, бо ў яго назапасіліся прэтэнзіі да партнёраў (яны пералічаныя тут).
Пасля таго як канфлікт стаў публічным, у афіцыйным Telegram‑чаце Organic Maps і на іншых пляцоўках з’явіўся адкрыты ліст кантрыб’ютараў да фаўндараў, пад якім ужо 166 верыфікаваных подпісаў удзельнікаў.
Складальнікі ліста пішуць, што Organic Maps ствараўся і прасоўваўся як адкрыты грамадскі праект, таму тое, што «большасць акцыянераў лічаць яго сваёй выключнай уласнасцю», выклікае трывогу.
«Як добраахвотныя ўдзельнікі, якія працуюць дзеля, як мы лічым, агульнага дабра, мы расчараваныя тым, што, відаць, нас падманулі, прымусіўшы працаваць бясплатна, каб павысіць ацэнку кампаніі і, адпаведна, капітал акцыянераў — з магчымай мэтай прадаць кампанію або інакш манетызаваць праект», — гаворыцца ў лісце.
Яго аўтары хочуць атрымаць гарантыі, што грамадскі праект не будзе манетызаваны або прададзены. У сувязі з гэтым яны пытаюцца ў фаўндараў пра планы рэарганізаваць ТАА ў некамерцыйную структуру або перадаць актывы праекта аўтарытэтнаму незалежнаму фонду.
Яны таксама выказваюць расчараванне непразрыстасцю фінансаў і просяць раскрыць усе даходы і выдаткі праекту з моманту запуску ў снежні 2020 года. Акрамя таго, іх непакоіць тое, што нават ветэраны праекта не былі прыцягнутыя да вырашэння важных пытанняў.
«Мы лічым, што ўсе значныя ўдзельнікі павінны мець голас у кіраванні праектам. Павінна быць здаровая ратацыя незалежнага савета праекта. Паўнамоцтвы членаў савета дырэктараў павінны ўраўнаважвацца падсправаздачнасцю і празрыстасцю, а акцыянеры не павінны скасаваць рашэнні савета дырэктараў», — адзначаецца ў лісце.
У ім таксама сцвярджаецца, што Раман Цісік ужо выказаў сваю пазіцыю (верагодна, вось гэту), а Віктар Гавака і Аляксандр Барсук — не.
Акрамя таго, у лісце гаворыцца, што частка супольнасці ўжо пачала падрыхтоўку да форку (адгалінавання).
«Яшчэ ёсць надзея на лепшы вынік, таму гэты адкрыты ліст — апошні крок перад запускам форку», — рэзюмуюць аўтары.
Супольнасць абяцае абнавіць інфармацыю не пазней за 25 красавіка.
Organic Maps
бясплатная аплікацыя для аўтаномнай навігацыі з адкрытым зыходным кодам, якая выкарыстоўвае картаграфічныя дадзеныя з OpenStreetMap. Працуе афлайн пасля папярэдняй запампоўкі карт. Распрацоўваецца супольнасцю валанцёраў. Кіруецца юрыдычнай асобай, зарэгістраванай у Эстоніі.
Праект Organic Maps адгалінаваўся ад распрацаванага беларусамі картаграфічнага сэрвісу Maps.me пасля таго, як у 2020 годзе Mail.ru Group прадала сэрвіс кампаніі Daegu Limited.
Праз месяц пасля ўгоды на iOS выйшла абнаўленне Maps.me, якім многія карыстальнікі засталіся незадаволеныя. У выніку члены старой каманды Maps.me Аляксандр Барсук і Віктар Гавака, а таксама Раман Цісік запусцілі ініцыятыву па аднаўленні выгляду аплікацыі да абнаўлення. Да іх далучыліся карыстальнікі сэрвісу. Так нарадзіўся праект Organic Maps. Ён робіць акцэнт на канфідэнцыяльнасці, заяўляючы, што не адсочвае месцазнаходжанне карыстальніка і не збірае асабістыя дадзеныя.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.
давайце форк і хай там ён сабе што заўгодна робіць!