Байнэт сёння адзначае дзень народзінаў. Вось колькі ў інтэрнэце беларускіх сайтаў
5 мая нацыянальнаму дамену .BY спаўняецца 31 год. Эксперты hoster.by, які абслугоўвае больш за дзве траціны анлайн-праектаў Беларусі, падзяліліся лічбамі пра наш сегмент інтэрнэту.
Дамены
У Беларусі ёсць два нацыянальныя дамены — .BY і .БЕЛ. Сайты ў іншых даменных зонах таксама лічацца часткай Байнэта, калі фізічна размешчаны на беларускіх серверах.
У нацыянальных зонах зарэгістравана каля 150 тысяч імёнаў. З іх 90% прыпадае на дамен .BY (134 тысячы адрасоў), на .БЕЛ — 10% (троху больш за 15 тысяч адрасоў).
Сярод даменаў у іншых зонах у беларусаў найбольш папулярныя .COM, .RU, .SITE, .XYZ, .ONLINE і .PRO. За мінулы год прыкметную станоўчую дынаміку паказаў толькі апошні, а самы вялікі рост — больш чым у 2 разы — прадэманстраваў дамен для інтэрнэт-крам .STORE.
Такіх адрасоў налічваецца каля 30 тысяч. Такім чынам, сумарна ў беларускім інтэрнэт-сегменце на пачатак 2025 года — прыблізна 180 тысяч адрасоў.
Сайты
Далёка не ўсе даменныя імёны вядуць на працуючыя сайты — значная частка выкарыстоўваецца для пераадрасацыі, то бок адзін сайт можа мець некалькі даменаў. Таксама шмат імёнаў набытыя для перапродажу або для будучых праектаў. Яны не выкарыстоўваюцца або спасылаюцца на «парковачную старонку».
Паводле ацэнак hoster.by, у Байнэце 105–112 тысяч анлайн-праектаў: ад маленькіх старонак-заглушак да найбуйнейшых інтэрнэт-крам. Найбольш папулярным рухавіком застаецца WordPress, яго выкарыстоўваюць 54% адрасоў. Далей ідуць «1С-Бітрыкс» (34%) і Tilda (6%).
Інфраструктура
У Беларусі каля 10 асноўных адкрытых ЦАДаў, што надаюць паслугі хостынгу і размяшчэння сервераў. Агульная працягласць высокахуткасных оптавалаконных ліній у краіне перавысіла 220 тысяч км — гэта больш за палову адлегласці ад Зямлі да Месяца.
Прапускная здольнасць знешняга інтэрнэт-шлюза — максімальнага аб’ёму трафіку, які можа праходзіць праз пункт падключэння сеткі да глабальнага інтэрнэту, — складае 4000 Гбіт/с. Гэты паказчык вырас у 2,5 раза за апошнія 5 гадоў, аднак па хуткасці інтэрнэту Беларусь пакуль знаходзіцца ў сярэдзіне сусветнага рэйтынгу.
Читать на dev.by