Урад вызначыў, як будзе працаваць сістэма сачэння за інтэрнэт-карыстальнікамі
Урад прыняў пастанову аб функцыянаванні спецыяльнай інфармацыйнай сістэмы. З яе дапамогай спецслужбы змогуць атрымліваць доступ да баз даных карыстальнікаў сайтаў і правайдараў сувязі. Дакумент быў апублікаваны на pravo.by
Новая пастанова прынятая ў развіццё ўказа № 368 аб стварэнні інфармацыйнай сістэмы электроннага ўзаемадзеяння са спецслужбамі. Гэты дакумент быў прыняты яшчэ ўвосень мінулага года.
Згодна з пастановай урада, карыстацца інфармацыйнай сістэмай электроннага ўзаемадзеяння будуць:
- аператыўна-аналітычны цэнтр пры Лукашэнку;
- КДБ;
- пастаўшчыкі паслуг электрасувязі;
- уладальнікі інтэрнэт-рэсурсаў.
Адная з асноўных функцый інфармацыйнай сістэмы — улік і адлюстраванне інфармацыі пра пастаўшчыкоў паслуг электрасувязі і ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў.
Карыстальнікі інфармацыйнай сістэмы змогуць абменьвацца звесткамі, у тым ліку паведамленнямі і дакументамі, неабходнымі ім і органам, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць.
Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Лукашэнку і КДБ будуць атрымліваць ад БелДІЭ звесткі пра рэгістрацыю ў інфармацыйнай сістэме пастаўшчыка паслуг электрасувязі, уладальніка інтэрнэт-рэсурсу.
Як паведамлялася раней, распрацоўваць інфармацыйную сістэму электроннага ўзаемадзеяння будзе «Цэнтр лічбавага развіцця».
Згодна з указам № 368, ААЦ і КДБ будуць складаць спісы «пастаўшчыкоў паслуг электрасувязі» і ўладальнікаў сайтаў, якія маюць далучыцца да сістэмы «на бязвыплатнай аснове».
Яны маюць зарэгістравацца ў інфармацыйнай сістэме на працягу месяца, а на працягу трох месяцаў — даць ААЦ і КДБ:
«кругласутачны аддалены доступ да баз даных, аўтаматызаваных сістэм, якія змяшчаюць інфармацыю пра карыстальнікаў, аказаныя гэтым карыстальнікам паслугі электрасувязі, інтэрнэт-паслугі, а таксама паслугі, аказаныя з выкарыстаннем інтэрнэт-рэсурсу, якія не з’яўляюцца паслугамі электрасувязі, інтэрнэт-паслугамі».
Калі правайдары і ўладальнікі сайтаў не змогуць падключыцца да САВМ, іх могуць заблакаваць паводле рашэння ААЦ і КДБ.
Читать на dev.by