«Slush, you suck». Мікада пра скандал вакол Immigram
Конкурс пітчаў Slush ануляваў перамогу платформы Immigram праз «сувязі» з Расіяй, выхадцамі з якой з’яўляюцца яе заснавальнікі. Мікіта Мікада інвеставаў у стартап і лічыць, што яго пазбавілі перамогі незаслужана — фаўндары і працаўнікі Immigram падтрымлівалі Украіну і дапамагалі навукоўцам і айцішнікаў пераязджаць у Вялікабрытанію.
18 лістапада Immigram перамог у міжнароднай праграме Slush 100 — конкурсе пітчаў для стартапаў на ранніх стадыях развіцця. У якасці ўзнагароды ён меўся атрымаць €1 млн ад інвестфондаў Accel, General Catalyst, Lightspeed Venture Partners, NEA і Northzone.
Але ўжо праз 21 гадзіну арганізатары заявілі, што журы «правядзе дбайную праверку дзейнасці Immigram», бо праграма не прымае заяўкі ад расійскіх праектаў праз вайну ва Украіне. У самім Immigram заявілі, што праект заснавалі імігранты, а базуецца ён у Вялікабрытаніі.
Стартап запусцілі ў 2019 годзе расійцы Анастасія Міралюбава і Міхаіл Шаронаў. Ён дапамагае ІТ-спецыялістам атрымаць візу Global Talent, пераехаць у Вялікабрытанію, знайсці там кватэру і адкрыць банкаўскі рахунак. Кампаніям праект можа прапанаваць кандыдатаў з уласнай базы суіскальнікаў.
На пачатку 2022 года ў праект уклаўся Мікіта Мікада.
Заснавальнік PandaDoc Мікіта Мікада пракаментаваў сітуацыю вакол Immigram на сваёй старонцы ў LinkedIn (прыводзім яго словы цалкам у перакладзе з англійскай):
— Immigram.io выйграў Slush-2022. Конкурс меў вялікі прыз — інвестыцыі ў памеры 1 млн еўра. Гэтая перамога цяпер ператварылася ў велізарную драму.
Я інвеставаў у Immigram і яго цудоўную заснавальніцу, Анастасію Міралюбаву, яшчэ ў 2021 годзе. Лічу, людзі не павінныя губляць магчымасці праз сваё месца нараджэння. Місія Immigram палягае якраз у гэтым — сціраць межы для талентаў. Стартап дапамог многім сотням навукоўцаў, інжынераў і прадпрымальнікаў з Беларусі, Украіны, Расіі, Індыі, Нігерыі, Бразіліі і іншых краін атрымаць брытанскую візу талентаў (UK Talent Visa).
Я думаю, што візы для талентаў (уключна з O1-Visa ў ЗША) і такія сэрвісы, як Immigram, могуць дапамагчы адолець дыктатуры ў доўгатэрміновай перспектыве — і гэта было яшчэ адной прычынай для маіх інвестыцый у стартап. Тэхналогіі маюць вялікае значэнне ў сучасным свеце (і для вайны таксама). Мы не хочам, каб пуцінскі рэжым меў доступ да АІ-інжынераў і навукоўцаў, якім Immigram дапамагае пераехаць у Вялікабрытанію. Мы хочам, каб яны ўносілі свой унёсак у дэмакратыі.
Immigram і яе заснавальнікі цяпер знаходзяцца пад пільнай увагай. У чым прычына? Спрэчка пачалася праз тое, што заснавальнікі Immigram нарадзіліся ў Расіі (нягледзячы на тое, што пакінулі яе больш як 6 гадоў таму).
Я разумею, чаму ўкраінская тэхналагічная супольнасць так злуецца праз перамогу Immigram (і суперажываю гэтаму). Расійскія ракеты і беспілотнікі руйнуюць украінскія гарады і забіваюць нявінных людзей. Увесь народ адчувае боль.
Аднак давайце не будзем спяшацца з меркаваннямі. Вось дзеянні Immigram ад пачатку расійскага ўварвання ва Украіну. Яны…
- Публічна выказваліся супраць вайны, ставілі антываенныя аватаркі ў сацсетках і данацілі на ўкраінскую дабрачыннасць, нягледзячы на рызыкі пераследу для іх блізкіх у Расіі.
- Купілі аўтамабіль хуткай медыцынскай дапамогі і адправілі на ўкраінскі фронт.
- Прапанавалі 100%-зніжку на пераезд для ўсіх украінцаў і дапамаглі многім пераехаць у бяспечнае месца.
- Рэлакавалі ўсіх сваіх супрацоўнікаў з Расіі, каб скараціць падтрымку расійскага ўрада сваімі падаткамі.
- CEO асабіста ўдзельнічаў у антываенных пратэстах.
- Ужо пасля негатыўнай рэакцыі (пасля перамогі ў конкурсе. — заўв. dev.by) кампанія вырашыла ахвяраваць $100 тыс. з прыза ўкраінскім дабрачынным арганізацыям.
Мы не можам нічым апраўдаць дзеянняў расійскага ўрада і яго прыхільнікаў. Аднак Анастасія не ўваходзіць у іх лік, як і Immigram. Некаторыя ў Крамлі цяпер могуць піць шампанскае: іх ворагі-дысідэнты цяпер пераследуюцца іншымі іх (некаторых у Крамлі) ворагамі.
Нягледзячы на чаканы хейт у каментарах, я буду працягваць падтрымліваць Украіну і яе народ, а таксама людзей любой расы і паходжання, якія хочуць рабіць дабро. Ведаючы Анастасію, я ўпэўнены — яна таксама.
Slush, вы адстой. Калі вы вырашылі быць неперадузятымі ў адносінах да нацыянальнасці ўдзельнікаў, выконвайце гэтае правіла да канца. Вы вельмі добра ведалі, што фаўндары Immigram нарадзіліся ў Расіі.
Читать на dev.by