SpaceX звольніла 9 супрацоўнікаў, якія адкрыта раскрытыкавалі Маска за Twitter

9 супрацоўнікаў касмічнай кампаніі, заснаванай Іланам Маскам, былі выстаўленыя за дзверы гэтым летам за адкрыты ліст, у якім асудзілі паводзіны боса ў публічнай прасторы, піша New York Times.

Пакінуць каментарый

Ліст з’явіўся 15 чэрвеня. Аўтары заклікалі SpaceX ушчунуць Маска, назваўшы «згубнымі» яго паводзіны ў Twitter. Яны дадалі, што гэта адцягвае іх ад працы і што ім за яго сорамна. Лісту папярэднічаў матэрыял Insider пра тое, як SpaceX замяла абвінавачванні ў сэксуальных дамаганнях на адрас Маска, а ён аджартоўваўся пра іх у Twitter.

У лісце таксама заклікалі SpaceX «падзяляць сябе і асабісты брэнд Ілана» і выразна пазначыць, што пасты Маска «не адлюстроўваюць нашай дзейнасці, нашай місіі і нашых каштоўнасцей».

Наступнага дня SpaceX звольніла арганізатараў ліста. На той момант іх колькасць была дакладна не вядомая, але цяпер NYT паводле слоў экс-супрацоўнікаў і іх адвакатаў паведамляе, што звольненых было 9. Пра тое, што яны больш не працуюць у SpaceX, ім паведамілі па электроннай пошце.

У гэтую сераду восем з дзевяці звольненых падалі скаргу ў Нацыянальнае ўпраўленне па працоўных зносінах ЗША. Яны сцвярджаюць, што сваімі дзеяннямі SpaceX парушыла працоўнае заканадаўства.

Двое супрацоўнікаў расказалі NYT, што наступнага дня па звальненнях кампанія праводзіла мітынг з 20 інжынерамі. На ім адзін з віцэ-прэзідэнтаў SpaceX сказаў, што аўтары ліста паплаціліся працай за тое, што крытыкавалі Маска і адцягвалі кампанію.

«SpaceX — гэта Ілан, а Ілан — гэта SpaceX», — заявіў тады топ-менеджар.

Раней за адкрытую крытыку бізнэсоўца ў сацсетцы былі звольненыя два дзясяткі працаўнікоў Twitter.

Маск звальняе супрацоўнікаў Twitter, якія публічна крытыкуюць яго
Па тэме
Маск звальняе супрацоўнікаў Twitter, якія публічна крытыкуюць яго

Читать на dev.by