ЗША абвінавацілі Кітай і Расію ў паляванні на сваіх айцішнікаў і тэхналогіі з дапамогай прыгожых дзяўчат

Кітай і Расія вядуць «сэксуалізаваную вайну» супраць ЗША, каб выманіць у працаўнікоў Крамянёвай даліны карпаратыўныя сакрэты, піша The Times. Паводле выдання, замежныя агенткі знаёмяцца з інжынерамі і інвестарамі, выходзяць за іх замуж і нават заводзяць дзяцей, каб атрымаць доступ да закрытых дадзеных.

6 каментарыяў

Дырэктар па карпаратыўнай разведцы Pamir Consulting Джэймс Мэлвенон распавёў, што ў апошні час атрымлівае «масу вытанчаных запытаў у LinkedIn ад маладых кітаянак». Па яго словах, такія спробы «заўважна пачасціліся». Ён назваў такія «мядовыя пасткі» адной з самых уразлівых кропак амерыканскіх кампаній, бо ЗША не выкарыстоўваюць такія метады, і гэта дае супернікам асіметрычную перавагу.

Паводле былых афіцэраў контрразведкі, Расія і Кітай цяпер дзейнічаюць не праз прафесійных шпіёнаў, а праз звычайных грамадзян — інвестараў, бізнесменаў, крыптааналітыкаў і навукоўцаў, з-за чаго выявіць сачэнне робіцца складаней. Адзін з іх распавёў пра «прыгожую рускую жанчыну», якая працавала ў аэракасмічнай кампаніі, выйшла замуж за калегу-амерыканца і паралельна спрабавала ўліцца ў асяроддзе ваенных інаватараў. «Муж нічога не падазрае. А яна проста праводзіць бестэрміновую аперацыю», — сказаў крыніца.

Па ацэнцы амерыканскай камісіі па крадзяжы інтэлектуальнай уласнасці, эканоміка ЗША штогод губляе да $600 млрд з-за прамысловага шпіянажу, галоўным чынам з боку Кітая. Улады сцвярджаюць, што Пекін арганізуе конкурсы для стартапаў за мяжой, дзе ўдзельнікі міжволі раскрываюць свае бізнес-ідэі і тэхналогіі, а пераможцаў прымушаюць пераносіць распрацоўкі ў Кітай.

Былы аналітык урада ЗША Джэф Стоф кажа, што Пекін «выдатна разумее ўразлівасці амерыканскай сістэмы і дзейнічае амаль беспакарана». Па яго словах, «гэта сапраўдны Дзікі Захад: Кітай цэліцца ў стартапы, універсітэты і абаронныя праекты, а кантролю дагэтуль няма».

Д — давер: ЕС цяпер выдае аднаразовыя тэлефоны для паездак у ЗША, як у Кітай
Па тэме
Д — давер: ЕС цяпер выдае аднаразовыя тэлефоны для паездак у ЗША, як у Кітай
Паўночнакарэйскія хакеры прыкідваюцца працадаўцамі і палююць на Python-распрацоўшчыкаў
Па тэме
Паўночнакарэйскія хакеры прыкідваюцца працадаўцамі і палююць на Python-распрацоўшчыкаў

Читать на dev.by