У стартапа з расійскімі каранямі і інвестыцыямі Мікада адабралі перамогу за паходжанне
Конкурс пітчаў Slush ануляваў перамогу брытанскай платформы Immigram праз «сувязі» з Расіяй, выхадцамі з якой з’яўляюцца яе заснавальнікі. На пачатку года ў праект уклаўся Мікіта Мікада.
18 лістапада Immigram перамог у міжнароднай праграме Slush 100 — конкурсе пітчаў для стартапаў на ранніх стадыях развіцця. У якасці ўзнагароды ён меўся атрымаць €1 млн ад інвестфондаў Accel, General Catalyst, Lightspeed Venture Partners, NEA і Northzone.
Але ўжо праз 21 гадзіну арганізатары заявілі, што журы «правядзе дбайную праверку дзейнасці Immigram», бо праграма не прымае заявак ад расійскіх праектаў праз вайну ва Украіне. У самым Immigram заявілі, што праект заснавалі імігранты, а базуецца ён у Вялікабрытаніі.
У панядзелак днём Immigram паведаміў пра зняцце сваёй кандыдатуры з удзелу ў конкурсе — гэта было зроблена яшчэ да абвяшчэння пра ануляванне перамогі. «Пасля выйгрышу на нас абрынулася велізарная колькасць негатыву, нянавісці і нават персанальных пагроз — мы лічым гэта недапушчальным. У сувязі з гэтым мы прынялі і апублікавалі рашэнне пра выхад з конкурсу да афіцыйнай заявы Slush. Нягледзячы на гэта, мы ганарымся сваім выступленнем і сваёй перамогай. Мы працягнем будаваць стартап для талентаў з усяго свету, незалежна ад колеру пашпарта — той факт, што мы не атрымалі інвестыцый з прычыны дыскрымінацыі, толькі падмацоўвае нашыя намеры», — расказалі парталу vc.ru ў праекце.
Заяву пра гэта выпусцілі і арганізатары Slush. Яны звярнуліся да інвестфондаў, якія меліся пералічыць праекту «прызавыя», з просьбай адклікаць сродкі. Арганізатары конкурсу папрасілі прабачэння за «промах» і адзначылі, што ім варта было дбайней правяраць удзельнікаў.
Стартап запусцілі ў 2019 годзе расійцы Анастасія Міралюбава і Міхаіл Шаронаў. Ён дапамагае ІТ-спецыялістам атрымаць візу Global Talent, пераехаць у Вялікабрытанію, знайсці там кватэру і адкрыць банкаўскі рахунак. Кампаніям праект можа прапанаваць кандыдатаў з уласнай базы суіскальнікаў.
Immigram сцвярджае, што дапамог больш як 350 спецыялістам, сярод якіх супрацоўнікі Google, Samsung, Revolut, Atlas, Badoo і іншых. У красавіку кампанія прыцягнула свае першыя інвестыцыі — $500 тысяч.
Пасля адклікання кандыдатуры стартап паведаміў на сваёй старонцы ў LinkedIn, што працягне падтрымліваць Украіну. У Immigram адзначаюць, што пасля ўварвання Расіі ў краіну вырашылі працаваць бясплатна для ўкраінскіх кліентаў і карыстальнікаў. $100 тысяч з атрыманых €1 млн інвестыцый планавалася ахвяраваць украінскім уцекачам.
Читать на dev.by