«Стратэгія развіцця»: БДУ рэзка скараціць прыём платнікаў і наогул студэнтаў у 2025
Падчас уступнай кампаніі гэтага года галоўны ўніверсітэт краіны прыме менш студэнтаў. Скарачэнні закрануць перш за ўсё месцы платнай формы навучання. Пра гэта распавёў рэктар БДУ Андрэй Кароль агенцтву «Мінск-Навіны».
«Скарачэнне месцаў на платнай форме навучання — як дзённай, так і завочнай — гэта адна са стратэгій развіцця ВНУ. І рэакцыя на запыт дзяржавы», — адзначыў Кароль. Ён дадаў, што сёлета колькасць бюджэтных месцаў павялічыцца на 19. Год таму прырост складаў 400 месцаў.
Усяго БДУ плануе прыняць на праграмы агульнай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі 4193 студэнты. Гэта на дзве сотні менш, чым летась — тады было 4408.
План на дзённую бюджэтную форму складае 2538 студэнтаў — у 2024-м годзе было 2519. На завочную бюджэтную прымуць 112 чалавек супраць 104 у 2024.
На платную дзённую форму чакаюць 1401 студэнта (у 2024-м годзе — 1509), на завочную — 142 студэнты (у 2024 годзе — 276). План на завочную форму для атрымання другой вышэйшай адукацыі — 50 чалавек (у 2024-м годзе было 103).
Таксама на днях паведамлялася, што беларускае Міністэрства адукацыі вылучыла каля 900 бюджэтных месцаў у нашых ВНУ для расійскіх студэнтаў.
Читать на dev.by