«Прававых падстаў не ўтрымліваецца». Streamline патлумачыла прычыну сваёй ліквідацыі

На сайце Streamline з’явілася заява ад імя яе дырэктара і заснавальніка. Школа закрываецца ў сувязі з «няпростымі прававымі абставінамі».

44 каментарыяў

Нагадаем, інфармацыя пра ліквідацыю навучальнага цэнтра «Адукацыйныя тэхналогіі», вядомага пад брэндам Streamline Language School, з’явілася ўчора на сайце Адзінага дзяржрэгістра. Працэдура ліквідацыі, як высветлілася, была запушчана я17 кастрычніка. 

У заяве ад кіраўніцтва навучальнага цэнтра гаворыцца, што 22 кастрычніка ўпраўленне юстыцыі Мінгарвыканкама давяло да супрацоўнікаў «Адукацыйных тэхналогій» інфармацыю пра пачатак ліквідацыі. Прававых падстаў, якія паслужылі нагодай для ліквідацыі навучальнага цэнтра ў ёй «не змяшчаецца». Самога рашэння Streamline так і не атрымаў, а працэдуру і парадак ліквідацыі да іх не давялі. 

Рахункі вучэбнага цэнтра заблакаваныя ад 3 кастрычніка, праз што любыя разлікі, у тым ліку выплаты па заработнай плаце, а таксама звароты за неаказаныя паслугі і іншыя выплаты супрацоўнікам і кліентам немагчымыя. Але ўвесь гэты час выкладчыкі і супрацоўнікі Streamline працягваюць працаваць. 

— Мы спадзяваліся, што нашыя звароты дазволяць гарантаваць захаванне сацыяльных гарантый у дачыненні да супрацоўнікаў і дамоўных забавязанняў перад кліентамі і партнёрамі. Аднак усе нашыя звароты да цяперашняга часу застаюцца без адказу, — гаворыцца ў заяве.

Улічваючы сітуацыю, «Адукацыйныя тэхналогіі» вымушаныя спыніць працаваць. «Пры гэтым у цяперашні час навучальны цэнтр не мае аб’ектыўнай магчымасці вярнуць грашовыя сродкі навучэнцам за неаказаныя паслугі».

Дырэктар Streamline нагадвае, што кліенты школы маюць права звярнуцца па тлумачэнні наконт абароны сваіх законных правоў у галоўнае ўпраўленне юстыцыі Мінгарвыканкама, а таксама ў іншыя ўпаўнаважаныя дзяржаўныя органы і ў суд.

— Мы шчыра дзякуем усім і кожнаму з вас за тое, што вы былі з намі ўсе гэтыя гады, за давер і сумесныя дасягненні ў засваенні новых ведаў, — гаворыцца ў самым канцы заявы.


Читать на dev.by