Сусветны лідар па чыпах згортваецца ў Мінску праз санкцыі. На рэлакейт супрацоўніка — да 35К
У Мінску могуць закрыць офіс паўднёвакарэйскай SK Hynix (топ-3 сусветных вытворцаў паўправаднікоў, топ-5 вытворцаў аператыўнай памяці).
Праца кампаніі абмежаваная праз санкцыі, каманду рэлакуюць у Польшчу. Тых, хто адмовіцца ад пераезду, могуць звольніць. Пра гэта dev.by на ўмовах ананімнасці расказалі некалькі супрацоўнікаў SK hynix memory solutions Eastern Europe (да 2018 года — Softeq Flash Solutions). Кампанія не каментуе.
Да вайны ва Украіне ў мінскім офісе SK Hynix працавала больш за 200 чалавек. Колькасць каманды, якая цяпер знаходзіцца ў Беларусі, невядомая.
— Ад лета ў Польшчу рэлакаваліся каля 100 чалавек. Частка супрацоўнікаў сышла ў іншыя кампаніі, хаця цякучкі ў SK Hynix раней ніколі не было, бо ўмовы ў Беларусі па заробку былі вышэйшымі за рынак. Некаторыя стаміліся ад адсутнасці крутых праектаў. Праз санкцый з боку ЗША і Паўднёвай Карэі ў нас цалкам адсутнічала камунікацыя і доступ да рэсурсаў і сервераў, размешчаных у Мінску. Нават ліцэнзіі на розныя IDE і тулы нельга было набываць для мінскага офіса. Хтосьці сышоў праз нявызначанасць, — расказваюць супрацоўнікі.
Першапачаткова меркавалася, што астатнія спецыялісты будуць працаваць на ўнутраных праектах. Потым, паводле слоў суразмоўцаў, канцэпцыя змянілася. Кампанія паведаміла, што тых, хто адмовіцца рэлакавацца ў Польшчу без паважнай прычыны (нявырашаныя пытанні з ваенкаматам, хвароба, не далі візу і г. д), звольняць, альбо такім спецыялістам пагоршаць умовы — знізяць заробак, абавяжуць хадзіць у офіс. Рашэнне трэба было прыняць да канца лістапада.
— У 2023 годзе мінскі офіс збіраюцца закрыць. Пакуль ён працуе, але арэндныя плошчы скарацілі. У штаце ёсць інжынеры, што праўда, яны не працуюць над добрымі і свежымі праектамі. Засталася прыкладна палова каманды, новых спецыялістаў не наймаюць, — кажа суразмоўца.
Куды прапануюць пераязджаць і на якіх умовах?
Яшчэ ўвесну кампанія агучыла супрацоўнікам планы па рэлакацыі ў Гданьск і працаўладкаванні ў іншую кампанію — Solidigm. Гэта даччыная структура SK Hynix, якая была створаная ў выніку ўгоды з Intel.
Увосень 2020 года SK Hynix дамовілася пра куплю бізнэсу Intel па вытворчасці чыпаў памяці NAND. Сума ўгоды — 9 мільярдаў долараў. У студзені 2021 года завяршылася першая фаза продажу (заключны этап угоды пройдзе ў сакавіку 2025 года). Тады ж SK Hynix анансавала запуск даччынага падраздзялення Solidigm.
Сёлета ў верасні Solidigm адкрыла першы ў Польшчы аперацыйны цэнтр у Гданьску. Да канца гэтага года кампанія планавала адкрыццё ў Гданьску офіса ў Alpha Airport City.
Але, паводле слоў супрацоўнікаў, дакладныя тэрміны пакуль невядомыя.
— Абяцалі офіс ад новага года, але апошнім часам ніякай больш дакладнай інфармацыі на гэты конт не было. Была інфармацыя, што ў офісе не ўсім польскім спецыялістам хопіць месца, не кажучы ўжо пра рэлакантаў. Пакуль працуем аддалена. Працы значна дадалося, а супрацоўнікаў няма.
Ці будзе далей расці польскі офіс за кошт новых рэлакантаў з Беларусі, невядома. Многія спецыялісты SK Hynix адмовіліся пераязджаць у Польшчу ў тым ліку праз умовы рэлакацыі.
З нагоды рэлакейт-праграмы меркаванні супрацоўнікаў падзяліліся.
«Датэрмінова звальняешся — вяртаеш выдаткі на рэлакейт»
Кошт рэлакацыі аднаго супрацоўніка ацэньваецца ў суму да 35 тысяч долараў (лічбу агучылі тры спікеры). Уваходзіць:
- 4 тысячы долараў — рэлакейт-бонус;
- 10 тысяч долараў — на перавозку рэчаў;
- кошт паслугі па пошуку пастаяннай кватэры (да 4 дзён працы рыэлтара);
- кошт арэнды часовага жытла да 60 дзён;
- дапамога ў падачы падатковай дэкларацыі за 2022 год.
— На рукі ты атрымліваеш 14 тысяч долараў (бонус+грошы на перавозку рэчаў). Астатнія паслугі выконваюць падрадчыкі. Кантралюе ўвесь працэс і аплачвае працу падрадчыкаў кампанія, спецыяльна нанятая SK Hynix.
Калі супрацоўнік адпрацаваў менш за два гады (730 дзён) і вырашыў звольніцца, то яму прыйдзецца пакрыць усе выдаткі на пераезд разам з падаткамі, якая кампанія заплаціць у працэсе рэлакацыі. Сума кампенсацыі будзе разлічвацца з улікам адпрацаванага часу. Чым больш дзён адпрацаваў, тым менш прыйдзецца вяртаць. Па факце адмовіцца ад паслугі па рэлакацыі няможна. У кантракце прапісана, што нас рэлакуе пэўная кампанія і пры датэрміновым звальненні менавіта ёй трэба будзе ўсё выплаціць.
(Адзін з суразмоўцаў сцвярджае, што ад бонусаў можна адмовіцца — заўв. dev.by).
«Нічога не згубіў»
— Кампанія дапамагла з візамі, афармленнем, падатковым суправаджэннем і пошукам жытла ў Польшчы. Прапанавала добры рэлакацыйны пакет. Заробак у сярэднім паднялі на 10-15% у параўнанні з мінскім. Што праўда, праз падаткі чыстымі на рукі выходзіць менш, але за кошт розных бонусаў гэтыя страты кампенсуюцца. Можна лічыць, што ў грошах нічога не страціў.
«Заробак стаў ніжэйшы»
— Польскі заробак нам разлічвалі, зыходзячы з беларускага заробку, павялічанага на 10 або 15% (у залежнасці ад пасады), і курса злотага да долара. Амаль усе пераязджалі ад жніўня да лістапада, тады курс злотага даходзіў да 5. Але па факце заробак разлічылі па менш выгаднаму курсе. З улікам высокіх падаткаў (32%) заробак у Польшчы ў параўнанні з Беларуссю паменшыўся. Кампанія паспрабавала гэта кампенсаваць за кошт sign in бонуса, але ён усё роўна не перакрывае падзення заробку.
Мы звярнуліся па каментары ў кампанію, а таксама да CEO мінскага офіса, але адказаў не атрымалі.
Холдынг SK hynix уваходзіць у топ-3 сусветных вытворцаў паўправаднікоў і спецыялізуецца на вытворчасці рашэнняў на аснове паўправадніковай памяці тыпу DRAM і NAND Flash, а таксама КМОП-сэнсараў.
Беларускае падраздзяленне SK Hynix было адкрытае ў 2014 годзе. Кампанія займаецца распрацоўкай убудаванага праграмнага забеспячэння і верыфікацыяй кантролераў цвёрдацельных накапляльнікаў (SSD) і накапляльнікаў мабільных прылад. Рашэнні выкарыстоўваюцца ў прадуктах сусветных кампаній і лідараў індустрыі.
На пачатку сакавіка стала вядома, што ЗША ўвядзе абмежаванні на імпарт тэхналогій у Беларусь. Раней такія абмежаванні былі ўведзеныя ў дачыненні да Расіі праз вайну ва Украіне. Пад санкцыі трапілі мікраэлектроніка, сэнсары, лазеры, навігацыйныя сістэмы, а таксама тэлекам-абсталяванне. Меркавалася, што абмежаванні закрануць прадукты, зробленыя не толькі ў ЗША, але і тыя, што зробленыя ў іншых краінах з удзелам амерыканскіх тэхналогій.
Услед за ЗША ЕС таксама на пачатку сакавіка ўвёў новыя абмежаванні на імпарт тэхналогій у Беларусь. Пад санкцыі патрапілі перадавыя тэхналогіі, уключна з камп’ютарамі, электронікай, тэлекамунікацыйным абсталяваннем, датчыкамі і лазерамі.
Пры канцы сакавіка Паўднёвая Карэя таксама ўвяла абмежаванні на экспарт у Беларусь і Расію 57 нестратэгічных тавараў і тэхналогій. Пад санкцыі патрапілі, у прыватнасці, паўправаднікі і камп’ютарная тэхніка. Карэйскія кампаніі, зацікаўленыя ў экспарце тавараў са спісу, павінныя праходзіць асобную працэдуру ўзгаднення.
Читать на dev.by