Таемныя пункты і планы на Дэкрэт 3.0. Разбіраем новы ўказ пра ПВТ
12 красавіка Лукашэнка падпісаў указ № 102 «Пра развіццё Парка высокіх тэхналогій», які змяшчае (паводле анонсу) «нестандартны падыход».
Цяпер ПВТ будуць кіраваць дзве дзяржарганізацыі, а рэзідэнты змогуць «бязвыплатна» спансіраваць бальніцы і спартовыя клубы. dev.by прааналізаваў дакумент.
Яшчэ ў сакавіку мінулага года ПВТ разаслаў рэзідэнтам лісты з праектам змяненняў умоў працы для ІТ-кампаній.
У праект планавалі ўключыць, напрыклад:
- адтэрміноўку ад прызыву для працаўнікоў кампаній-рэзідэнтаў;
- мараторый на ўсе праверкі, крымінальныя справы ў ІТ па эканоміцы ды інш.;
- па магчымасці зніжэнне падаходнага падатку (вярнуць 9%);
- мараторый на пагаршэнне дзейнага заканадаўства пра ПВТ, у тым ліку па валютнай выручцы («калі, не дай Божа, будуць нейкія змены»);
- дапамогу дзяржавы кампаніям па знешнегандлёвых плацяжах (альтэрнатыўныя валюты, UnionPay ды інш.).
У лістах дырэктар ПВТ Усевалад Янчэўскі паведамляў, што «ідэі ўжо ўнеслі ва ўрад» і «тлумачэнні і аргументы чуюць не толькі ва ўрадзе, але і ў шэрагу сілавых структур».
Ва ўказ № 102 гэтыя ідэі не ўвайшлі. У дакуменце мала змен, якія б тычыліся беспасярэдне ўмоў працы кампаній-рэзідэнтаў і іх працаўнікоў. Дакумент апісвае рэструктурызацыю самога ПВТ як дзяржаўнага органа.
Магчыма, новыя арганізацыі, якія цяпер будуць кіраваць ПВТ, зоймуцца рэалізацыяй нейкіх з пунктаў ліста да рэзідэнтаў.
Напрыклад, ва ўказе прапісана, што кіруючая кампанія будзе вырашаць пытанне паступлення плацяжоў у Рэспубліку Беларусь, а сакратарыят Назіральнай рады (яна зойме месца Адміністрацыі Парка) будзе ўзаемадзейнічаць з ваеннымі камісарыятамі.
Ва ўказе згадваецца «комплексны заканадаўчы акт, які вызначае прававыя асновы дзейнасці ПВТ». Яго мае падрыхтаваць Савет Міністраў да канца 2024 года.
За дзень да публікацыі ўказа Лукашэнка сабраў нараду па пытаннях развіцця ПВТ і акрэсліў задачы: «асвоіць новыя рынкі», «замясціць заходнія інвестыцыі азіяцкімі», «ствараць прадукт для патрэб нацыянальнай эканомікі і экспарту».
Галоўнае ва ўказе № 102
Глабальных змяненняў ва ўказе два:
1) З’яўленне кіруючай кампаніі ў структуры ПВТ.
Функцыі кіруючай кампаніі ў дакуменце прапісаныя даволі абстрактна.
Яна зоймецца стратэгічным развіццём: «будзе прадстаўляць Парк пры ўзаемадзеянні з замежнымі партнёрамі, аказваць рэзідэнтам парка садзейнічанне ў пашырэнні экспарту, выхадзе на новыя рынкі і прыцягненні замежных інвестыцый».
Таксама кіруючая кампанія будзе арганізоўваць «паступленне плацяжоў у Рэспубліку Беларусь» і садзейнічаць стварэнню «даччыных (матчыных) кампаній рэзідэнтаў ПВТ у замежных юрысдыкцыях».
Савет міністраў Беларусі мае вызначыць юрыдычную асобу, на якую «ўскладаюцца функцыі кіруючай кампаніі».
Кіруючая кампанія будзе мець доступ да інфармацыі пра вынікі дзейнасці рэзідэнтаў у ПВТ, у тым ліку той, што месціць камерцыйную тайну.
Цікава, што кіруючая кампанія сама мае права весці прадпрымальніцкую дзейнасць.
2) адміністрацыя ПВТ ператвараецца ў сакратарыят Назіральнай рады ПВТ.
Галоўны выканаўчы орган ПВТ — Адміністрацыя — будзе распушчаны. І на яго месцы з’явіцца сакратарыят Назіральнай рады ПВТ. Цяпер менавіта сакратарыят будзе працаваць з рэзідэнтамі Парка, у тым ліку прымаць новых рэзідэнтаў.
Функцыі сакратарыята ў асноўным ідэнтычныя функцыям старой Адміністрацыі (яны прапісаныя ў Дэкрэце пра ПВТ).
З новага: асобна згадваецца задача сакратарыята працаваць з арміяй у пытаннях прызыву.
«Ажыццяўляць узаемадзеянне з ваеннымі камісарыятамі, арганізацыямі ўзброеных сіл, а таксама іншых воінскіх фармаванняў у пытаннях прызыву на службу працаўнікоў рэзідэнтаў ПВТ. Уключаючы накіраванне хадайніцтваў аб праходжанні службы ў рэзерве, службы ў спецыяльных падраздзяленнях інфармацыйных тэхналогій, вызваленні ад праходжання вайсковых і спецыяльных збораў».
Фінансавацца сакратарыят будзе, як і адміністрацыя, з адлічэнняў у Фонд ПВТ. Гаворка пра той самы 1% падатку для рэзідэнтаў, які часова падвышалі ў 2022 годзе.
Начальніка сакратарыята прызначае старшыня Назіральнай рады (цяпер гэта Мікалай Снапкоў, віцэ-прэм’ер).
Што яшчэ новага
- Для рэзідэнтаў пашырылі спіс арганізацый, у якія можна пасылаць «бязвыплатную (спонсарскую) дапамогу». Згодна з Дэкрэтам пра ПВТ, рэзідэнты маглі аказваць такую дапамогу толькі ўстановам адукацыі (п. 19, Палажэнне пра ПВТ). Цяпер ІТ-кампаніі маюць права «бязвыплатна» дапамагаць яшчэ і ўстановам аховы здароўя, арганізацыям фізічнай культуры і спорту.
Шмат таямніц
- Сем пунктаў указа схаваныя пад грыфам «для службовага карыстання». Чатыры з іх (пункты 2.10-2.13) маюць дачыненне да часткі дакумента, у якой апісваюцца змены для рэзідэнтаў ПВТ. Яшчэ два (8-9) — у частцы пра задачы Савета Міністраў у дачыненні да рэарганізацыі ПВТ. Адзін таемны пункт тычыцца змен папярэдніх указаў Лукашэнкі.
Што думаюць удзельнікі рынку
Спыталі кіраўнікоў кампаній і юрыстаў, нашто наогул прынялі 102-ы ўказ. Першая рэакцыя — неразуменне. Маўляў, ніякіх відавочных змен указ не нясе. Другая рэакцыя — вылучэнне гіпотэз, якія, зрэшты, не маюць важкіх аргументаў. З рэзідэнтамі распрацоўшчыкі ўказа, здаецца, не раіліся.
Версія 1. Гэта палітычная гульня розных груп у атачэнні Лукашэнкі за ўплыў у ПВТ
«Магчыма, стане больш зразумела, наколькі гэтая версія дакладная, калі абвесцяць склад кіраўніцтва кіруючай кампаніі».
Версія 2. Уся справа ў пунктах для службовага карыстання
«Хаця гэта малаверагодна. Калі адзінай мэтай было правесці змены, схаваныя ад вачэй шырокай публікі, то можна было б ціха, без помпы, выдаць указ/дэкрэт з някідкай назвай «Аб унясенні некаторых змяненняў у некаторыя дэкрэты» і зрабіць там пару паправак, якія былі б схаваныя за фармулёўкай «для службовага карыстання».
Версія 3. Паказаць значнасць ПВТ
«Трэба надаць значнасць праекту, паказаць, што ПВТ працуе і нават паспяхова развіваецца. Новых ільгот даць не могуць, бо гэта нагрузка на бюджэт, дый праект рухаць асабліва няма каму. Таму з’яўляецца такі дакумент».
Але можа, ёсць і эканамічны сэнс?
Фаўндар сэрвіснай кампаніі, СЕО стартапа:
— Я слаба сабе ўяўляю, як дзяржаўная кампанія можа дапамагаць прыватным тэхналагічным кампаніям у пошуку інвестыцый. Але буду рады памыляцца. Магчыма, з Азіяй (здаецца, маецца на ўвазе перш за ўсё Кітай) гэта спрацуе. Паглядзім.
Многія прадуктовыя кампаніі з’ехалі, бо офісы ў Беларусі негатыўна ўплывалі на іх рэпутацыю. Гэта адбываецца з заходнімі кампаніямі. Для Кітая ж знаходжанне офіса ў Беларусі не будзе праблемай. Калі ствараць бізнэсы, якія працуюць на Кітай, можна гэта рабіць і ў Беларусі.
Але атрыманню інвестыцый больш бы дапамагло, калі б у дачыненні да ўладальнікаў ІТ-кампаній не ўводзілі санкцый, якія забараняюць прадаваць актывы. Кожны інвестар плануе ў выніку прадаць кампанію, каб вярнуць грошы. І калі ён бачыць, што інвестарам, якія ўжо прыйшлі, абмяжоўваюць угоды з актывамі, гэта занадта вялікая рызыка для яго.
Паколькі я прыхільнік ліберальных эканамічных поглядаў, то лічу любую спробу дзяржавы ўмешвацца ў бізнэс (за выключэннем антыманапольных мерапрыемстваў) загадзя правальнай. Яна альбо не ўзляціць, альбо першы час будзе здавацца, што ўсё ідзе па плане, але перакосы будуць назапашвацца і ў выніку прывядуць да крызісу.
Вы можаце падтрымаць dev.by рознымі спосабамі, напрыклад, хуткім данатам проста цяпер:
Читать на dev.by