У Кітаі Tesla Model Y стала прычынай смерці двух чалавек. Кампанія заяўляе, што электрамабіль не вінаваты
У правінцыі Гуандун адбылася аўтакатастрофа з удзелам электрамабіля Tesla Model Y. У выніку аварыі загінулі два чалавекі і атрымалі раненні трое.
У кітайскіх сацсетках з’явіўся запіс з відэакамер, на якім відаць Tesla Model Y, якая спрабуе прыпаркавацца, а потым паскараецца на двухпалоснай дарозе. Электрамабіль імкліва перашыхтоўваецца з паласы ў паласу і чапляе машыны, матацыклы і ровары. У выніку машына ўрэзалася ў вітрыну праз 30 секунд і 2,6 кіламетра пройдзенага шляху. Адзін з сямейнікаў чалавека, які знаходзіўся за стырном, заявіў, што ў кіроўцы ўзніклі праблемы з тармазной сістэмай. Сам кіроўца застаўся жывы, атрымаўшы некаторыя траўмы.
У кампаніі заявілі, што логі з бартавога камп’ютара электрамабіля сведчаць, што педаль тормазу не ўжывалася падчас інцыдэнту, значную частку часу была націснутая педаль акселератара. На відэа бачна, што тармазныя агні ўсё ж загараліся, але на вельмі кароткі час. Цяпер паліцыя разам з незалежным экспертным агенцтвам высвятляе абставіны здарэння. Раней Tesla неаднаразова абвінавачвалі ў збоях сістэм электрамабіляў. На гэта ў кампаніі адказвалі, што «непрадбачаныя паскарэнні» ў электрамабілях не зарэгістраваныя.
Нацыянальная адміністрацыя дарожнага руху (NHTSA) ЗША заяўляла, што ўсе паскарэнні такога роду ў Tesla здараліся па віне кіроўцаў і не звязаныя з канструкцыяй або аўтаматычнымі сістэмамі саміх аўтамабіляў. Карыстальнікі ў сацсетках мяркуюць, што машына спрабавала прыпаркавацца, а потым аўтаматыка выйшла з-пад кантролю. Таксама выказваюцца здагадкі, што рухавік транспартнага сродку занадта магутны, каб з ім маглі справіцца тармазы.
Читать на dev.by