Цім Кук назваў пяць кніг, якія на яго вельмі моцна паўплывалі
Многія аўтарытэтныя топ-менеджары — сапраўдныя кнігалюбы. Уорэн Бафет на пачатку кар’еры інвестара мог паглынуць тысячу старонак на дзень і дагэтуль шмат чытае. Джэф Безас ладзіў кніжныя клубы для топ-менеджменту, а сённяшні ІТ-гігант Amazon пачынаўся менавіта як анлайн-крама па продажы кніг. Ілан Маск у юнацтве вельмі цікавіўся навукова-фантастычнай літаратурай. Біл Гейтс рэгулярна публікуе падборкі ўпадабаных твораў.
Цім Кук не выключэнне. У нядаўнім інтэрв’ю брытанскай выканаўцы Dua Lipa на ВВС гендырэктар Apple назваў пяць кніг, якія фармавалі яго як асобу.
1. «Забіць перасмешніка», Харпер Лі
Гэты раман-бэстсэлер амерыканскай пісьменніцы ўключаны ў школьную праграму ў ЗША. «Я думаю, ён не толькі для школьнікаў, але і для ўсіх нас», — лічыць Кук.
2. «Прадавец абутку. Гісторыя кампаніі Nike, расказаная яе заснавальнікам», Філ Найт
«Яна задумвалася як кніга пра бізнэс, але гэта кніга пра жыццё. Яна цудоўная», — так адгукаецца Кук пра мемуары стваральніка аднаго з самых вядомых у свеце спартыўных брэндаў.
3. «Калі дыханне распускаецца ў паветры. Часам лёсу ўсё роўна, што ты доктар», Пол Каланіці
Кук назваў «фенаменальнымі» мемуары таленавітага нейрахірурга. У іх Каланіці адлюстраваў сваю барацьбу з ракам лёгкіх на апошняй стадыі, падзяліўся разважаннямі аб смяротнасці, хваробе і медыцыне. Кніга была апублікаваная пасля смерці аўтара ў 2015 годзе.
4. «Я — Малала», Малала Юсуфзай, Крысціна Лэмб
«Мне падабаецца гісторыя Малалы і яе захапленне тэмай адукацыі дзяўчатак. Мы супрацоўнічаем з ёй, і тое, што яна робіць, проста неверагодна», — адзначыў Кук.
Аўтабіяграфія Малалы была падрыхтаваная ў суаўтарстве з брытанскай журналісткай і ваенкарам Крысцінай Лэмб. У ёй апісаныя раннія гады дзяўчыны, яе актыўнасць і замах на забойства, якое адбылося, калі ёй было 15 гадоў.
Apple і Фонд Малалы (Malala Fund) запартнёрыліся ў 2018 годзе, каб забяспечыць базавую адукацыю 100 тысячам дзяўчатак з уразлівых слаёў. Таксама Малала супрацоўнічае з Apple TV+.
5. Біяграфіі Марціна Лютэра Кінга і Роберта Кэнэдзі
«Я люблю чытаць біяграфіі Марціна Лютэра Кінга і Роберта Кэнэдзі і іншых вялікіх людзей, якія прасоўвалі грамадзянскія правы», — сказаў Кук. Ён не прывёў канкрэтных кніг, але жыццё Кэнэдзі апісвалі Тэрстан Кларк і Крыс Мэцьюз, а адная з самых вядомых біяграфій Кінга была сабраная гісторыкам і дакументалістам Клэйбарнам Карсанам.
Читать на dev.by