Tinkoff адкрые ІТ-хаб у Мінску для 900 супрацоўнікаў
Расійская група Tinkoff арандавала 10 000 кв. метраў офісных памяшканняў у мінскім комплексе на праспекце Незалежнасці для адкрыцця новага ІТ-цэнтра. Дамова доўгатэрміновай арэнды заключаная з «дачкой» Сбера — кампаніяй «Эліт Эстэйт». У Tinkoff заявілі, што гэта адная з найбуйнейшых угод на рынку офісаў Мінска.
Новы ІТ-хаб разлічаны на 900 чалавек. Пераезд супрацоўнікаў запланаваны на восень 2024 года. У гэты момант цэнтр распрацоўкі лічбавых прадуктаў Tinkoff у Мінску размешчаны на праспекце Пераможцаў.
Паводле даных Forbes, сярэдняя стаўка на офісныя памяшканні класа А ў Мінску — 17-20 еўра за 1 кв. метр на месяц з улікам выдаткаў на эксплуатацыю і ПДВ. Пры гэтым Tinkoff можа атрымаць пэўны дысконт. У гэтым выпадку штогадовыя выдаткі расійскай групы на офіс будуць на ўзроўні 1,6-1,9 мільёна еўра.
Tinkoff адкрыў першы офіс у Мінску летам 2021 года. Пры канцы мінулага года кампанія адкрыла рэгіянальны офіс у Брэсце. За амаль тры гады каманда Tinkoff у Беларусі вырасла да 600 чалавек. Паводле слоў старшыні праўлення Tinkoff Станіслава Блізнюка, найбліжэйшымі гадамі кампанія плануе павялічыць штат да 2 тысяч супрацоўнікаў.
Читать на dev.by