«Апалячыўся». Як змяніліся традыцыі святкавання Калядаў і Новага года ў рэлакантаў
Канал для айцішнікаў у Польшчы Dzik Pic сабраў гісторыі сваіх чытачоў: хтосьці расказаў, што гэтай зімой упершыню ў жыцці «вянок зрабіў», а хтосьці стаў «два разы адзначаць свята ў снежні». Больш гісторый — ніжэй.
«Стаў хадзіць ў касцёл. Ад беларуса не засталося і сляда»
— Стаў любіць перогі więcej ніж пельмені, купляю карпа на Вігілію, ялінку на ёлкабранні са смажаннем кілбас і іншага на Мікалайкі. [Дару] падарункі дзецям на Вігілію і Мікалайкі, стаў хадзіць у касцёл. Карацей, ад беларуса не засталося і сляда.
«Адзначаю толькі Новы год, прыкладна гэтак жа, як і раней»
— Ніяк не змяніліся. Аніякіх карпаў не ем, на Каляды ўсё роўна, для мяне гэта проста выходны дадатковы. Адзначаю толькі Новы год, прыкладна гэтак жа, як і раней. Вялікага стала, як раней, няма. Але тое, што гэта адное галоўнае свята зімой, да якога рыхтуюся, вось гэта дакладна як раней.
«Проста звычайная вячэра з аплаткай максімум»
— Усе мае каталіцкія традыцыі сышлі ў нябыт з міграцыяй у Польшчу. Бо няма родных тут, з якімі звычайна сустракаемся. Ну і плюс не люблю гатаваць. Усе стравы заўсёды гатавалі бабуля, мама і цётка. А тут проста звычайная вячэра з аплаткай максімум (opłatek wigilijny, прэсны тонкі кавалачак цеста, які прынята есці на Каляды — заўв. рэд.).
«Суседзі і гаспадары кватэры дораць падарункі, сёлета плануем быць у поўным узбраенні»
— Складана, вядома, казаць пра традыцыі, калі мы тут толькі адзін Новы год адзначалі. Але дакладна традыцыяй стане паход у касцёл перад Калядамі. І хоць мы з мужам атэіст і агностык, усё роўна атмасфера ў касцёлах асаблівая, а напярэдадні Калядаў наогул вельмі прыгожа там.
Яшчэ мы былі здзіўлены таму, што суседзі і гаспадары кватэры дораць падарункі, у гэтым годзе плануем быць у поўным узбраенні — гатовымі падарыць нешта ў адказ. Яшчэ традыцыяй дакладна стане торт з любімых кармоў для кошкі, які яна здужвае толькі напалову, а потым засынае — гэта вельмі нагадвае канцэпцыю беларускага застолля.
«Знік дух Новага года, а з’явіўся дух Калядаў. Гэта дзіўна»
— Свята дакладна страціла ў маштабе. Раней гэта была нагода сабраць вялікую сям’ю, прыгатаваць «навагоднія» салаты (аліўе толькі ў ноч з 31 снежня на 1 студзеня елі). Яшчэ ў нас была традыцыя дарыць маленькія сувеніры ў выглядзе сімвалаў года. Ялінку мы ўпрыгожвалі заўсёды ў адным стылі: старыя цацкі, гірлянда, дожджык — усё гэта, натуральна, пераходзіла па спадчыне ад пакалення да пакалення. Нават ялінка ў нас з 50-х гадоў была.
У Польшчы ўсё інакш. Мы тут з мужам удваіх, таму стол складаецца з нарэзак сыроў і каўбас, ну і аліўе (але аснова цяпер не каўбаса, а сасіскі). Ялінка сапраўдная, бо толькі каля нашага дома тры пункты, дзе яны прадаюцца (чаму б і не купіць), плюс у двары заўсёды ёсць кантэйнер для іх утылізацыі.
Упрыгожваем мы яе цяпер таксама па-іншаму: арыентуемся не на шарыкі ў камодзе, а модныя ідэі з Pinterest. Падарункаў пад ялінкай таксама няма (але тут без крыўд).
Але самае галоўнае — знік дух Новага года, а з’явіўся дух Калядаў. Для мяне, чалавека з праваслаўнай сям'і, гэта дзіўна. Раней мы 25 снежня толькі пачыналі рыхтавацца да святаў, а ў Польшчы пасля 25-га ўжо нічога добрага навагодняга не купіць (тую ж ялінку!). Але за калядныя кірмашы стаўлю падабайку.
Увогуле, Новы год тут — гэта цікавы досвед, але ў наступным годзе паедзем да родных.
«Каляды — баршчык з вушкамі, рыбка, калядныя песенькі, Кэвін»
— Я зусім апалячыўся. Новы год — выпіць шампанскага, паглядзець навагодні канцэрт і спаць. Каляды — баршчык з вушкамі, рыбка, калядныя песенькі, Кэвін, сямейная атмасфера.
«Чацвёрты год выязджаем на калядныя кірмашы»
— Ніяк не памяняліся. Адзінае, ужо чацвёрты год выязджаем у іншыя гарады на пару дзён на калядныя кірмашы (і кожны раз гарыць ад таго, якая ганьба ў нас у Варшаве).
«Спадабалася, што ўвесь снежань можна ствараць святочную атмасферу»
— Гляджу любімых польскіх блогераў, якія робяць Vlogmasy ад 1 снежня, і зараджаюся святочнай энергіяй. Бяру ад іх тое, што падыходзіць нашай сям'і: ўпрыгожванне дома (ялінка, дэкор кватэры, навагоднія ўпрыгажэнні ў кожным памяшканні ў меру разумнага), каляндар адвэнтовы (хоць не знайшлісёлета па душы), падарунак дзіцяці пад падушку на Мікалайкі…
Ежу — пірогі, карпа, журэк… Усе варыянты спрабуем. Спадабалася, што ўвесь снежань можна ствараць святочную атмасферу ў плане ўпрыгожванняў, страў, падарункаў, а не адзін дзень.
«З вялікага тлустага стала да вясёлай ночы з невялічкімі закускамі»
— З пераездам у Польшчы сапраўды стаўленне да гэтага свята змянілася. Раней канец снежня быў тыповымі працоўнымі днямі. Так, каляднае свята было, але прывык адпачываць на пачатку студзеня. У тыя часы не мог сабе ўявіць, як можна працаваць другога студзеня, чаму гэта не дзяржаўны выхадны? Асабліва ў часы ўніверсітэта, злавала, калі ставілі экзамен на 2-3 студзеня.
Цяпер для мяне святочнымі больш лічацца 20-я чыслы снежня. Аддаю перавагу гэтым дням для вакацый/адпачынку. Новы год стаў не такім вялікім святам, а пайсці на працу 2 студзеня ўжо не з’яўляецца праблемай. Так, працую павольней, але гэта ўжо тыповы дзень.
Наконт самога святкавання, то, безумоўна, змянілася на 100%. Бо ў Беларусі заўсёды святкаваў з сям’ёй, салатамі і «Кіркоравым і Галкіным» (выбачце, самому крынджова). Таму Новы год заўсёды асацыяваўся з сям’ёй.
Цяпер жа святкую с сябрамі ў лёгкай форме: аліўе прысутнічае, але няма вялікіх страў, больш лёгкіх закусак. І не сядзім дома цэлую ноч, а ідзём кудысьці танцаваць.
Таму свята змянілася з «вялікага святочнага тлустага сямейнага стала» да «вясёлай ночы з невялічкімі закускамі».
P. S. Памятаю, штогод былі жарты пра тое, што першы тыдзень студзеня лічаць самым тлустым, бо ўсе ядуць і п’юць. Цяпер гэта просты працоўны тыдзень з прысмакам каляднага свята.
Читать на dev.by