Трамп патрабуе ад Microsoft звольніць топ-менеджарку
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп хоча, каб Microsoft неадкладна звольніла выканаўчага дырэктара па глабальных пытаннях Лізу Манака. Такі допіс ён апублікаваў у сваёй сацсетцы Truth Social у пятніцу.
Трамп назваў Манака пагрозай нацыянальнай бяспецы краіны, асабліва з улікам дзяржкантрактаў тэхгіганта. Ён таксама паведаміў, што ёй закрылі доступ да сакрэтнай дзяржаўнай інфармацыі (гэта адбылося ў лютым), а таксама забаранілі знаходзіцца на федэральных аб’ектах з-за «шматлікіх няправамерных дзеянняў».
Манака была намеснікам генпракурора ў адміністрацыі Джо Байдэна і дарадцам па бяспецы ў адміністрацыі Барака Абамы. Як адзначае Reuters, Манака каардынавала рэакцыю Мінюста ЗША на напад прыхільнікаў Трампа на Капітолій 6 студзеня 2021 года. Сваю цяперашнюю пасаду ў Microsoft, у рамках якой яна курыруе адносіны кампаніі з урадамі ўсяго свету, Манака заняла ў ліпені.
Па паведамленні Business Insider, у мінулы чацвер Microsoft разаслала супрацоўнікам емэйл пра тое, што адключыла доступ да некаторых воблачных і ШІ-паслуг аднаму з падраздзяленняў Мінабароны Ізраіля. Гэтаму папярэднічалі пратэстныя акцыі супрацоўнікаў і ўнутранае расследаванне заяваў, што Ізраіль стварыў сістэму для праслухоўвання тэлефонных званкоў палесцінцаў. У публічным блогпосце ў той жа дзень кампанія заявіла, што не дапускае выкарыстання сваіх тэхналогій для сачэння за людзьмі.
Читать на dev.by