Адміністрацыя Дональда Трампа ўвяла мыты ў памеры 10% і 12,5% на тавары з 60 краін і тэрыторый. Новыя тарыфы распаўсюджваюцца на 99,4% амерыканскага імпарту, аднак для шэрагу катэгорый прадугледжаны выключэнні.
Адміністрацыя Дональда Трампа ўвяла мыты ў памеры 10% і 12,5% на тавары з 60 краін і тэрыторый. Новыя тарыфы распаўсюджваюцца на 99,4% амерыканскага імпарту, аднак для шэрагу катэгорый прадугледжаны выключэнні.
Белы дом патлумачыў рашэнне недастаткова жорсткай барацьбой гандлёвых партнёраў з таварамі, вырабленымі з выкарыстаннем прымусовай працы. Мыты ўступаюць у сілу 24 ліпеня — адначасова з заканчэннем дзеяння часовага глабальнага тарыфу ў памеры 10%.
Кітай, Аўстралія, Бразілія, Сінгапур і шэраг іншых краін трапілі ў групу са стаўкай 12,5%. Для Аргенціны, Вялікай Брытаніі, Індыі, Інданезіі, Канады, Мексікі, Малайзіі і яшчэ некалькіх дзяржаваў уведзены тарыф у памеры 10%. Для Еўрасаюза, Тайваня, Японіі, Паўднёвай Карэі і Швейцарыі канчатковая стаўка з улікам ужо дзеючых мытаў складзе 10% або 12,5%.
Новыя тарыфы ўведзены на падставе раздзела 301 Закона аб гандлі 1974 года. Гэты механізм дазваляе Вашынгтону ўжываць абмежаванні ў адказ на гандлёвыя практыкі іншых краін і лічыцца юрыдычна больш устойлівым за папярэднюю схему.
У лютым Вярхоўны суд ЗША скасаваў «узаемныя» мыты Трампа ў памеры ад 10% да 50%, якія адміністрацыя ўвяла на падставе закона аб надзвычайных паўнамоцтвах. Пасля гэтага Белы дом часова ўвёў адзіны тарыф у 10% на 150 дзён. Новыя мыты фактычна захоўваюць мінімальны тарыф амаль на ўвесь імпарт пасля заканчэння часовай меры.
Ад мытаў вызвалілі нафту і газ, угнаенні, некаторыя прадукты харчавання, а таксама тавары, на якія ўжо распаўсюджваюцца спецыяльныя тарыфы па меркаваннях нацыянальнай бяспекі, уключаючы аўтамабілі, сталь, алюміній і медзь. Выключэнні прадугледжаны і для прадукцыі, якая адпавядае ўмовам гандлёвага пагаднення паміж ЗША, Канадай і Мексікай.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.