«Пёр з працы папяровыя ручнікі». Айцішнікі дзеляцца гісторыямі пра крынджовыя звычкі калег
Ці памятаеце навіну пра тое, як мянчук яшчэ ў калоніі асвоіў ІТ-спецыяльнасць, а затым уладкаваўся працаваць праграмістам — і скраў на новай працы некалькі ноўтбукаў і графічны планшэт? Распыталі чытачоў, якія ў іх былі калегі з дзіўнымі звычкамі і ці зарабляў хто крадзяжом. Спойлер: так, але па дробязі — выносілі печыва і туалетную паперу ў асноўным.
«Набіраў у пластыкавыя „баклажки“ ваду і йшоў на паркоўку — мыць колы свайго аўтамабіля»
Уладзімір, senior backend developer, 10+ гадоў у распрацоўцы:
— У часы працы ў мінскім EPAM гадоў 7-8 таму быў у мяне калега, Java-распрацоўшчык, які кожны дзень па прыездзе на працу ішоў на кухню, набіраў у пластыкавыя «баклажкі» ваду і йшоў з імі на паркоўку — мыць колы свайго аўтамабіля.
Казалі, што ў яго яшчэ быў спецыяльны пэндзлік для вымятання пылу з-пад дворнікаў на лабавым шкле. А на працоўным месцы ў яго была свая «мыйка паветра», якая чысціла паветра ў памяшканні ад пылу і ўвільгатняла атмасферу, а таксама датчык вуглякіслага газу.
Нейкі час я працаваў з гэтым чалавекам на адным праекце. Часам ён упарта стаяў на сваім і не прымаў чужых довадаў. У абмеркаваннях непрацоўных тэм быў трохі «таксічн» і так жа сама не прызнаваў аргументаў, якія не вязаліся з ягоным меркаваннем.
«Накідваўся на скрынкі з печывам — і згружаў іх змесціва ў пакет»
Кірыл, фул-стэк распрацоўшчык, 13+ гадоў у ІТ:
— Аднаго майго калегу за вочы ў офісе клікалі містэрам Кукіс, таму што ён увесь час аціраўся на кухні ў чаканні, пакуль прывязуць печыва. А потым накідваўся на скрынкі — і згружаў іх змесціва ў пакет, які даставаў з кішэні.
Калі яму рабілі заўвагі (маўляў, так няможна паступаць — ты не пакідаеш нічога іншым калегам, якія, можа быць, прыйдуць пазней), ён адказваў: «А што такога? Я вярнуся на сваё працоўнае месца і буду есці там. Гэта тое ж самае, як калі б я паклаў печыва на талерку і з’еў на кухні».
Вось толькі ніхто і ніколі не бачыў, каб ён еў печыва, седзячы за сваім камп’ютарам. Ён выносіў усё дадому. Сям'і ў яго не было, ён быў маладым хлопцам 25+ і жыў з мамай.
А яшчэ мае калегі жартам пакеплівалі з эйчара: маўляў, больш не пішы ў вакансіях пра пячэнькі, а то вунь якія тыпы на гэта вядуцца — што печыва іншым не застаецца.
«Падыходзіў так блізка, што станавілася душна, мог паправіць ланцужок у цябе на шыі»
Юлія, тэсціроўшчыца, у ІТ 4 гады:
— У калегі на мінулым месцы працы была крынджовая звычка ўрывацца пры размове ў асабістую прастору суразмоўцы.
Ён падыходзіў так блізка, што асабіста мне станавілася душна, мог няўзнак дакрануцца да суразмоўцы, паправіць ланцужок або каўнерык у цябе на шыі. Спачатку я маўчала, таму што часцей за ўсё гэта я звярталася да яго першай па дапамогу або параду, але пасля сказала, што мне непрыемна, калі такім чынам парушаюць мае асабістыя межы. Ён папрасіў прабачэння: «Сонца, я не спецыяльна», — але рабіць так не перастаў. Таму я паспрабавала згарнуць афлайн-камунікацыю з ім. Усё толькі ў чаце.
Ён, дарэчы, быў сама прыязнасць, і іншая калега, з якой я падзялілася думкамі, не бачыла нічога такога ў гэтым (а ён так размаўляў не толькі са мной).
«Пёр з працы папяровыя ручнікі і ставіў іх на бачок унітаза, маўляў, гоп — карыстайцеся»
Ганна, ІТ-капірайтарка:
— Калісьці даўно здымала кватэру з людзьмі з Wargaming, і ў нас было размеркаванне абавязкаў па хаце — мы па чарзе куплялі ўсякія бытавыя патрэбнасці накшталт мыйных сродкаў або мыла, таму што кухня і ванная была ў нас на ўсіх адная.
І адзін з суседзяў чытарыў: ён пёр з працы папяровыя ручнікі і ставіў іх на бачок унітаза, маўляў, гоп — карыстайцеся. Згрызотамі сумлення зусім не мучыўся і быў вельмі здзіўлены словам, што змываць выкарыстаныя ручнікі ў каналізацыю ні ў якім разе няможна.
Пазней, калі я расказала пра гэта свайму мужу, ён у адказ расказаў мне гісторыю пра тое, як у EPAM студэнты, якія наведвалі лабараторыі, кралі з кухні гарбату, а хтосьці — і туалетную паперу. Але гэтага застранца так і не змаглі вылічыць.
«Проста браў у каго-небудзь са стала кубак — і ішоў на кухню»
Максім, франтэнд-распрацоўшчык, у ІТ — 6+ гадоў:
— У мяне быў дзіўны калега, які мог як нічога ніякага ўзяць з лядоўні чужы ёгурт і з’есці. Некалькі разоў ён з’ядаў няшмат — і вяртаў у лядоўню прама з лыжкай, якая тырчала са слоіку (не спадабалася ці што?).
Яшчэ ён карыстаўся чужымі кубкамі: проста браў у каго-небудзь са стала (каго не было ў той момант на працоўным месцы) — і ішоў на кухню. І ніхто не бачыў, каб ён мыў кубкі — ані да таго, як зрабіць сабе каву, ані пасля. Проста пакідаў на кухні — нават не тклапаціўся аднесці на месца. Іншыя калегі з часам нават сталі хаваць свае кубкі ў шуфлядкі сталоў.
З ім размаўлялі. Без скандалу, проста: «Ты б хоць мыў кубкі і вяртаў на месца». І нагадвалі, што на кухні таксама ёсць агульныя кубкі — можна іх выкарыстоўваць. Ён глядзеў у адную кропку і маўчаў.
«Увесь час хадзіў да эйчараў, каб выпрасіць другі асобнік — для жонкі»
Лізавета, прадуктовая дызайнерка, у ІТ — 10 гадоў:
— Гадоў 5 таму працавала ў кампаніі, якая раздавала сваім супрацоўнікам вельмі нядрэнны мерч. І адзін мой калега ўвесь час хадзіў да эйчараў, каб выпрасіць другі асобнік — для жонкі.
Калі яшчэ адну майку, футболку, талстоўку або дажджавік атрымаць не было праблемай, то добры і дарагі заплечнік — вядома, не. А на Новы год супрацоўнікі атрымалі ад кампаніі крутыя навушнікі, дык вось той хлопец пытаўся ў калег, ці не перапрадасць хто яму свае, а то яго жонка таксама такія хоча.
Читать на dev.by