Якім ІТ увайшоў у 2024: заробак у $ упаў, адток запаволіўся, рэзідэнтаў ПВТ менш

Паглядзелі, як за апошні год змянілася беларуская ІТ-галіна. Параўналі заробкі, колькасць супрацоўнікаў і рэзідэнтаў ПВТ, а таксама ўплыў ІТ на эканоміку. 

153 каментарыя

Сярэдні заробак

  • 2023 (студзень-лістапад): 6680,7 рубля або 2237 долараў па сярэднім курсе Нацбанка Беларусі
  • 2022 (студзень-лістапад): 6455,3 рубля або 2459 долараў па сярэднім курсе Нацбанка Беларусі

Сярэдні заробак у ІТ у рублях летась рос адносна 2022 года на фоне росту курсу асноўных валют. Калі за 2022 год сярэдні курс долара склаў 2,62 рубля, то за 2023 год ён вырас амаль на 15% да 3 рублёў.

Да мая айцішнікі ў сярэднім атрымлівалі менш, ніж у 2022. Але апошнія 7 месяцаў назіраецца зваротная тэндэнцыя. У лістападзе заробак у ІТ склаў амаль 7 тысяч рублёў — на 21% больш, ніж у лістападзе 2022 года. 

Сумарна за студзень-лістапад сярэдні заробак у ІТ нязначна вырас у параўнанні з такім жа перыядам 2022 года (звесткі за ўвесь 2023 будуць пры канцы студзеня — заўв.) — усяго на 3,5%.

А вось заробак айцішнікаў у валюце (у доларах па курсе Нацбанка) наадварот большую частку мінулага года была ніжэйшым, ніж у 2022. Падзенне пачалося ад красавіка, а ў кастрычніку сярэдні заробак у ІТ у валютным эквіваленце ўпаў да мінімуму — да 2099 долараў. У лістападзе заробак крыху падрос і склаў 2206 долараў.

У выніку за студзень–лістапад мінулага года сярэдні заробак айцішнікаў у валюце ўпаў у параўнанні з такім жа перыядам 2022 года на 10% да 2 237 долараў (за 11 месяцаў 2022 — 2 459 долараў).

Адток ІТ-спецыялістаў

  • 2023 (студзень-лістапад): каля 6000
  • 2022 (студзень-лістапад): 15 440

Летась ІТ-сектар Беларусі губляў значна менш людзей, ніж у 2022. Усяго за студзень-лістапад, паводле нашых ацэнак, з сектара «выпала» каля 6 тысяч спецыялістаў — у 2,5 разы менш, ніж за такі ж перыяд 2022. 

Не ўсе айцішнікі, якія трапілі ў статыстыку адтоку кадраў, страчаныя для ІТ і/або Беларусі: хтосьці мог перайсці на ППД, хтосьці змяніць сферу дзейнасці. 

Адток спецыялістаў з ІТ-кампаній пачаў запавольвацца ад пачатку 2023 года. Калі амаль усю другую палову 2022 года ІТ-сектар губляў штомесяц ад 1,1 тысячы да 1,6 тысячы спецыялістаў, то ў першым квартале 2023 — менш за 750 на месяц (у сярэднім).

Увосень адток упаў да мінімальнага ўзроўню — менш за 500 спецыялістаў на месяц. А ў лістападзе, паводле нашых ацэнак, быў усталяваны антырэкорд за апошнія два гады — ІТ-сектар страціў усяго каля 200 чалавек. 

Фактары, якія паўплывалі на запаволенне адтоку айцішнікаў.

  • Многія айцішнікі, якія планавалі рэлакейт, ужо з’ехалі.
  • Адныя кампаніі згарнулі праграмы рэлакацыі, другія скарацілі бюджэты на пераезд супрацоўнікаў (у тым ліку скасавалі рэлакейт-бонусы) і рэлакуюць толькі кропкава. 
  • У замежных офісах многіх аўтсорс-кампаній дэфіцыт праектаў, гэта абцяжарвае пераезд спецыялістаў, якія хацелі б рэлакавацца ўнутры сваёй кампаніі.

Колькасць работнікаў у ІКТ

  • 2023 (студзень-лістапад) — 62 838
  • 2022 (студзень-лістапад) — 76 065

Ад 2023 года Белстат перастаў публікаваць у адкрытым доступе інфармацыю аб сярэдняспісачнай колькасці работнікаў у ІТ-сектары, пакінуўшы толькі агульныя даныя па сектары «інфармацыя і сувязь». 

Мяркуючы са статыстыкі, за 11 месяцаў мінулага года сярэдняспісачная колькасць работнікаў у ІТ і сувязі скарацілася ў параўнанні з 2022 годам на 17,5% да 62,8 тысячы.

Колькасць айцішнікаў у агульнай статыстыцы раней складала больш за 60%. Зыходзячы з гэтага можна прыкладна палічыць, колькі ІТ-спецыялістаў працавала ў кампаніях у 2023 годзе. Усяго атрымліваецца каля 40 тысяч. Для параўнання: у 2022 годзе сярэдняспісачная колькасць работнікаў у ІТ перавысіла 50 тысяч.

Сярэдняспісачная колькасць — гэта колькасць тых, хто працаваў на працоўнай дамове і хто выконваў пастаянную або часовую працу адзін дзень і больш.

Пры гэтым не ўлічваюцца спецыялісты, якія былі на бальнічным, у адпачынках без захавання заробку, а таксама ў адпачынках па цяжарнасці і родах і доглядзе дзіцяці да 3 гадоў.

Уплыў ІТ на прырост ВУП

  • 2023 (студзень-лістапад): мінус 1,0%
  • 2022 (студзень-лістапад): 0,0%

У лістападзе намеснік міністра эканомікі Андрэй Картун заявіў, што ў ІТ-галіне некалькі месяцаў назіраецца аднаўленчы трэнд. Аднак нават афіцыйная статыстыка паказвае, што сектар «інфармацыя і сувязь» застаецца асноўным «тормазам» эканомікі. Па выніках студзеня-лістапада ўнёсак ІТ і сувязі ў дынаміку ВУП — мінус 1%. Для параўнання: за такі ж перыяд 2022 года ўнёсак ІТ і сувязі ў ВУП быў у станоўчай зоне. 

Унёсак сектара «інфармацыя і сувязь» у ВУП у 2023

Унёсак сектара «інфармацыя і сувязь» у ВУП у 2022

Таксама летась упала доля ІТ і сувязі ў ВУП. Калі па выніках студзеня-лістапада 2022 года доля складала 6,8%, то па выніках студзеня-лістапада 2023 толькі 4,4%. 

Рэзідэнты ПВТ

  • На пачатак 2023: 1065
  • На пачатак 2024: 1018

За 2022–2023 гады ПВТ прыняў 130 новых рэзідэнтаў (уключаючы ІП), з іх у 2022 годзе — 66, сёлета — 64.

У параўнанні з 2021 годам набор рэзідэнтаў скараціўся ў 3 разы, а ў параўнанні з самым прадукцыйным 2019 годам амаль у 5 разоў (тады ў Парк увайшло 319 кампаній).

На сайце ПВТ пазначана, што на гэты момант у парку 1018 рэзідэнтаў. На пачатку 2022 года іх было 1065 і гэтая лічба не змянялася на працягу 2023 года. Атрымліваецца, за 2022–2023 гады з ПВТ сышло 170+ кампаній, або на 36% больш, ніж прыйшло.


Чытачы! Мы перажылі яшчэ адзін складаны год. У 2023 наша каманда працягвала сачыць за беларускім ІТ і трымала вас у курсе самага важнага.

Без вас у нас бы не атрымалася! Вы дзеліцеся з намі досведам і інсайдамі, расказваеце гісторыі, смешныя і сумныя, ствараеце дыскусіі — робіце ўсё, каб беларускае ІТ працягвала жыць нягледзячы на межы і адлегласці. dev.by быў і застаецца месцам сустрэчы нашых чытачоў, дзе б яны не знаходзіліся. 

Мы працягваем працаваць, у тым ліку дзякуючы вам. Сёлета нам заданацілі 678 чалавек. Гэта неверагодна кранальна і значна дапамагае нам працаваць далей і верыць у будучыню dev.by. Але нам усё яшчэ патрэбная падтрымка. Вашыя данаты дапамагаюць выплачваць заробкі журналістам.

Даб’ём да 700? Падтрымайце нас:

— Праз Patreon
— Праз Donorbox (калі вы ў Беларусі)
— Крыптой, тут гаманцы.

Дзякуй. З Новым годам!

Мінэканомікі: ІТ аднаўляецца ўжо чацвёрты месяц. Ці так гэта?
Па тэме
Мінэканомікі: ІТ аднаўляецца ўжо чацвёрты месяц. Ці так гэта?
Каким пришёл ИТ-сектор к 2023: власти посчитали прибыль и убытки
По теме
Каким пришёл ИТ-сектор к 2023: власти посчитали прибыль и убытки
Па заробку — № 1, але ён амаль не расце. Як маецца ІТ на фоне іншых галін
Па тэме
Па заробку — № 1, але ён амаль не расце. Як маецца ІТ на фоне іншых галін
У Беларусі стала больш «багатых» айцішнікаў. А айцішнікаў наогул — менш (Белстат)
Па тэме
У Беларусі стала больш «багатых» айцішнікаў. А айцішнікаў наогул — менш (Белстат)

Читать на dev.by