Цукерберг: мэта на найбліжэйшае дзесяцігоддзе — будаваць оўпэнсорсныя платформы і рабіць іх паспяховымі
У падкасце Acquired мінулага тыдня гендырэктар Meta Марк Цукерберг казаў пра канкурэнцыю, а таксама пра «ідэалагічную бітву» закрытай і адкрытай мадэляў распаўсюджвання софту.
«У нас шмат канкурэнтаў у мностве розных напрамкаў нашай дзейнасці, — адзначыў ён, кажучы аб аперацыйных сістэмах будучыні. — Ці будзе гэта закрытая інтэграваная мадэль, як гэта заўсёды было ў выпадку з Apple? Зноў жа, ёсць розныя спосабы будаваць рэчы. У эпоху ПК лідзіравала Windows з яе адкрытай экасістэмай».
Закрытая мадэль часцяком бяспечнейшая, бо зыходны код недаступны шырокай публіцы. Між тым адкрытая мадэль забяспечвае хутчэйшую распрацоўку і дэмакратычнейшая, бо ўсе ахвотныя могуць змяняць і распаўсюджваць код.
«Адная з маіх мэтаў на найбліжэйшыя 10-15 гадоў, на наступнае пакаленне платформаў, — гэта будаваць наступнае пакаленне адкрытых платформаў і прыводзіць іх да перамогі. Я думаю, што гэта зробіць тэхналагічную галіну значна больш насычанай», — дадаў мільярдэр.
Meta ўжо зрабіла захады ў гэтым кірунку. У 2023 годзе кампанія выпусціла мадэль Llama 2, якая неўзабаве стала папулярнай у ІТ-супольнасці. У гэтым ліпені выйшла Llama 3.1 і была сустрэтая з велізарным энтузіязмам.
Читать на dev.by